Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію імя Паўла Шарамета прысудзілі зьняволенаму азэрбайджанскаму журналісту


Афган Мухтарлы — незалежны азэрбайджанскі журналіст-дасьледчык. Архіўнае фота

Прэміяй імя Паўла Шарамета, заснаванай Форумам грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», уганараваны Афган Мухтарлы — незалежны азэрбайджанскі журналіст-дасьледчык, якога спэцслужбы выкралі ў Грузіі 29 траўня і тайна перавезьлі ў Азэрбайджан.

Як паведамляе сайт форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», сёньня прэмію ўручылі ягонай жонцы Лейле Мустафаевай, паколькі яе муж дагэтуль знаходзіцца ў турме. Журналісты з 16 краінаў патрабуюць ягонага вызваленьня. Афган Мухтарлы пісаў артыкулы аб незаконным трафіку і кантрабандзе празь мяжу Азэрбайджану.

Цырымонія ўзнагароджаньня адбывалася ў Таліне, дзе адбываецца штогадовая асамблея Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў Усходняга партнэрства.

Лейла Мустафаева паведаміла, што яе муж перадаў праз адваката ліст са зваротам да ўдзельнікаў форуму, але потым адваката абшукалі і канфіскавалі гэты дакумэнт.

Лейла Мустафаева, жонка Афгана Мухтарлы, прымае ўдзел на мітынгу ў Тбілісі. Грузія, 31 траўня 2017 году
Лейла Мустафаева, жонка Афгана Мухтарлы, прымае ўдзел на мітынгу ў Тбілісі. Грузія, 31 траўня 2017 году

Летась гэтай прэміяй быў адзначаны крымскі журналіст Мікола Сэмэна, які супрацоўнічаў з Радыё Свабода і арыштаваны расейскімі акупацыйнымі ўладамі Крыму.

Прэмія імя Паўла Шарамета заснаваная ў 2016 годзе і ўручаецца журналістам з краінаў праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» за сьмеласьць і адданасьць журналісцкім стандартам.

Павал Шарамет трагічна загінуў ад выбуху раніцай 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, забойцы падклалі выбуховы прылад пад ягоны аўтамабіль. Сьледзтва схіляецца да вэрсіі аб прафэсійных матывах забойства, але ні арганізатараў, ні выканаўцаў выбуху не знайшлі. Нацыянальная паліцыя з 24 ліпеня 2017 году засакрэціла ўсе рашэньні судоў у справе Паўла Шарамета.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG