Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіяцыя ЗША і саюзьнікаў правяла вучэньні ў небе над Паўднёвай Карэяй


Амэрыканскі стратэгічны бамбавік B-52
Амэрыканскі стратэгічны бамбавік B-52

У небе над Паўднёвай Карэяй прайшлі вайскова-паветраныя вучэньні з удзелам двух стратэгічных бамбавікоў ЗША і самалётаў іх саюзьнікаў — Паўднёвай Карэі і Японіі.

Паведамляецца, што манэўры служаць перасьцярогай Паўночнай Карэі напярэдадні паездкі ў рэгіён прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, якая пачынаецца ў нядзелю. Падчас свайго першага афіцыйнага візыту ў Азію амэрыканскі кіраўнік наведае Японію, Паўднёвую Карэю, Кітай, Віетнам і Філіпіны.

Мэта паездкі — дамагчыся ўзмацненьня жорсткасьці міжнароднай эканамічнай ізаляцыі паўночнакарэйскага рэжыму з тым, каб схіліць яго да адмовы ад ўдасканаленьня свайго ядзернага арсэналу.

«Прэзыдэнт мае намер данесьці да сваіх суразмоўцаў, што часу на мірны дыялёг з Пхэньянам застаецца зусім няшмат, і што ўсе яны павінны памножыць свае намаганьні, пакуль акно магчымасьцяў не закрылася», — заявіў на брыфінгу ў Вашынгтоне памочнік Трампа па нацыянальнай бясьпецы Гербэрт Рэйманд МакМастэр. «Пачакаем некалькі месяцаў перш чым вырашаць, ці адэкватная наша бягучая палітыка ў дачыненьні да КНДР», — дадаў ён.

У цяперашні час паблізу Карэйскага паўвострава ўпершыню за дзесяць гадоў знаходзяцца адразу тры авіяносныя злучэньні ЗША.

Сёлета сэрыя выпрабаваньняў балістычных ракет і ядзернай зброі ў КНДР падняла ўзровень напружанасьці ў заявах прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына. У верасьні КНДР правяла ўжо шостае па ліку выпрабаваньне. Паводле інфармацыі службаў выведкі ЗША, Пхэньян таксама працягвае выпрабаваньні балістычных ракет сярэдняга і далёкага радыюсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG