Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія беларусы. Аляксандар Клімук, беларускамоўны сьвятар з Падляшша, які адбудоўвае цэрквы за грошы Эўразьвязу


Пяць гісторыяў з Падляскага ваяводзтва: як беларусы карыстаюцца магчымасьцямі, якія даў ім уваход Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз.

Гісторыя трэцяя — пра сьвятара праваслаўнага прыходу вёскі Востраў Паўночны ў Падляскім ваяводзтве Польшчы айца Аляксандра Клімука, які пачаў рамонт ужо трэцяй царквы з датацыяй Эўрапейскага Зьвязу на аднаўленьне помнікаў архітэктуры.

На тэрыторыі парафіі айца Аляксандра 19 вёсак і 3 царквы. Але вернікаў усяго каля 200.

Немаскоўскае праваслаўе

З 1924 году Праваслаўная царква Польшчы мае аўтакефалію (самакіраваньне), якую атрымала ад Канстантынопальскага патрыярха, нягледзячы на супраціў з Масквы.

Праваслаўных у Польшчы каля паўпрацэнта насельніцтва. Праваслаўная царква мае ў краіне звыш 400 храмаў і найбольш актыўна дзейнічае на Беласточчыне. Фактычна праваслаўе тут ёсьць нацыянальнаю царквою беларускай меншасьці. Літургіі адбываюцца па-стараславянску і па-польску, прыняты юліянскі царкоўны каляндар (стары стыль).

Стары крыж на царкоўным падворку
Стары крыж на царкоўным падворку

У Польшчы часоў сацыялізму не было моцнай антырэлігійнай кампаніі, як у СССР. Таму праваслаўныя вернікі, як і ўсе іншыя, маюць не перарваныя атэізмам традыцыі, рэлігія тут заўжды шмат значыла ў жыцьці супольнасьцяў.

Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой з 1998 году кіруе мітрапаліт Сава. Цяпер царква мае 7 эпархіяў, ёй падпарадкоўваецца таксама адна эпархія ў Бразыліі і ардынат праваслаўнай сьвятарскай службы ў Войску Польскім. Найважнейшым месцам праваслаўнага культу ў Польшчы лічыцца Сьвятая гара Грабарка на самым поўдні Падляшша. Там манастыр, цэрквы, дамы пілігрымаў, уся гара застаўленая сотнямі крыжоў розных формаў, памераў і з розных матэрыялаў.

Царква, асьвячоная пры Сталіну

Айцец Аляксандар Клімук
Айцец Аляксандар Клімук

У вёсцы Востраў Паўночны, што знаходзіцца ў гміне Шудзялава Сакольскага павету, з 1982 году служыць айцец Аляксандар Клімук. Пад ягонай апекай знаходзяцца царква Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, капліца Сьвятога Ўладзімера на мясцовых могілках і царква прарока Яна Хрысьціцеля ў суседняй вёсцы Старая Грыбоўшчына. Да прыходу належаць праваслаўныя вернікі з 19 навакольных вёсак.

Аляксандар Клімук у царкве Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Востраў Паўночны
Аляксандар Клімук у царкве Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Востраў Паўночны

Цалкам сваім коштам адрамантаваць тры царквы было б вельмі цяжка, прызнаецца айцец Аляксандар:

«У нас прыход маленькі — каля 200 чалавек. А ў ім тры царквы, якім патрэбны быў рамонт. Багатых людзей тут мала — ёсьць усяго 100 хатаў, дзе жывуць нашыя вернікі, у палове зь якіх па адным старым засталося. У парафіі лічыцца 19 вёсак, але ў некаторых зь іх усяго па некалькі праваслаўных сем’яў. Моладзі мала. Хрэсьбіны бываюць у нас часам раз на год. Бываюць вясельлі, але маладыя павянчаюцца і паехалі. Але жывём, духам ня падаем».

Царква Ўсьпеньня Найсьвяцейшай дзевы Марыі ў вёсцы Востраў Паўночны
Царква Ўсьпеньня Найсьвяцейшай дзевы Марыі ў вёсцы Востраў Паўночны

Стары храм у Востраве Паўночным згарэў у 1915 годзе, падчас Першай усясьветнай вайны, калі мясцовыя людзі пад ціскам царскіх уладаў выехалі ў «бежанства» ўглыб Расеі і вёска апусьцела. У міжваеннай Польшчы дазволу на адбудову царквы мясцовыя жыхары не атрымалі. Далі дазвол па вайне, у 1949 годзе. Новая мураваная царква была пабудаваная на месцы старой.

Яе асьвяцілі ў 1952 годзе, калі яшчэ жыў савецкі дыктатар Ёсіф Сталін, калі ў БССР разбуралі цэрквы і касьцёлы, а сьвятароў ссылалі ў ГУЛАГ.

Стаіць царква на ўскраіне вёскі, на высокай горцы. Моцны вецер часам зрывае мужчынам шапкі на царкоўным падворку, абнесеным агароджай з сабраных на палетках камянёў. Нейкі бізнэсовец з Шудзялава (цэнтру гміны) паставіў непадалёк ветрагенэратар электраэнэргіі, хоць праваслаўныя вернікі і абураліся, што гэта блізка да царквы.

Праваслаўны эўрарамонт?

Айцец Аляксандар кажа, што царкву ў Востраве Паўночным праз год будзе цяжка пазнаць: пачнецца яе рамонт звонку. Уваходная брама на царкоўны двор ужо адноўленая, пакрытая залацістай бляхай. Абнавілася ўнутранае ўбранства самой царквы: новая падлога, іканастас, сьвежыя фрэскі на сьценах. Іканастас зрабіў мастар з Пачаева, з Украіны, падсьвечнікі, абразы таксама з Украіны — там можна таньней купіць, тлумачыць сьвятар. А вось фрэскі на сьценах малявалі менскія мастакі.

«Гаварылі яны прыгожа па-беларуску», — кажа пра мастакоў зь Менску айцец Аляксандар, які сам гаворыць добраю беларускаю моваю з тутэйшым падляскім вымаўленьнем, як і ягоная жонка, матушка Людміла. Па-беларуску гавораць і іхныя дзеці.

Айцец Аляксандар ужо падаў заяву і патрэбныя дакумэнты, каб атрымаць ад Эўразьвязу датацыю ў суме 120 тысяч злотых (33 тысячы даляраў) на знадворны рамонт царквы ў Востраве Паўночным. Паводле ўмовы, прыход мае да гэтай сумы дадаць 10 працэнтаў — 12 тысяч злотых.

«Рамонт будзем рабіць з самага верху царквы, зробім дах, будуць новыя крыжы, новыя купалы — таксама з залацістай бляхі. Самую бляху ўжо прывезьлі з Украіны, адзін крыж таксама ўжо маем. Хочам таксама на званіцы вокны памяняць», — дзеліцца плянамі айцец Аляксандар.

Новы крыж на царкву ў Востраве Паўночным пакуль захоўваецца ў прыходзкім доме
Новы крыж на царкву ў Востраве Паўночным пакуль захоўваецца ў прыходзкім доме

Грошы ад Эўразьвязу прыйдуць, бо царква нядаўна была ўнесеная ў рэестар помнікаў архітэктуры. Айцец Аляксандар даўно гэтага дамагаўся, але чыноўнікі адмаўлялі, бо царква «замаладая». Але ўрэшце сьвятар пераканаў чыноўнікаў Міністэрства культуры, і летась у сьнежні царкву ў Востраве Паўночным унесьлі ў рэестар помнікаў. Гэта дазволіла зьвярнуцца па датацыю на рамонт царквы да эўрапейскіх структураў.

Адрамантаваныя цэрквы на могілках у Востраве Паўночным (справа) і ў Старой Грыбоўшчыне
Адрамантаваныя цэрквы на могілках у Востраве Паўночным (справа) і ў Старой Грыбоўшчыне

Раней айцец Аляксандар адбудаваў капітальны прыходзкі дом і адрамантаваў дзьве іншыя царквы свайго прыходу. Тут таксама дапамог Эўрапейскі Зьвяз. На рамонт парафія атрымала з Эўразьвязу 500 тысяч злотых (136 тысяч даляраў) з 700 тысяч, якія каштаваў увесь рамонт. На рамонт царквы, што на вясковых могілках у Востраве Паўночным, пайшло 110 тысяч злотых эўрапейскіх грошай (30 тысяч даляраў), пры гэтым, паводле ўмовы, парафіі трэба было знайсьці 25 працэнтаў сваіх грошай.

Міжканфэсійны мір, калі ксёндз і бацюшка гавораць «па-свойму»

Айцец Аляксандар кажа, што на Падляшшы пануе міжканфэсійны мір, ніякіх спрэчак паміж прадстаўнікамі розных рэлігіяў няма.

Праваслаўны і каталіцкі крыжы ў Шудзялаве
Праваслаўны і каталіцкі крыжы ў Шудзялаве

Да яго на імяніны заўсёды прыяжджае ў госьці ксёндз з Шудзялава, а ён з матушкай да яго езьдзіць на дзень Сьвятога Вацлава:

«Сустракаемся мы часта. Часам паміж сабою гаворым па-просту, па-беларуску. Пазалетась у нашай царкве быў каталіцкі арцыбіскуп зь Беластоку, наведваў Шудзялава зь візытацыяй і да нас заехаў. А калі гміна арганізоўвае якія конкурсы, спартовыя спаборніцтвы, то адным судзьдзём я, а другім — каталіцкі ксёндз».

Аляксандар Клімук
Аляксандар Клімук

«Я польскі грамадзянін, але беларус паводле нацыянальнасьці», — кажа айцец Аляксандар.

Ягоны бацька паходзіў з сучаснага Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Па вайне ён пайшоў служыць у Войска Польскае, а як скончыў службу, то ўведаў, што міждзяржаўную мяжу перасунулі ў бок Польшчы і ягоная вёска трапіла ў СССР. Тады ён вырашыў застацца ў Польшчы.

На Камянеччыне цяпер пахаваныя дзед і баба Аляксандра Клімука, а ў Берасьці і Высокім жывуць блізкія сваякі. Нядаўна ён езьдзіў у Высокае на пахаваньне стрыечнага брата. Дзедаў дом застаўся, але ў ім ніхто не жыве, бо ўсе ў Берасьці.

Матушка Людміла Клімук, журналіст Радыё Свабода Валер Каліноўскі і айцец Аляксандар Клімук
Матушка Людміла Клімук, журналіст Радыё Свабода Валер Каліноўскі і айцец Аляксандар Клімук

Матушка Людміла Клімук паходзіць з Валілаў ля Гарадка на Падляшшы, яна зямлячка вядомага мастака Лёніка Тарасэвіча.

Айцец Аляксандар кажа, што часта сустракаецца са сьвятарамі зь Беларусі, перш за ўсё з Горадзеншчыны, якія наведваюць Падляшша. У Беларусь таксама часта езьдзяць тутэйшыя сьвятары, хоры, прыхаджане.

Прыходзкі дом
Прыходзкі дом

Да Беларускай праваслаўнай царквы і да беларусаў у айца Аляксандра Клімука сваё пажаданьне:

«Я крыху ведаю Беларускую праваслаўную царкву. Уладыка Арцемій расказваў мне, што пры савецкай уладзе Беларусь хацелі зрабіць паказной рэспублікай у СССР, дзе ня будзе ніводнага касьцёла і ніводнай царквы. А цяпер там многа цэркваў, рамантуюцца старыя, будуюцца новыя. Ёсьць сьвятары, яны паглыбляюць свае веды. А людзі як людзі. Бяз Бога цяжка жыць. Жадаю беларусам, каб Бог дапамагаў яшчэ далей вашым людзям і сьвятарам у справе эвангелізацыі, несьці Эвангельле ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа! Беларуская царква гэта робіць, хай робіць гэта і надалей. Памагай, Божа, праваслаўным беларусам!»

Абразы ў прыходзкім доме
Абразы ў прыходзкім доме
Надпісы на крыжы па-царкоўнаславянску і па-польску
Надпісы на крыжы па-царкоўнаславянску і па-польску

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG