Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі чысьціць стаў зь Лебядзінай выспай, любімае месца прамэнаду сямейства Агінскіх


Адбудаваная з сучасных матэрыялаў цяплярня

У маёнтку кампазытара, дыплямата, паўстанца Міхала Кляофаса Агінскага ў мястэчку Залесьсі на Смаргоншчыне пачаўся другі этап рэканструкцыі — ляндшафтны.

Працы дзеля аднаўленьня палацу, адбудовы страчаных фрагмэнтаў сядзібы і абсталяваньня музэйнай экспазыцыі былі скончаныя пазалетась, калі адзначаўся 250-гадовы юбілей гэтай выбітнай асобы.

Будаўнічая тэхніка на ставе
Будаўнічая тэхніка на ставе

Цяпер настала чарга ўпарадкаваць навакольле — старажытны парк і возера, якія таксама лічацца гісторыка-культурнай спадчынай. Увесну мэліяратары разабралі дамбу і спусьцілі ваду са ставу, а днямі пачалі чысьціць дно.

Чатыры экскаватары спрытна «зьлізваюць» плянтацыі касачоў, выраўноўваюць берагі, акультурваюць рэчышча, афармляюць выспы — найперш Лебядзіную, некалі зьвязаную з сушай мастком з вытанчанымі парэнчамі.

Аголенае рэчышча
Аголенае рэчышча

Паводле аўтаркі праекту рэканструкцыі Людмілы Івановай, фронт працаў гэтым не абмяжуецца: плянуецца адрамантаваць гідратэхнічныя збудаваньні, мэталічны і бэтонныя масткі над дамбамі, а таксама ўзнавіць страчаны мост да астраўка ў цэнтры возера.

Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што будаўнікі ня будуць злоўжываць новымі тэхналёгіямі — тое, што на пляцоўцы зьявіліся бэтонныя пліты, можа азначаць, што імі захочуць абкласьці берагавую лінію.

Лебядзіны востраў перад «зачысткай»
Лебядзіны востраў перад «зачысткай»

Захапленьне сучаснымі матэрыяламі, якія ня маюць нічога супольнага з аўтэнтыкай, не адпавядае міжнародным практыкам: так, над аранжарэяй масава асыпаюцца фрагмэнты бардзюру, выкананыя з пэнаплясту.

Пасьля ставу будаўнікі возьмуцца ўпарадкоўваць абодва паркі — ангельскі пэйзажны і рэгулярны францускі. У першым адновяць алею праз сад, дарожкі, малыя архітэктурныя формы, лаўкі і масткі, зробяць клюмбы з кветкамі.

Аранжарэя з адваленым дэкорам
Аранжарэя з адваленым дэкорам

Францускі парк быў кампазыцыйна зьвязаны з палацам, яны ўтваралі адзіную візуальную структуру. Такім, паводле праекту, ён і паўстане перад наведнікамі — у форме прастакутніку з геамэтрычнымі ўзорамі газонаў, кустоў і невысокіх дрэваў.

У сядзібным садзе зьявіліся вульлі
У сядзібным садзе зьявіліся вульлі

Сядзіба ў Залесьсі належала Агінскім ад ХVIII стагодзьдзя. Францішак Ксавэры Агінскі падарыў яе ў 1802 годзе пляменьніку Міхалу Кляофасу. З новым гаспадаром даволі занядбаны драўляны будынак атрымаў абсалютна новае аблічча. Акрамя каменнага палацу, зьявіліся каплічка, млын, альтанкі, аранжарэі, зьвярынец, вадаспад, бэльвэдэр, Лебядзіная выспа. Зь цягам часу паставілі валуны ў памяць пра арганізатара паўстаньня Тадэвуша Касьцюшку і гувэрнэра Жана Ралея.

Бэльвэдэр і фота на памяць
Бэльвэдэр і фота на памяць

У адбудаванай і аздобленай на ўласны густ сядзібе кампазытар разам з жонкай і дзецьмі правёў найбольш плённыя два дзясяткі гадоў жыцьця. Тут былі створаныя самыя вядомыя музычныя творы, уключна з палянэзам ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»), тут ён пачаў пісаць мэмуары і артыкулы пра музыку. У часы Агінскага ў маёнтак, які ганарова зваўся Паўночнымі Атэнамі, з усёй Эўропы зьяжджаліся навукоўцы, музыкі, літаратары, мастакі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG