Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя футболу вярнула БАТЭ тры балы — і спадзеў на перамогу ў чэмпіянаце


Сёлетняя гульня супраць нямецкага "Кёльну" ў Барысаве. Ілюстрацыйнае фота
Сёлетняя гульня супраць нямецкага "Кёльну" ў Барысаве. Ілюстрацыйнае фота

Апэляцыйны камітэт Беларускай фэдэрацыі футболу па выніках двухдзённага паседжаньня перагледзеў ранейшае рашэньне ды пастанавіў вярнуць барысаўскаму клюбу БАТЭ 3 балы за вераснёўскую перамогу супраць «Слуцку» у чэмпіянаце Беларусі па футболе. Гэтае рашэньне істотна зьмяніла турнірнае становішча, вярнуўшы самай тытуляванай камандзе Беларусі спадзеў на перамогу ў першынстве.

Пры гэтым барысаўскі клюб аштрафаваны на 42 тысячы рублёў.

Свабода падрабязна пісала пра гэтак званую «справу Верамко» — канфлікт паміж БАТЭ і Дысцыплінарным камітэтам Асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ).

13 кастрычніка дысцыплінарны камітэт АБФФ зьняў з БАТЭ тры балы. Клюбу залічылі тэхнічную паразу ў гульні са «Слуцкам» 23 верасьня зь лікам 0:3, хоць у той дзень БАТЭ разграміла сапернікаў зь лікам 6:0. Як выявілася праз тыдзень пасьля гульні, у склад барысаўскай каманды быў заяўлены брамнік Сяргей Верамко. Але, паводле правілаў, клюб ня меў права гэтага рабіць.

Сяргей Верамко
Сяргей Верамко

БАТЭ не пагадзіўся з рашэньнем дысцыплінарнага камітэту. Аргумэнтам барысаўскага клюбу было тое, што Сяргею Верамко даслалі няправільныя банкаўскія рэквізыты для аплаты штрафу.

Цэлы месяц клюб БАТЭ і АБФФ публікавалі розныя турнірныя табліцы чэмпіянату на сваіх афіцыйных сайтах. Сёньня гэта ўжо ня так.

Табліца чэмпіянату паводле сайту БАТЭ
Табліца чэмпіянату паводле сайту БАТЭ

Табліца чэмпіянату паводле сайту АБФФ
Табліца чэмпіянату паводле сайту АБФФ

Сёлетні чэмпіянат можа стаць першым за апошнія 11 гадоў, калі першае месца ў ім ня зойме БАТЭ.

Ад 2006 году найлепшай камандай году заўжды станавіўся барысаўскі клюб. Часьцей за ўсё — за некалькі тураў да канца турніру. Перамога ў чэмпіянаце Беларусі важная тым, што толькі першае месца дае права гуляць у кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў. Каманды, што занялі другое і трэцяе месца, а таксама пераможца Кубку Беларусі могуць спаборнічаць толькі за права гуляць у Лізе Эўропы.

​За два туры да фінішу чэмпіянату Беларусі БАТЭ адстае на адзін пункт ад лідэра салігорскага «Шахтара», апярэджваючы менскае «Дынама» на два. Кожная з камандаў можа набраць максымум па 6 пунктаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG