Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд засакрэціў інфармацыю ў справе Шарамета на хадайніцтва сьледчых, — Авакаў


Акцыя памяці Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2017

Суд засакрэціў судовыя рашэньні ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета на хадайніцтва сьледчых, паведаміў міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў.

«Сьледзтва ня можа адбывацца пад відэакамэрамі і пастаянным наглядам свабодных фрылянсэраў-журналістаў. Сьледзтва — гэта працэс, які прадугледжвае пэўную закрытасьць для забесьпячэньня выніку і эфэктыўнасьці», — пракамэнтаваў Авакаў.

У сваю чаргу старшыня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Сяргей Князеў заявіў, што просьба пра закрыцьцё інфармацыі па справе выкліканая грамадзкім рэзанансам.

«Улічваючы сытуацыю, што гэтае правапарушэньне — адно з тых, якое мае вялікі грамадзкі рэзананс, мы зьвярнуліся ў суд аб закрыцьці інфармацыі ў адкрытым рэестры. Суд нам узгадніў гэта, і мы працуем далей», — дадаў Князеў.

Паводле яго, сьледчая група па расьсьледаваньні забойства Паўла Шарамета апрацоўвае шэраг працоўных вэрсіяў і без рашэньняў суду далей нельга праводзіць сьледчыя дзеяньні.

21 верасьня ў СМІ зьявілася інфармацыя, што Нацыянальная паліцыя Ўкраіны з 24 ліпеня засакрэціла ўсе рашэньні судоў па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета. Прычына гэтага рашэньня не называлася.

Афіцыйнага падазраванага дагэтуль няма

Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 у цэнтры Кіеву ў выніку падрыву аўтамабіля. Украінская ўлада кваліфікуе сьмерць журналіста як наўмыснае забойства. Да гэтага часу афіцыйнага падазраванага ў расьсьледаваньні забойства Шарамета няма.

Раней праваахоўнікі ўжо заяўлялі, што да працы над справай прыцягваліся міжнародныя службы ФБР і Інтэрпол, але пра вынікі іх працы не паведамлялі.

12 ліпеня міжнародная арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» у сваёй справаздачы раскрытыкавала расьсьледаваньне забойства Шарамета і заявіла, што амаль праз год пасьля забойства яно выклікае больш пытаньняў, чым адказаў.

Павел Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлебачаньня, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990-х — 2000-х гадах кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу ОРТ, пасьля — «Першага каналу». Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Украінская праўда», а таксама на радыё «Весьці».

XS
SM
MD
LG