Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадкаваньне возера і парку ў маёнтку Агінскіх не змаглі завяршыць у тэрмін


Фасад залескай сядзібы Агінскіх

Усё лета ў родавым маёнтку Агінскіх, што ў мястэчку Залесьсе на Смаргоншчыне, мэліяратары парадкавалі ставок зь Лебядзінай выспай: разабралі дамбу, спусьцілі ваду, пачалі чысьціць дно. І хоць тэрмін заканчэньня працаў па дакумэнтах пазначаны 31 кастрычніка 2017-га, да фіналу справу так і не давялі.

Пакуль чысьцілі, зарасло наноў

Пазалетась да 250-гадовага юбілею славутага кампазытара, дыплямата, паўстанца Міхала Клеафаса Агінскага быў адноўлены палац і страчаныя фрагмэнты сядзібы, абсталявана музэйная экспазыцыя. Сёлета дайшла чарга да навакольля — старажытнага парку і возера, якія таксама лічацца гісторыка-культурнай спадчынай.

Від на палац і капліцу з боку ставу
Від на палац і капліцу з боку ставу

Аднак працы «замарозіліся». Спэцтэхніка сышла, возера пачало зарастаць нанава. Хоць паводле нарматываў ваду трэба запускаць адразу ж пасьля чысткі, іначай усе стараньні будуць марнымі.

Адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на пэўную навацыю ў пэйзажы. Апроч прыбярэжнай Лебядзінай выспы, да якой па мастку любілі прагуляцца гаспадары, у цэнтры гатовая паўстаць яшчэ адна. Прынамсі, акультураныя спускі кажуць, што пад ваду яна ня пойдзе.

Аўтэнтычная Лебядзіная выспа
Аўтэнтычная Лебядзіная выспа

Як расказаў Сяргей Верамейчык, колішні навуковы супрацоўнік музэю Агінскага, насамрэч гэта куча друзу, якая засталася ад мінулай чысткі возера ў сярэдзіне 1970-х. Тады будаўнікі ці то паленаваліся вывезьці доннае сьмецьце, ці то вырашылі «ўпрыгожыць» ляндшафт. Але наступныя чатыры дзясяткі гадоў рукатворны «айсбэрг» сапраўды тырчаў над зарослай чаротам паверхняй. Відаць, вырашана яго пакінуць і наступным пакаленьням — адно што пазбавілі ад кустоўя.

Гэта пацьвярджае экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётар Южык. Ён родам з суседняй вёскі Зарудзічы, адзін з заснавальнікаў дабрачыннага фонду «Паўночныя Афіны Міхала Агінскага». Кажа, што ўсё дзяцінства правёў на возеры і ніякай выспы ў цэнтры не было. Мала таго, «наватвор» якраз перакрыў старое рэчышча, якое падыходзіла наўпрост да млына. Яго выпрасталі ў канал яшчэ за часамі калгасу імя Леніна. Вада адразу пачала застойвацца, заглейвацца і імкліва зарастаць.

Штучная выспа — помнік самадзейнасьці праектантаў
Штучная выспа — помнік самадзейнасьці праектантаў

Паводле спадара Южыка, прапанова аднавіць аўтэнтычны маршрут разглядалася на паседжаньнях камісій рознага ўзроўню, аднак выявілася, што гэта занадта турботна і дорага.

Час мінуў, тэрміны сарваныя

Справаздачыцца пра зробленую працу адказныя за рэалізацыю другога этапу рэканструкцыі мусілі ў апошні дзень кастрычніка. Аднак да фінішу яшчэ вельмі далёка. Як сказаў чалавек у спэцоўцы, якога ўдалося вылавіць на абʼекце, усё ўперлася ў тое, што трэба ўпарадкаваць валуны пры млыне, якія адмяжуюць стаў ад дамбы, а на тым баку — умацаваць плітамі берагі. Нічога з гэтага ня зроблена. У выніку працэс застопарыўся.

Выраўноўваньне берагоў за дамбай
Выраўноўваньне берагоў за дамбай

Тым ня меней, як запэўнівае аўтарка залескага праекту, архітэктарка Людміла Іванова, калі нейкія нязручнасьці і ёсьць, дык толькі часовыя. Пляны ў яе каманды маштабныя: адрамантаваць гідратэхнічныя збудаваньні, мэталічны і бэтонныя масткі над дамбамі, узнавіць страчаны мост да Лебядзінай выспы. А таксама ўпарадкаваць абодва паркі — пэйзажны ангельскі і рэгулярны францускі.

У першым адновяць алею праз сад, дарожкі, малыя архітэктурныя формы, лаўкі і масткі, зробяць клюмбы з кветкамі. Францускі парк быў кампазыцыйна зьвязаны з палацам, яны ўтваралі адзіную візуальную структуру. Такім ён, паводле задумы, зноў паўстане перад наведнікамі — у форме прастакутніка з геамэтрычнымі ўзорамі газонаў, кустоў і невысокіх дрэў.

Выпрастанае рэчышча залескага ставу
Выпрастанае рэчышча залескага ставу

Падалося, што нарэшце дайшлі рукі да млына. Яго на мяжы 1980–90-х узьвялі з нуля, паставіўшы на старыя падмуркі. Але за чвэрць стагодзьдзя ўжо стала цяжка адрозьніць, дзе аўтэнтычнае, а дзе падробка — матэрыялы былі нізкаякасныя, і ўжо навабуд сам пачаў выглядаць нібыта з XVIII стагодзьдзя. Пачалі распаўзацца сьцены, тырчыць сылікатная цэгла. Пакуль аднаўлялі адно, іншае ператваралася ў руіну.

І хоць побач зьявілася некалькі будаўнічых вагончыкаў, але нейкага «марафету» на будынку ня бачна. Мяркуючы па ўсім, тут адпачываюць будаўнікі, якія будуць займацца камянямі.

Некандыцыйны млын
Некандыцыйны млын

Аднаўляць так, каб карысталіся ўсе

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, які трапіў у Залесьсе як супрацоўнік інстытуту «Белспэцпраектрэстаўрацыя» яшчэ ў другой палове 1980-х, бачыць у падобных праектах яшчэ адну праблему — поўную адарванасьць ад мясцовых рэаліяў.

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Ні сядзіба, ні паркавы ансамбль ня могуць існаваць выключна як дэкарацыя для сэлфі, — кажа экспэрт. — Усё павінна жыць. Людзі павінны вырошчваць у цяплярні ананасы, штодня павінны ладзіцца мерапрыемствы. Усё трэба прыстасаваць найперш пад патрэбы мясцовых людзей, як мага больш даць ім працы. Даць ім адчуць, што гэта ня проста забаўка невядома для каго, а гэта ўсё іхняе, вынік і плён іх продкаў. А яны працягваюць іх працу, якая будзе даваць пэўныя дывідэнды, прыбыткі, ільготы. Каб яны адчувалі ўласную спрычыненасьць, каб прысутнасьць палацавага ансамбля, парку, таго ж ставу дадавала сэнсу таму, чым яны займаюцца. Іншымі словамі, любіць тое, што робіш, тады лепш будзеш рабіць тое, што любіш».

Від на гіпэртрафіраваную цяплярню
Від на гіпэртрафіраваную цяплярню

Сядзіба ў Залесьсі належала Агінскім ад ХVIII стагодзьдзя. Францішак Ксавэры падарыў яе ў 1802 годзе пляменьніку Міхалу Клеафасу. З новым гаспадаром даволі занядбаны драўляны будынак атрымаў абсалютна новае аблічча. Акрамя каменнага палаца зьявіліся каплічка, млын, альтанкі, аранжарэі, зьвярынец, вадаспад, бэльвэдэр, Лебядзіная выспа. Зь цягам часу паставілі валуны ў памяць арганізатара паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі і гувэрнэра Жана Ралея.

У адбудаванай і аздобленай на ўласны густ сядзібе кампазытар разам з жонкай і дзецьмі правёў найбольш плённыя два дзясяткі гадоў жыцьця. Тут былі створаныя самыя вядомыя музычныя творы, уключна з палянэзам ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»), тут ён пачаў пісаць мэмуары і артыкулы пра музыку. У часы Агінскага ў маёнтак, які ганарова зваўся Паўночнымі Атэнамі, з усёй Эўропы зьяжджаліся навукоўцы, музыкі, літаратары, мастакі.

Від на стаў і палац з боку Зарудзічаў
Від на стаў і палац з боку Зарудзічаў

За дзьве сотні гадоў пасьля адʼезду Міхала Клеафаса Агінскага ў Італію ягоны палац у Залесьсі перажыў этапы, характэрныя для многіх славутых мясьцін — ад велічы да заняпаду. Даліся ў знакі дзьве ўсясьветныя вайны. Пасьля таго як у 1939-м з палаца выселілі апошніх гаспадароў, паноў Жаброўскіх, у пакоях кватаравалі коні і калгасная тэхніка, потым тут быў прафілякторый і дом састарэлых. Спробы пачаць аднаўленьне на пачатку 1990-х плёну ня мелі: грошай хапіла на муляжы млына і альтанкі, а фасад узялі ў рыштаваньні.

Пісаў клясыку, слухае куранты

У канцы 2000-х актывізаваць аднаўленчыя працы на залескай сядзібе прымусіў 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага, празь які UNESCO абвясьціла 2015-ы годам гэтай выдатнай асобы. Тэрміны здачы ня раз пераносіліся, пэрманэнтныя крызісы зьядалі выдзеленыя сродкі. Да юбілею аўральную рэканструкцыю ўсё ж завяршылі, за выключэньнем навакольных пабудоў, парку і возера.

Сымбалічны гадзіньнік у залескім парку
Сымбалічны гадзіньнік у залескім парку

Пакуль ішло аднаўленьне сядзібы да юбілею слыннага гаспадара, знаўцы рэстаўрацыйнай галіны выказвалі нямала крытыкі: не падабаліся ім і мэтады працы няпрофільных арганізацый, і празьмернае захапленьне сучаснымі матэрыяламі, і неаўтэнтычныя прапорцыі навабудаў.

А кульмінацыяй стала ўсталяваньне на галоўнай вежы палаца гадзіньніка, які адбівае кожную гадзіну не багатым рэпэртуарам кампазытара Агінскага, а стылізаванымі пералівамі а-ля куранты маскоўскага Крамля.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG