Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я забараніў Вялікі Кастрычнік


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Адрыўны каляндар — геніяльны насамрэч фармат, многія рысы якога потым пазычылі інтэрнэт-гіганты ХХІ стагодзьдзя для сваіх аплікацый — перажываў у часы перабудовы ў Беларусі другое нараджэньне.

Выдавала календары выдавецтва «Беларусь», па-беларуску, там пачалі зьяўляцца новыя імёны, даты, тэмы. Попыт быў шалёны. У кастрычніку 1990-га, калі я стаў галоўным рэдактарам «Беларусі», мне прынесьлі на подпіс праект календара на 1991 год. Я перагледзеў, папрасіў зрабіць некалькі зьменаў, а таксама — зьняць чырвоную дату 7 лістапада, не пазначаць гэты дзень сьвяточным. Ня памятаю ўжо, ці пакінулі нават згадку пра пераварот.

Каляндар выйшаў, кампартыя, якая кіравала тады ўсім, зашыпела, але ўкусіць не дастала, а дэпутат Вярхоўнага Савету Алег Трусаў заявіў на сэсіі, што трэба скасоўваць савецкія сьвяты, вось выдавецтва «Беларусь» ужо скасавала Вялікі Кастрычнік, дык чаго нам баяцца. І гадоў пяць, пакуль у краіне не запанавала іншая каляровая гама, гістарычная дата пазначалася чорным.

***

Важна ня толькі скасоўваць, але і дадаваць, запаўняць лякуны мёртвай памяці. Ва ўсіх беларускіх календарах павінна быць дата 29 кастрычніка, калі ў 1937 годзе ў Менску расстрэльвалі паэтаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў. Памяць — антонім сьмерці.

***

Больш за сто забітых за адзін дзень і адну ноч камуністычнага тэрору ў Беларусі ў 1937-м — а былі і іншыя дні, і іншыя ночы, і іншыя гады. Але шмат каму яшчэ ня рэжа вуха фраза «ня ўсё толькі дрэннае зьвязанае з Cаветамі, з камунізмам, з нашай гісторыяй». Гісторыя, у якой ёсьць хоць адна такая ноч, заўсёды будзе гісторыяй гэтай ночы.

***

У 2001 годзе, падчас працы ў Гувэраўскім інстытуце ў Стэнфардзе, я пазнаёміўся з Робэртам Конквэстам, магчыма, найбольш уплывовым дасьледнікам камуністычных рэпрэсій у сьвеце. Яго клясычную працу «Вялікі тэрор» вывучаюць ва ўсіх прыстойных унівэрсытэтах. Конквэст падпісаў мне сваю новую кнігу, якая называлася «Разважаньні аб разбураным стагодзьдзі». Сёньня яе лічаць ці ня самым аўтарытэтным словам філязофіі і гісторыі пра катастрофы ХХ стагодзьдзя.

Я працытую адзін сказ з прадмовы, як аўтар тлумачыць галоўную тэму кнігі:

«Галоўная адказнасьць за катастрофы мінулага стагодзьдзя палягае ня столькі ў праблемах, колькі ў іх вырашэньнях, не ў безаблічных сілах, а ў людзях, якія думалі пэўныя думкі і потым рабілі пэўныя рэчы».

Гэта ня толькі пра мінулае. Праблемы перад чалавецтвам ніколі ня скончацца — ад сацыяльнай няроўнасьці да зьмены клімату, ад штучнага інтэлекту да іміграцыі, ад экалёгіі да даўжыні жыцьця, — рэч у тым, як іх вырашаць.

Ці пакідаць без вырашэньня, як савецкую спадчыну ў Беларусі. Сьвяткаваньне 7 лістапада ў Беларусі, захаваньне камуністычнай ідэі ў назвах, помніках, падручніках — і ёсьць спробай сфармаваць пэўныя думкі, каб потым апраўдваць тое, што не падлягае апраўданьню, і рабіць пэўныя рэчы, каб за іх не апраўдвацца.

***

Колеры, як вядома, уплываюць на думкі й паводзіны, могуць падняць ціск ці сапсаваць апэтыт. Гісторыю нельга забараніць, канечне — яе трэба вывучаць і ведаць, каб адрозьніваць чорнае ад чырвонага, сваю будучыню ад чужой. Гістарычны дальтанізм — уласьцівасьць рабоў. 7 лістапада — іх сьвята.

А свабода — праца кожнага дня. Сьвята, якое заўсёды з табой.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG