Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адвакат — не кампутар» — Ганна Бахціна, якую пазбавілі ліцэнзіі пасьля абароны «Белага легіёну», судзіцца зь Мінʼюстам


Ганна Бахціна

27 кастрычніка ў Маскоўскім раённым судзе пачаўся разгляд пазову адваката Ганны Бахціной да Міністэрства юстыцыі. Бахціна просіць суд абавязаць Мінʼюст адмяніць пастанову, паводле якой у верасьні яе пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі. Таксама Ганна Бахціна даводзіць, што інакш як праз суд ніяк не магла аспрэчыць рашэньне атэстацыйнай камісіі, якая прызнала яе кваліфікацыю нізкай.

12 верасьня кваліфікацыйная камісія пры Мінʼюсьце, якую ўзначальвае намесьнік міністра Мікалай Старавойтаў, выклікала Ганну Бахціну і яшчэ больш за 20 адвакатаў на нечарговую атэстацыю. Ганну Бахціну атэстоўвалі першай, і для яе вынік аказаўся сумны. Камісія вырашыла, што абаронца з 30-гадовым стажам недастаткова кваліфікаваная, каб працаваць адвакатам. Прычым адносна Бахціной маглі прыняць прамежкавае рашэньне — прызначыць новую атэстацыю праз паўгода, але камісія вырашыла пытаньне адразу і канчаткова. А ўжо праз два дні на падставе гэтага рашэньня Мінʼюст прыняў пастанову аб ануляваньні адвакацкай ліцэнзіі Ганны Бахціной.

Адвакатка падала на Мінʼюст у суд. Ганна Бахціна мяркуе, што яе пазбавілі ліцэнзіі за тое, што абараняла актывістаў апазыцыі. Сярод яе кліентаў сапраўды было шмат вядомых апазыцыянэраў: Ірына Халіп, Эдуард Пальчыс, Мікалай Статкевіч, лідэр «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.

У судовую залю сёньня прыйшлі шмат хто з былых кліентаў, а таксама калегі, праваабаронцы і грамадзкія актывісты. Перад судом Ганьне Бахціной падаравалі кветкі.

Ірына Халіп і Эніра Браніцкая прыйшлі падтрымаць Галіну Бахціну
Ірына Халіп і Эніра Браніцкая прыйшлі падтрымаць Галіну Бахціну

«Мяне атэстоўвалі паўтары гадзіны — такога ніколі не было»

31 ліпеня 2017 году Мінʼюст праверыў юрыдычную кансультацыю Фрунзенскага раёну Менску, дзе працавала Ганна Бахціна, і выявіў некаторыя хібы ў справаводзтве, якое вяла вядомая адвакатка. Праз два месяцы, 12 верасьня, гэта ёй прыгадалі на кваліфікацыйнай камісіі, куды выклікалі для нечарговай атэстацыі. Пра сваю атэстацыю былая адвакатка паведаміла суду наступнае.

«У мяне знайшлі парушэньні, якія тычацца інструкцый аб захоўваньні дагавораў і ордэраў. Гэта з пытаньня арганізацыі працы, але не маёй кваліфікацыі. Я тлумачыла на атэстацыйнай камісіі, што мы самі блянкі дома не вырабляем. Але камісія палічыла гэта маім асабістым парушэньнем, ды яшчэ пазначыла, што я з гэтым нібыта пагадзілася.

Тое самае і пра нібыта парушэньне парадку захоўваньня ордэраў. Але ж зноў: я ды іншыя адвакаты захоўваньнем ордэраў не займаемся, і карашкі ордэраў ня мы пазначаем нумарамі. Яны прастаўленыя на блянках, і таму ва ўсіх нас адначасова ня можа быць карашка з нумарам 1, як патрабавалі правяраючыя. Я не прызнавала і не прызнаю гэта парушэньнем, бо ня маю да гэтага дачыненьня.

Адносна даты ў дакумэнтах, якія я нібыта ня ўнесла. Дата ўносіцца тады, калі аказаная паслуга. Таму гэта таксама ня можа быць парушэньнем і ня можа сьведчыць пра маю кваліфікацыю.

Упершыню за 25 гадоў я зрабіла такую памылку. Але яна ня можа сьведчыць аб маёй недастатковай кваліфікацыі як адваката

Але некаторыя дробныя парушэньні былі, прызнаю».

Ганна Бахціна прызнала, што на адной дамове не было подпісу кліента. «Кліент пайшоў па грошы, каб расплаціцца, я ж пакінула дакумэнт для ягонага подпісу пасьля аплаты, а сама пабегла па тэрміновых справах, бо не магла чакаць. Кліент ня скардзіўся».

Яшчэ пра адну дамову, складзеную нібыта з парушэньнем, экс-адвакатка сказала:

«Так, там закралася памылка, але яна была фармальная і не прывяла да парушэньня права грамадзяніна. Упершыню за 25 гадоў я зрабіла такую памылку. Але яна ня можа сьведчыць аб маёй недастатковай кваліфікацыі як адваката».

Паводле Ганны Бахціной, яе атэстацыя доўжылася амаль паўтары гадзіны. «За 25 год працы ў менскай калегіі адвакатаў я шмат разоў была на атэстацыях, але ніводнага разу атэстацыя столькі не цягнулася», — згадала Ганна Бахціна.

«Адвакат не павінен ведаць усе кодэксы на памяць, а павінен спаслацца на патрэбны закон для абароны кліента»

Ганна Бахціна ў судзе
Ганна Бахціна ў судзе

З расповеду Ганны Бахціной пра атэстацыю вынікае, што ставіліся да яе адразу перадузята.

«Я пераканалася, што мелі рацыю тыя, хто мяне папярэджваў, што я камісію не прайду. Доўга тлумачыла ўсё тое, што цяпер у судзе, чаму я не лічу тыя парушэньні парушэньнямі. Нарэшце ў канцы старшыня камісіі Старавойтаў запатрабаваў задаваць мне пытаньні па галінах права. Мяне спыталі пра новыя зьмены ў Крымінальны кодэкс, якія былі прынятыя 6 верасьня, за 6 дзён да таго. Але ў жніўні я была ў адпачынку, нешта не пасьпела даведацца. Усё роўна мяне папракнулі, што я ня ведаю гэтых зьменаў. Але адвакат ня мусіць быць кампутарам ці машынай, якая з ходу адказвае на любыя пытаньні. Прафэсіяналізм адваката ў тым, каб даведаецца пра ўсе зьмены, знайсьці патрэбны закон і аказаць дапамогу кліенту».

Мяне адразу зноў запрасілі на камісію, але я не магла адказваць, бо рот быў заняты таблеткамі

Паводле Ганны Бахціной, у канцы атэстацыі ёй стала блага і яна папрасіла перапынку, каб прыняць лекі.

«З маім захворваньнем я прымаю лекі, якія не глытаюцца, а рассмоктваюцца. Мяне адразу зноў запрасілі на камісію, але я не магла адказваць, бо рот быў заняты таблеткамі. Таму я сказала, што мне дрэнна і адказваць я не магу».

У выніку Ганьне Бахціной абвясьцілі, што яна не прайшла атэстацыі і ня можа далей займацца адвакацкай дзейнасьцю. Дзіўна, але нават пры «нізкай кваліфікацыі» Бахціна ведала, што ў атэстацыйным лісьце павінна быць пазначаная матывіроўка, чаму прынята такое рашэньне. «Гэтага не ўказалі, і таму я адмовілася падпісваць атэстацыйны ліст», — сказала суду экс-адвакат.

«Мяне міліцыянт не пускаў у ваш Мінʼюст»

14 верасьня 2017 году, ужо праз два дні, дзейнасьць адвакацкай ліцэнзіі Ганны Бахціной Мінʼюст ануляваў. У судзе ўзьнікла пытаньне, чаму адвакатка не аспрэчыла рашэньне атэстацыйнай камісіі за час пасьля 12 верасьня, калі прайшла атэстацыя?

Пра гэта Ганну Бахціну запытала прадстаўніца Мінʼюсту на працэсе Алена Радавольская.

Бахціна нават абурылася:

«Мяне міліцыянт на парог у ваш Мінʼюст не пускаў! І ніхто не даслаў матывацыю. Як я магла аспрэчыць рашэньне кваліфікацыйнай камісіі? І 14 верасьня на паседжаньне ў Мінʼюсьце мяне не запрасілі, нават не паведамілі, што будзе прымацца такое лёсавызначальнае для мяне рашэньне».

Паводле Ганны Бахціной, за ўсімі рашэньнямі адносна яе стаіць адзін чалавек — намесьнік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, які ўзначальвае кваліфікацыйную камісію. Сакратар камісіі Алена Шаўчонак на гэта запярэчыла, што рашэньне адносна Бахціной было калегіяльным.

Пазыцыя Мінʼюсту: Не адказала на пытаньні і недакладна складала дакумэнты

Алена Радавольская і Алена Шаўчонак
Алена Радавольская і Алена Шаўчонак

Прадстаўніца Мінʼюсту Алена Радавольская сказала суду, што Ганна Бахціна не прайшла атэстацыю па выніках праверкі, а таксама гутаркі на камісіі, бо недакладна адказала на пытаньні адносна апошніх зьменаў у Крымінальны кодэкс і адмовілася адказваць на іншыя пытаньні. Алена Радавольская, якая прысутнічала на паседжаньні камісіі, мяркуе, што Бахціна не адказала на пытаньне не з прычыны стану здароўя, а таму, што ня ведала адказу. Што да праверкі дакумэнтацыі, якую вяла Ганна Бахціна, дык прадстаўніца Мінʼюсту лічыць, што парушэньні ў працы Бахціной былі выяўленыя дакладна.

«Хіба адсутнасьць подпісу кліента ў дамове — гэта не сурʼёзнае парушэньне? Дый частку парушэньняў Ганна Бахціна сама пацьвердзіла сёньня ў судзе», — сказала Алена Радавольская.

Пра незвычайную працягласьць атэстацыі Ганны Бахціной на камісіі чыноўніца сказала, што гэта сама Бахціна больш за гадзіну давала тлумачэньні адносна сваіх парушэньняў.

«Яе слухалі і не перапынялі. І змаглі задаць толькі два пытаньні».

Сьлед «Белага легіёну»

Колішнія падабаронныя Ганны Бахціной Эдуард Пальчыс і Міраслаў Лазоўскі ў судзе
Колішнія падабаронныя Ганны Бахціной Эдуард Пальчыс і Міраслаў Лазоўскі ў судзе

Паводле Ганны Бахціной, у той дзень, 12 верасьня, калі працавала атэстацыйная камісія, было заслухана 25 адвакатаў, але толькі адносна яе было вырашана, што яе кваліфікацыя не адпавядае званьню адваката. Бахціна спытала, чаму адносна яе не прынялі рашэньня вынесьці папярэджаньне, што дазваляе ўказ, альбо не прызначылі пераатэстацыю праз паўгода? Алена Радавольская адказала, што толькі адна Бахціна не адказала на пытаньні падчас гутаркі, а большасьць адказалі дакладна.

Суд дапытаў сьведку Натальлю Мацкевіч, якая працуе адвакатам Менскай гарадзкой калегі адвакатаў. 12 верасьня Натальлю Мацкевіч выклікалі на нечарговую атэстацыю, як і Бахціну. Сьведка цалкам пацьвердзіла расповед Ганны Бахціной пра тое, як праходзіла атэстацыя.

«Мяне запрасілі на 11 гадзін, там было каля 20 чалавек, і я ведала, што Бахціна была ў сьпісе першай. Яна была на атэстацыі каля гадзіны, што было дзіўным. Незразумела, што гэтак доўга зь ёй абмяркоўвалі. Мы ўсе былі ў эмацыйнай напрузе, бо гэта ўпершыню, каб Мінʼюст праводзіў нечарговую атэстацыю. Калі Ганна Віктараўна выйшла адтуль, дык была ў дрэнным стане, сьлёзы на вачах, пачала прымаць лекі і запіваць валярʼянкай. Але праз тры хвіліны яе зноў запрасілі на камісію, і калі вярнулася, дык сказала, што не атэставаная з прычыны нізкай кваліфікацыі і што не падпісала атэстацыйны ліст, бо не былі пазначаныя матывы неатэстацыі».

Бахціна спытала ў сьведкі, якое рашэньне адносна яе самой прыняла камісія. Аказалася, што магістар права, адвакат Натальля Мацкевіч той жа камісіяй была прызнаная недастаткова кваліфікаванай з патрабаваньнем пераатэстацыі праз паўгода. Ёй сябры камісіі задавалі пытаньні з галіны, у якой яна зусім не спэцыялізуецца.

Ганна Бахціна заўважыла, што Мацкевіч, як і яна, абараняе фігурантаў справы «Белага легіёну», і ўсе адвакаты, якія пагадзіліся абараняць фігурантаў гэтай справы, паводле Бахціной, не прайшлі атэстацыю зь першага разу. Іх чакае пераатэстацыя. Паводле сайту «Вясны», такіх адвакатаў — каля дзесяці.

У працэсе па пазове Ганны Бахціной да Мінʼюсту абвешчаны перапынак да 30 кастрычніка.

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла гэтак пракамэнтаваў суд па справе Ганны Бахціной:

«Пакуль я бачу, што прадстаўнікі Мінʼюсту дрэнна ведаюць законы, якія рэгулююць пытаньні працы адвакатаў і ліцэнзаваньня іх дзейнасьці. Мінʼюст зблытаў розныя рэчы. Кваліфікацыя адваката павінна вызначацца па тым, ці ёсьць да яго прэтэнзіі ад кліентаў, судоў, пракуратуры. А тыя дробныя парушэньні ў справаводзтве, якія знайшлі ў Бахціной, гэта зусім іншыя рэчы, і дысцыплінарныя рашэньні адносна іх павінны прымаць адвакацкія органы самакіраваньня. У рашэньні адабраць у Бахціной ліцэнзію відавочны зусім іншы матыў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG