Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Побач з «Паўночнымі Атэнамі» прыходзіць у заняпад аб’ект «Картаген»


«Паўночныя Атэны» пасьля рэстаўрацыі
«Паўночныя Атэны» пасьля рэстаўрацыі

Больш за месяц у Залесьсі на Смаргоншчыне ў адноўленай сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага працуе музэйная экспазыцыя, прысьвечаная былому гаспадару. У гонар 250-годзьдзя з дня нараджэньня кампазытара і грамадзкага дзеяча рашэньнем ЮНЭСКА ў шэрагу краінаў 2015-ты абвешчаны Годам Агінскага.

Адказныя за адбудаваны комплекс запэўніваюць, што ён стане месцам паломніцтва аматараў творчасьці кампазытара, піяніста, скрыпача Агінскага, дый увогуле эпохі шляхецкага рамантызму. Аднак навакольны антураж засмучае сваёй незавершанасьцю. Так і не дайшлі рукі будаўнікоў да млына, альтанкі, гаспадарчых пабудоваў. У руіны паступова ператвараецца шматпавярховы будынак прафілякторыя прадпрыемства «Смаргоньсылікатабэтон», узьведзены наўпрост на сядзібнай тэрыторыі: нейкі час таму ён стаў для прадпрыемства непад’ёмным грузам, і яго скінулі з заводзкага балянсу.

Прафілякторый у Залесьсі зьняты з усіх балянсаў
Прафілякторый у Залесьсі зьняты з усіх балянсаў

І калі ў мясцовых уладаў насамрэч ёсьць пляны пераўтварыць Залесьсе ў турыстычную Мэку, то варта падбаць і пра тое, дзе госьці могуць спыніцца на начлег. У суседніх Смаргонях гатэльная інфраструктура пакідае жадаць лепшага, а глядзець, як занепадае капітальнае збудаваньне — мякка кажучы, не па-гаспадарску.

Колішні музэйны работнік Сяргей Верамейчык, які пры канцы 1980-х прыехаў са сталіцы ў Залесьсе з пэўнай мэтай — дапамагчы ўзьняць радавое гняздо Агінскіх — сумна жартуе: за чвэрць стагодзьдзя адрамантавалі «Паўночныя Атэны» (так называлі маёнтак сучасьнікі Агінскага), а тым часам побач паўстаў мясцовы «Картаген»:

Сяргей Верамейчык, дасьледчык гісторыі роду Агінскіх
Сяргей Верамейчык, дасьледчык гісторыі роду Агінскіх

«Будынак ужо досыць даўно прададзены Смаргонскім райвыканкамам прыватніку ў Менску. Але ў такім нязьменным выглядзе гэты гмах стаіць ужо гадоў 7–8, ніяк ня могуць яго ўладкаваць. І колькі я тут ужо жыву, кожны, хто сюды прыяжджае, пачынае зь веданьнем справы разважаць: як было б добра яго пераабсталяваць, зрабіць гэткім гатэлем ці гасьцявым домам пры сядзібе. То бок перабудаваць у жылы комплекс, каб было дзе ня толькі спыніцца турыстам, але і адмыслоўцам правесьці канфэрэнцыю, круглы стол і г.д. Аднак замест гэтага ён паціху развальваецца, нічога, на жаль, тут ня робіцца. Будзе, відаць, іншая скрайнасьць: з горам папалам адрэстаўравалі Паўночныя Атэны, а гэта будуць разваліны Картагену».

Будынак трымаецца — пакуль
Будынак трымаецца — пакуль

Слаба верыцца, што які дзясятак гадоў таму ў будынку яшчэ «жывога» прафілякторыя спадар Верамейчык вёў школьны гурток, займаўся зь дзецьмі маляваньнем і музыкай. Іншымі словамі, тут ня толькі аздараўляліся работнікі сылікатнага заводу, але і культурны асяродак меў свой куток.

Зрэшты, пад санаторый-прафілякторый некалі меліся прыстасаваць саму сядзібу. Дзеля гэтага ў 1977 годзе яе перадалі на балянс усё таго ж «Смаргоньсылікатабэтону». Але пераабсталёўваць аказалася цяжэй, чым узьвесьці побач асобны корпус. Так на прылеглай тэрыторыі паўстаў трохпавярховік, які цяпер паўтарае долю маёнтка. Ня выключана, што і цяпер дылема — аднавіць ці разбурыць — вырашыцца на карысьць меншых затратаў. То бок пусьцяць нерэнтабэльную спаруду пад бульдозэр, не тлумячы больш сабе галаву гатэльнымі пэрспэктывамі.

Яшчэ ўгадваюцца абрысы санаторнай алеі
Яшчэ ўгадваюцца абрысы санаторнай алеі

Пра адносіны да помнікаў архітэктуры і спадарожнай інфраструктуры — вядомы гарадзенскі дасьледчык, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. У 1980-я ён працаваў у Залесьсі на археалягічных раскопках, і некаторыя рэчы праз 30 гадоў выклікаюць у адмыслоўца непрыхаванае расчараваньне. Напрыклад, ідэя пераабсталяваць у гатэльныя нумары памяшканьне адноўленай цяплярні — яе ў гіпэртрафіраваным выглядзе збудавалі па старых чарцяжах. Як вярнуць страчаную некалі частку сядзібы — размова асобная, але досыць дзіўна рабіць «інтэрнат», калі побач развальваецца будынак, у якім можна разьмясьціць не дзясятак, а сотні турыстаў:

Гіпэртрафіраваная цяплярня стане гатэлем
Гіпэртрафіраваная цяплярня стане гатэлем

«Гэта ўтылітарны трэнд, які намагаюцца працягнуць усюды: гатэль, лазьня і г.д. Ня ведаю, як гэта назваць, проста элемэнтарная непісьменнасьць. Тым больш што побач дом адпачынку сылікатнага заводу. Вось там і разьмяшчайце гатэль, літаральна за 200 мэтраў ад сядзібы. А так — поўны прымітыў. Я лічу, што сёньня мае месца працяг той палітыкі рэстаўрацыі, якая сьвядома праводзілася ў савецкія часы. За саветамі была імітацыя рэстаўрацыі, яна заканчвалася на ўзроўні рэалізацыі: за ўвесь пэрыяд існаваньня БССР ніводнага буйнога аб’екта не зрабілі. Нягледзячы на тое, што былі добрыя, абазнаныя гісторыкі, нядрэнныя археолягі, якія дасьледавалі аб’екты, някепскія архітэктары, якія рабілі праекты. Але потым аказвалася, што, прыкладам, аркавы праём ніхто ў краіне ня можа выкласьці, няма такіх майстроў, каб аднавіць... Будынак, рэстаўрацыя, архітэктура, гэтаксама як беларускае кіно — гэта аб’екты, якія маюць вялікае ўзьдзеяньне на публічнасьць. У нас жа архітэктура эўрапейская, а гэта было не патрэбна камуністам ні маскоўскім, ні нашым — паказваць эўрапейскасьць Беларусі. Таму імітавалі. У свой час я шмат гадоў адпрацаваў у рэстаўрацыі ў Менску і ведаю, што кажу».

Ад прафілякторыя да сядзібы — поле перайсьці
Ад прафілякторыя да сядзібы — поле перайсьці

У валоданьне Міхала Клеафаса Агінскага драўляная сядзіба ў Залесьсі перайшла на пачатку ХІХ стагодзьдзя ад ягонага бязьдзетнага дзядзькі, кухмістра ВКЛ Францішка Ксавэрыя Агінскага. Неўзабаве новы гаспадар, які ў часы перасьледу паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі пасьпеў пажыць у Парыжы і Вене, пачаў узводзіць побач з састарэлым палацам каменныя Атэны — палацава-паркавы комплекс у стылі клясыцызму.

Колішні парадны ўваход заводзкага прафілякторыя
Колішні парадны ўваход заводзкага прафілякторыя

За наступныя дзьве сотні гадоў палац перажыў этапы, характэрныя для многіх славутых мясьцінаў: ад велічы да заняпаду. Фізычна пашкодзілі будынкі ўсясьветныя войны, маральна зьнявечылі бальшавікі. Пасьля таго як у 1939-м адсюль выселілі апошніх гаспадароў, паноў Жаброўскіх, у пакоях кватаравалі коні і калгасная тэхніка, а потым дом састарэлых. Спробы пачаць аднаўленьне на пачатку 1990-х плёну ня мелі: грошай хапіла на муляжы млына і альтанкі, а фасад узялі ў рыштаваньні. Як кажа Алесь Краўцэвіч, цяпер ужо цяжка адрозьніць, дзе аўтэнтычнае збудаваньне, а дзе падробка:

Адноўлены млын: руіна з 1980-х
Адноўлены млын: руіна з 1980-х

«У Залесьсі ёсьць яшчэ такі цікавы аб’ект, як млын. Дык вось гэты млын чвэрць стагодзьдзя таму ўзьвялі фактычна з нуля, паставіўшы яго на старыя падмуркі. То бок зусім нядаўна. Але цяпер ён сам выглядае як аб’ект XVIII стагодзьдзя. Таму што развальваецца, распаўзаюцца сьцены, з усіх кутоў тырчыць цэгла, якая таксама разбураецца. Толькі цэгла, як вы разумееце, не XVIII стагодзьдзя, а нашага часу, ХХ стагодзьдзя. Вось такая рэстаўрацыя. То бок за 25–30 гадоў рэстаўрацыі ня толькі нешта аднавілі, але пасьпелі асобныя аб’екты зноў ператварыць у руіну. Дарэчы, калі мы пачыналі рэстаўрацыю, то зь сядзібы якраз выселілі дом састарэлых, была выламаная ўся старая сталярка, разьбітыя ўсе кафляныя печы. Вось гэта называецца рэстаўрацыяй па-беларуску. Яна нібыта ёсьць, але пры гэтым яна не павінна быць».

У канцы 2000-х актывізаваць аднаўленчыя працы на залескай сядзібе прымусіў 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага, празь які ЮНЭСКА абвясьціла 2015-ты годам гэтай выбітнай асобы. Тэрміны здачы шмат разоў пераносіліся, бо пэрманэнтныя крызісы зьядалі выдзеленыя сродкі. Да юбілею аўральную рэканструкцыю збольшага завяршылі, за выключэньнем некаторых навакольных пабудоваў.

Даўгабуд: альтанка Амэліі, дачкі Агінскага
Даўгабуд: альтанка Амэліі, дачкі Агінскага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG