Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У актывісткі Ніны Багінскай з кастрычніка забіраюць палову пэнсіі


Архіўнае фота. Ніна Багінская на адной зь несанкцыянаваных уладамі акцыяў. Менск, 1 траўня 2017 году

2 лістапада Ніну Багінскую выклікалі ў міліцыю ў сувязі зь яе скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў у цывільным на акцыі 8 верасьня. Тады на плошчы Якуба Коласа, пасьля маршу супроць вайсковых манэўраў з Расеяй, у яе адабралі 9-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг і пры гэтым нанесьлі ёй траўму рукі.

Ніна Багінская прайшла мэдагляд, зьняла пабоі і напісала заяву ў міліцыю.

«Вось цяпер выклікаюць для разбору, але сьцяг, які я сама пашыла, не аддаюць. Усё, што зьвязана з нацыянальнай сымболікай, жорстка перасьледуюць. Кажуць, нічога ня ведаюць пра гэтую маёмасьць. Гэта як з маёй пэнсіяй, ад якой пачалі палову забіраць. Прыйшлі да ўлады і ніяк не нажаруцца», — расказала Ніна Багінская.

З 2015 году ў пэнсіянэркі Ніны Багінскай, якую за ўдзел ў акцыях апазыцыі рэгулярна штрафуюць, пачалі ўтрымліваць 20% пэнсіі. Ніна Багінская расказала пра свае штрафы:

Ніна Багінская
Ніна Багінская

«Усяго ў мяне больш за 30 тысяч рублёў штрафаў ня выплачана, я дакладна і ня ведаю. Спачатку спрабавала аспрэчыць гэтыя пастановы, а потым зразумела, што бессэнсоўна. Сапраўднага суду ў нас няма^; што судзьдзям загадаюць, тое яны і зробяць, і самі будуць гэтую сыстэму бараніць, як могуць, бо яны яе частка. Вось і пачалі ў мяне забіраць спачатку 20% пэнсіі. А ў кастрычніку атрымліваю чарговую пэнсію, а там усяго 135 рублёў замест 270, як было апошні год. Пачала разьбірацца, дык сказалі, што гэта забіраюць, каб пакрыць мае нясплочаныя штрафы. Сказалі, можаце скардзіцца. Сапраўды буду скардзіцца, хаця куды? Можа, напішу ў Палату, хай там будзе вядома, на якія грошы прызначылі выжываць пэнсіянэрцы».

Раней судовыя выканаўцы ў залік невыплачаных штрафаў апісвалі ў Ніны Багінскай хатнюю маёмасьць, за якую пэнсіянэрцы даводзілася судзіцца. Таксама ў Ніны Багінскай арыштавалі два лецішчы. Адно зь іх, у Смалявіцкім раёне, ацанілі ў 5 тысяч даляраў і выставілі на аўкцыён, але так і не прадалі. Цяпер, паводле зьвестак Ніны Багінскай, на аўкцыён будзе выстаўленая яе дача ў Пухавіцкім раёне, ацэненая ў 1700 даляраў.

«Трэба мець упартасьць і не падпарадкоўвацца сыстэме», — 9 фактаў пра Ніну Багінскую

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG