Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДУ трапіў у амэрыканскі рэйтынг найлепшых унівэрсытэтаў сьвету


БДУ
БДУ

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт увайшоў у амэрыканскі рэйтынг найлепшых унівэрсытэтаў сьвету Best Global Universities. Гэта адзіная беларуская ВНУ ў сьпісе.

У рэйтынгу Best Global Universities БДУ заняў 668-е месца сярод 1250 найлепшых унівэрсытэтаў сьвету (усяго ў сьвеце больш за 30 000 установаў вышэйшай адукацыі).

Сярод эўрапейскіх унівэрсытэтаў БДУ займае 301-е месца. Акрамя прысутнасьці ў асноўным рэйтынгу, БДУ таксама ўвайшоў у прадметны рэйтынг у фізыцы і заняў 238-е месца.

Рэйтынг найлепшых унівэрсытэтаў сьвету паводле вэрсіі U.S. News & World Report ацэньвае навуковую дзейнасьць унівэрсытэтаў, выдавецкую актыўнасьць, цытаванасьць навуковых працаў іхных супрацоўнікаў, а таксама ўсясьветную і рэгіянальную навуковую рэпутацыю.

Найвышэйшую ацэнку з 13 паказьнікаў, паводле якіх ацэньваюцца ўнівэрсытэты, БДУ прадэманстраваў у катэгорыі навуковых публікацыяў у міжнароднай супрацы, заняўшы тут 22-е месца ў сьвеце.

Хто ў лідэрах і дзе суседзі

Узначальваюць рэйтынг амэрыканскія ВНУ — Гарвардзкі ўнівэрсытэт (1-е месца ў сьвеце), Масачусэцкі інстытут тэхналёгіяў (2-е), Стэнфардзкі ўнівэрсытэт (3-е). Лепшымі эўрапейскімі ВНУ названыя Оксфардзкі (5-е) і Кембрыдзкі унівэрсытэты (7-е), а таксама Каралеўскі каледж Лёндану (17-е).

Сярод 15 расейскіх унівэрсытэтаў, уключаных у рэйтынг, найвышэйшую пазыцыю заняў МДУ імя Ламаносава (267-е месца). З украінскіх ВНУ ў рэйтынг патрапіў толькі Нацыянальны унівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі (1029-е), з латвійскіх — Унівэрсытэт Латвіі (1090-е), зь літоўскіх — Віленскі ўнівэрсытэт (543-е). З 24 польскіх ВНУ найвышэйшыя пазыцыі ў Варшаўскага (359-е) і Ягелёнскага ўнівэрсытэтаў (388-е).

Рэйтынг Best Global Universities больш за 30 гадоў складаўся для амэрыканскіх унівэрсытэтаў, а ў міжнародным фармаце ён выходзіць з 2014 году. Раней аўтарытэтнае выданьне The Washington Post ставіла пад сумнеў абгрунтаванасьць мэтадалёгіі рэйтынгу U.S. News, бо некаторыя ўнівэрсытэты атрымліваюць вышэйшую ацэнку ва ўсясьветным рэйтынгу, чым у рэйтынгу ўстановаў ЗША.

Сёлета Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт таксама заняў 334-е месца ў рэйтынгу найлепшых унівэрсытэтаў сьвету QS World University Rankings і ўпершыню ўвайшоў у Шанхайскі рэйтынг унівэрсытэтаў паводле спэцыяльнасьцяў. Таксама БДУ застаецца адзінай беларускай ВНУ, якая ўвайшла ў брытанскі рэйтынг THE (Times Higher Education).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG