Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня моцна завывае вецер. Гэтае выцьцё ў цёплай кватэры заўсёды, зь дзяцінства, чамусьці дадае мне адчуваньня ўтульнасьці. Але ня сёньня. Празь некалькі сотняў мэтраў ад майго дома ў сьледчым ізалятары знаходзіцца францускі падарожнік Жалян Віё. Яму невыносна цяжка. Ён сам злаўчыўся паведаміць пра гэта празь месяц пасьля затрыманьня на памежным пераходзе пад Гомлем і зьняволеньня свайму беларускаму знаёмцу, а той — сьвету. Ёсьць краіны, дзе зьняволеньне само па сабе ўжо і ёсьць пакараньне. Цяжкія, агідныя ўмовы ў дадатак там не прадугледжваюцца. Але толькі не ў Беларусі. Тым больш што Жаляна яшчэ не судзілі.

Не даваць паведаміць родным пра месца свайго знаходжаньня, не даваць кантактаваць з носьбітам францускай альбо ангельскай мовы, каб расказаць, што здарылася, як пачуваесься, што вельмі холадна, а цёплых рэчаў няма, што галадаеш, бо тое, што даюць у місцы ды ржавай конаўцы ежай не зьяўляецца, што на ложку ляжаць лахманы, якіх ніколі ў жыцьці ня бачыў. Гэта і ёсьць сучасная беларуская пэнітэнцыярная сыстэма. Хоць намесьнік начальніка сьледчага ізалятару казаў гомельскім журналістам, што ўсе гэтыя скаргі — «глупства».

Дзеці жаліліся: ежа непрыгожая. Не нясмачная, ня кепская якая, а менавіта непрыгожая. Французы, што тут скажаш.

А я пра сваё. Пачатак 90-х. Гомель шчыльна стасуецца з францускім горадам-пабрацімам Клярмон-Фэран. Разнастайныя дэлегацыі езьдзяць туды-сюды. У чарговы раз у Гомель з Клярмон-Фэрану прыехалі дзеці. На трэці дзень яны сталі плакаць і прасіцца дадому, у Францыю. Прымаючы бок не разумее, што здарылася. Урэшце высьветлілі. Дзеці жаліліся: ежа непрыгожая. Не нясмачная, ня кепская якая, а менавіта непрыгожая. Французы, што тут скажаш.

Людзі з гарадзкога аддзелу адукацыі, кухары з прывакзальнай рэстарацыі «Гомель», тады найлепшай у горадзе, не разумелі — яны ж так стараліся. Я б, можа, таксама не разумела, бо ежа была звычайная, рэстаранная, вельмі неблагая як для нашага жыцьця, каб сама не пабыла сем дзён у Клярмон-Фэране ды тры ў Парыжы.

Сталоўка ў каледжы (у нас на той час сказалі б прафтэхвучэльні) была з такой ежай, якой не было ні ў адной рэстарацыі ці кавярні Беларусі. Пра якія-небудзь «спэцсталоўкі» гаворка не ідзе — я там не была.

Прыгожыя кубачкі з супам з цыбулі, закрытыя-запечаныя тонкім слоем цеста, шпажкі з маленечкімі каўбаскамі — мяснымі, крывянымі — і яшчэ зь нечым, ня памятаю. Ягады ў сьнежні, садавіна. Смаката. Чысьціня, прыемныя апэтытныя пахі.

І падлеткі ў разнастайным стракатым адзеньні са спакойнымі рухамі, добрымі, вясёлымі тварамі. Дырэктар каледжу распавядае, чаму тут вучаць — і на настаўніка малодшых клясаў, і на зубнога тэхніка, і на чырванадрэўшчыка, і на аўтамэханіка, і на ляндшафтнага дызайнэра — гэта каб падлетак змог выбраць, бо ад іх ніхто без прафэсіі не выходзіць.

Тое самае ва ўнівэрсытэце. І побыт. Пакой у інтэрнаце на аднаго чалавека, з шырокім ложкам, з цудоўнай мяккай бялізнай, зь бідэ.

Набажэнства ў горнай вёсачцы Сэн-Бонэ. Халодны зімовы ранак. Сутарэньне агромністага раманскага сабора, дзе вернікі ставяць ногі ў плецены абутак, каб ня стылі ногі. Уздоўж радоў жароўні. Бо ў самім саборы халадней, чым на вуліцы, — прамёрз.

Спагада, ласкавае выбачэньне пры кожным залішнім набліжэньні (правіла «выцягнутай рукі», бліжэй нельга).

У Рыёме нам паказалі ліцэй. Былі канікулы, набліжалася Божае Нараджэньне. Да нас выйшла маладая жанчына. Цікава і нязмушана расказала пра гісторыю палаца, дзе месьціцца ліцэй, пра горад. На разьвітаньне папыталася ў яе, кім працуе ў ліцэі. Інтэндант. Загадчыца гаспадаркі па-нашаму. На ёй былі вытанчаныя стылёвыя галіфэ і прыгажэзныя высокія боцікі, усё ў тэракотава-бэжава-цёмна-жоўтых танах. Вачэй не адарваць. У нас гэтыя заўгасы таксама хадзілі ў галіфэ і ботах. Параўнаньне на разрыў сьвядомасьці і зь нястрымным рогатам у фінале. Але ж гэта было толькі ў маім уяўленьні.

І вось маладзён з таго жыцьця, зь іншай, так бы мовіць, цывілізацыі (за якіх два з паловай дзесяцігодзьдзі там дакладна горш ня стала) трапляе да нас.

У палаце шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі памерла жанчына сталага веку. Яе пералажылі на каталку, вывезьлі. Увайшла санітарка, зьняла бялізну. На матрацы відаць вялізная цёмная пляма. Не газіроўкі, канечне. Санітарка стала засьцілаць прасьціну. Палата проста закрычала: «Што вы робіце?!» Санітарка паглядзела ў нейкім роздуме і супакоіла: «Панясу пасушыць». І вынесла мокры матрац на кушэтку ў прыбіральню, дзе ён «сох» тыдзень.

Ужо пры новай уладзе ў справе жудаснага дарожнага здарэньня давялося самой быць у сьледчым ізалятары № 3 на Кніжнай, дзе цяпер знаходзіцца француз. Не, у камэры не была. Але калідоры, пакой спатканьняў, сьцены, мэбля, адсутнасьць нармальнага сьвятла, жудаснае паветра — усё не для жыцьця. Хіба для пакут.

Так нечакана і непрадбачана сутыкаюцца два розныя сьветы. З аднаго боку — дзеці, якія плачуць ад выгляду й смаку таго, чым іх намагаюцца накарміць; маладзён, які сядзіць у холадзе й голадзе на брудным ложку, з другога — «краіна для жыцьця». Бяз гучнага дакляраваньня на ўсіх скрыжаваньнях: усё для чалавека, усё ў імя чалавека.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG