Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ганьба чэмпіянату». Як банкаўская квітанцыя можа пазбавіць БАТЭ чэмпіёнства і ўдзелу ў Лізе чэмпіёнаў


Сёлетняя гульня БАТЭ ў Лізе Эўропы супраць "Кёльну". Ілюстрацыйнае фота

Футбаліст БАТЭ забыў аплаціць штраф, ад чаго тытуляваны клюб страціў першае месца ў чэмпіянаце краіны. Да канца сэзону яшчэ пяць гульняў, а на чэмпіёнства прэтэндуюць адразу тры каманды. Гісторыя важная яшчэ і тым, што толькі перамога ў нацыянальным першынстве дае камандзе права трапіць у Лігу чэмпіёнаў, а разам зь ім і зарабіць шматмільённыя прэміяльныя.

У чым справа

Ад мінулага тыдня ў Найвыйшэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе — двоеўладзтва. Сайт футбольнага клюбу БАТЭ і Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ) публікуюць розныя табліцы чэмпіянату. На думку кіраўніцтва барысаўскага клюбу, іх каманда займае першае месца; фэдэрацыя лічыць, што трэцяе.

Як такое можа быць? 13 кастрычніка дысцыплінарны камітэт АБФФ зьняў з БАТЭ тры балы. Больш дакладна, залічыў клюбу тэхнічную паразу ў гульні са «Слуцкам» 23 верасьня зь лікам 0:3, хоць у той дзень БАТЭ разграміла супернікаў зь лікам 6:0. Як выявілася праз тыдзень пасьля гульні, у склад барысаўскай каманды быў заяўлены брамнік Сяргей Верамко. Але, паводле правілаў, клюб ня меў права гэтага рабіць.

Сяргей Верамко
Сяргей Верамко


Што ня так з удзелам Верамко? За агрэсіўныя паводзіны ў матчы супраць «Мінска» 6 жніўня брамнік Верамко быў дыскваліфікаваны да 21 верасьня. Таксама ён мусіў сплаціць штраф. Паводле кіраўніцтва БАТЭ, Верамко пайшоў аплачваць штраф 22 верасьня. Але грошы паступілі на рахунак фэдэрацыі футболу толькі 27-га.

Паводле дысцыплінарнага кодэксу, калі футбаліст не аплачвае штраф, ягоная дыскваліфікацыя працягваецца. Гэта значыць, гуляць і нават быць заяўленым на матч 23 верасьня Верамко ня мог. Таму дысцыплінарны камітэт вырашыў пакараць каманду, залічыў ёй тэхнічную паразу і пазбавіў трох балаў. Цяпер БАТЭ ідзе ня першым, а трэцім.

Пазыцыя БАТЭ: ня згодныя з рашэньнем

БАТЭ не прызнаў рашэньня дысцыплінарнага камітэту і падаў апэляцыю на ягонае рашэньне 20 кастрычніка — за тры дні да дэдлайну.

«Мы ня згодныя з рашэньнем дысцыплінарнага камітэту, — сказаў Свабодзе Сяргей Дашкевіч, прэс-сакратар БАТЭ.

Галоўны аргумэнт БАТЭ на сваю карысьць — няправільныя банкаўскія рэквізыты для аплаты штрафу, якія выдалі Сяргею Верамко ў Дысцыплінарным камітэце. Вэрсія клюбу — Сяргей Верамко прыйшоў аплаціць штраф у аддзяленьне банку ў Барысаве 22 верасьня, а 9:25 раніцы. Але плата не прайшла, бо ў рахунку ня быў напісаны код банку. Верамко ня ведаў, што грошы не паступілі на рахунак фэдэрацыі, а таму ў трэнэра не было прычын не ўключаць яго ў заяўку на гульню 23 верасьня. Футбаліст паўторна — гэтым разам пасьпяхова — аплаціў штраф 27 верасьня, калі атрымаў правільныя рэквізыты.

За БАТЭ заступілася футбольная супольнасьць. Напрыклад, футбольны спэцыяліст, былы трэнэр нацыянальнай зборнай Анатоль Байдачны назваў такую сытуацыю «зьнішчэньнем беларускага футболу». Маўляў, БАТЭ — адзіны клюб, які прымушае верыць у беларускі футбол, цытуе Байдачнага Tribuna.com.

Пасьля дадаліся новыя абставіны. У справе зьявіўся быццам бы «шэры кардынал» — сябра дысцыплінарнага камітэту Юры Талкачоў. Паводле інфармацыі газэты «Прессбол», менавіта Талкачоў рыхтаваў тэкст паведамленьня для БАТЭ зь няправільнымі банкаўскімі рэквізытамі для аплаты. Больш за тое, Талкачоў зьяўляецца супрацоўнікам фэдэрацыі футболу, што не дазваляе яму быць сябрам дысцыплінарнага камітэту. А яшчэ ў пачатку 2000-х ён працаваў у менскім «Дынама», а таму можа быць зацікаўленай асобай.

У пачатку сэзону Юры Талкачоў меў дачыненьне да яшчэ адной справы супраць БАТЭ. Тады зь яго ініцыятывы быў дыскваліфікаваны іншы барысаўскі брамнік — Дзяніс Шчарбіцкі. За ўдар саперніка нагой Шчарбіцкаму забаранілі гуляць у трох наступных матчах. Грубая гульня — нярэдкі выпадак у футболе. Але гэты выпадак зьдзівіў тым, што дысцыплінарны камітэт разглядаў справу Шчарбіцкага, не паведаміўшы пра гэта клюбу, як гэта звычайна робіцца. Па словах сакратара ДК, паседжаньне правялі проста па званку Талкачова, пісаў тады «Прессбол».


Пазыцыя дысцыплінарнага камітэту: рэквізыты няправільныя, але рашэньне правамернае

Дысцыплінарны камітэт мае адну прэтэнзію да БАТЭ — парушэньне Дысцыплінарнага кодэксу. Клюб заявіў у гульню футбаліста, які не аплаціў штраф. Кропка. Усе абвінавачаньні ў свой бок камітэт абвяргае. У тым ліку і памылку ў выдадзеных рэквізытах.

Калі ад самага пачатку БАТЭ выглядаў як ахвяра бюракратыі, то праз тыдзень пасьля канфлікту ўсё часьцей агучваецца думка, ці сапраўды Верамко спрабаваў аплаціць штраф 22 верасьня.

«А ці спрабаваў наогул Сяргей Мікалаевіч Верамко 22 верасьня аплаціць свой заляжалы штраф? Ці ён пра яго забыўся і нікуды не хадзіў? А ўсе расказы пра яўку ў барысаўскае аддзяленьне „БПС-Сбербанка“, як і ўсе паперы, што гэта пацьвярджаюць, — выдумка ад пачатку да канца ў жаданьні прыкрыць грахі і зьберагчы балы?» — задаецца пытаньнем галоўны рэдактар «Прессболу» Сяргей Кайко.

Дысцыплінарны камітэт ніякім чынам не даказвае сваю рацыю. Ён пазбаўляе клюб трох балаў, але пры гэтым сам кажа, што інфармацыі для рашэньня бракавала. На пытаньне SPORT.TUT.BY, ці правяралася вэрсія, што Верамко нават не зьяўляўся ў банку 22 верасьня, намесьнік старшыні камітэту Віктар Ганчар дае наступны адказ: «Калі чалавек казаў, што быў, якая падстава ня верыць?»


Чаму ў скандале вакол Верамко ніхто ня мае рацыі

У дысцыплінарным камітэце сытуацыю з адабранымі баламі называюць шараговай. Але экспэрты лічаць яе неардынарнай. Сяргей Кайко сказаў Свабодзе, што гэта першы падобны выпадак на ягонай памяці. Ён прыгадвае, што здараліся «залатыя» матчы, калі чэмпіён вызначаўся ў апошнім туры, ашаламляльныя разьвязкі, але выпадку, падобнага сёлетняму, яшчэ не было.

«Упершыню на маёй памяці лёс золата нацыянальнага чэмпіянату можа вырашыць не барацьба на футбольным полі, а юрыспрудэнцыя, — сказаў Кайко. — Я магу зразумець падыходы дысцыплінарнага камітэту — ён кіруецца выключна літарай закону. Але са спартыўнага пункту гледжаньня сытуацыя беспрэцэдэнтная».

Аляксандар Ермаковіч. галоўны трэнэр БАТЭ
Аляксандар Ермаковіч. галоўны трэнэр БАТЭ

Футбольны аглядальнік «Прессбола» Сяргей Новікаў выказаўся яшчэ больш жорстка наконт гэтага.

«Гэтая гісторыя ва ўсіх сэнсах няславіць наш чэмпіянат, выпінае яго нікчэмнасьць», — лічыць Новікаў.

З аднаго боку, гэта дзіўна, каб у такім клюбе, як БАТЭ, футбалісты мусілі самастойна хадзіць у банк і аплочваць кожны штраф. Як даведалася Свабода, у іншых клюбах Найвышэйшай лігі футбалісты самі не аплочваюць штрафаў. Гэта ня іх абавязак. Грошы на рахунак фэдэрацыі футболу пералічвае бухгальтэрыя.

З другога боку, чаму фэдэрацыя футболу не прадугледзела мэханізму, які б не дазваляў заяўляць на матчы дыскваліфікаваных гульцоў? Так, напрыклад, робяць у Фэдэрацыі хакею Беларусі. Замест таго, каб вышукваць вінаватыя клюбы, інспэктар матчу перад гульнёй пераконваецца, ці клюб не заявіў дыскваліфікаваных гульцоў.

Сяргей Кайко адзначае, што сытуацыя неадназначная і кожны з бакоў мае долю правіны. З аднаго боку, у клюбе не пракантралявалі, каб штраф быў аплачаны загадзя. З другога боку, дысцыплінарны камітэт у значнай ступені спасылаецца на артыкул, які не прадугледжвае тэхнічнай паразы. І сваю памылку рэквізытаў ДК ня браў да ўвагі.

«БАТЭ, мякка кажучы, дапусьціў памылку. Але ж і матывацыйная частка дысцыплінарнага камітэту мне здалася непераканаўчай», — сказаў Свабодзе Кайко.


Што будзе далей

«Справа яшчэ ня скончаная, — мяркуе Сяргей Кайко. — Можа быць, на стадыі апэляцыі будуць расстаўленыя кропкі над „і“. Трэба пачакаць».

Да канца чэмпіянату застаецца 5 тураў. Таксама цягам двух тыдняў будзе разгледжаная апэляцыя БАТЭ наконт рашэньня дысцыплінарнага камітэту. Цяпер ужо апэляцыйны камітэт разглядае «справу Верамко». Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў Беларускай фэдэрацыі футболу.

На думку Сяргея Кайко, ідэальным было б завяршэньне чэмпіянату, дзе б «справа Верамко» не была вырашальнай. Гэта альбо першае месца ў БАТЭ з адрывам больш як у тры балы, альбо пройгрыш першаму месцу з розьніцай больш як у тры балы.

«Мне хочацца, каб асадку не засталося і каб сэзон скончыўся так, што спартовы прынцып застаўся, — сказаў Кайко. — Такая сытуацыя не дадае пазытыўнага іміджу нашаму чэмпіянату».

Праўда, у гэтай гісторыі ўсё ж ёсьць пазытыўны бок. Як сказаў гулец БАТЭ Віталь Радзівонаў, пасьля скандалу вакол Верамко і рашэньня дысцыплінарнага камітэту ніхто ня будзе глядзець на канцоўку чэмпіянату пазяхаючы.

«Я думаю, апошнія туры пройдуць зь вялікім ажыятажам, — лічыць Сяргей Кайко. — Гэта тое, па чым мы вельмі засумавалі ў апошнія гады».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG