Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У калёніі схуднеў на 30 кіляграмаў». Выйшаў на волю актывіст, якога зьняволілі за «маральную і фізычную шкоду супрацоўніку ДАІ»


Аляксей Мілюкоў на свабодзе.

З Горацкай папраўчай калёніі № 9 выйшаў на волю актывіст прафсаюзу РЭП і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксей Мілюкоў. Падчас знаходжаньня ў вязьніцы ён схуднеў на трыццаць кіляграмаў. Аляксей тройчы абвяшчаў галадоўкі пратэсту. Сваёй віны ў інкрымінаванай яму справе не прызнаў.

18 ліпеня 2014 году суд Бабруйскага раёну пакараў Аляксея Мілюкова трыма гадамі абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі адкрытага тыпу за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», а таксама нанясеньні маральнай і фізычнай шкоды супрацоўніку ДАІ". У верасьні 2016 году Наваполацкі суд зьмяніў меру пакараньня і асудзіў Мілюкова паводле артыкулу 415 Крымінальнага кодэксу нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі, пасьля чаго яго накіравалі ў Горацкую калёнію.

Патрабаваў паважлівага стаўленьня — выносілі спагнаньні

Сваёй віны Аляксей не прызнаў. Арышт зьвязвае зь дзейнасьцю свайго бацькі Алега Жалнова, які выкрывае правапарушэньні супрацоўнікаў міліцыі. Паводле Мілюкова ў зьняволеньні ён спазнаў ціск і з боку прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчых установаў, і з боку асуджаных, якія супрацоўнічалі з кіраўніцтвам вязьніц.

«У бальшыні супрацоўнікаў няма ні гонару, ні годнасьці, — заявіў журналістам Аляксей, толькі выйшаўшы на свабоду. — Што ім кажуць, тое яны і робяць. Фальсыфікуюць дакумэнты, у судах даюць ілжывыя паказаньні. У гэтай калёніі паважлівага стаўленьня да асуджаных няма. Я патрабаваў да сябе такога стаўленьня і праз гэта цярпеў».

Аляксей Мілюкоў з жонкай Сьвятланай. Пабраліся шлюбам за месяц да зьняволеньня. Аляксей узяў жончына прозьвішча.
Аляксей Мілюкоў з жонкай Сьвятланай. Пабраліся шлюбам за месяц да зьняволеньня. Аляксей узяў жончына прозьвішча.

У Горацкую калёнію Мілюкоў прыбыў 30 сьнежня 2016 году. Прабыў 295 дзён, зь іх 286 яго трымалі ў памяшканьні камэрнага тыпу і штрафным ізалятары. Паводле Аляксея яму не давалі азнаёміцца з дакумэнтамі, якія афармлялі за нібыта учыненыя ім правапарушэньні. Ён спадзяецца, што яны захаваліся ў Горацкім судзе. Перад вызваленьнем у Аляксея зьніклі запісы, якія ён рабіў падчас разгляду спраў.

Адкрыта не казалі, што я палітычны, але гэта адчувалася

«Як толькі я прыбыў, мяне прымушалі мыць прыбіральні, каб зьняважыць. Гэта не прынята рабіць у такіх месцах, бо ёсьць людзі з пэўных статусам, якія выконваюць такую працу. Калі перавялі ў камэру, то прызначалі спагнаньні за нібыта сон, за не прыборку, — казаў вызвалены актывіст. — Каралі перад прыездам адваката альбо за тое, што я адпраўляў заяву пра парушэньне маіх правоў у адміністрацыю. За гэта адпраўлялі ў карцэр».

«Мяне спрабавалі зламаць. Уся гэтая сыстэма, можна сказаць, змагалася са мною адным, — працягваў Мілюкоў. — Правакавалі мяне на фізычныя дзеяньні супраць іншых асуджаных. Асуджаным загадалі са мною не гаварыць. Зьняволеныя самі ў мяне выпытвалі, чаму са мною нельга гаварыць. Усім тым, хто наважыўся са мною загаварыць, пазьней выносілі дысцыплінарныя спагнаньні».

Аляксей Мілюкоў з маці Яўгеніяй. Пабачыўшы сына, Яўгенія залямантавала: «Што яны там з табою зрабілі»
Аляксей Мілюкоў з маці Яўгеніяй. Пабачыўшы сына, Яўгенія залямантавала: «Што яны там з табою зрабілі»

«Незадоўга да вызваленьня, абсалютна незнаёмыя мне людзі пагражалі сэксуальным гвалтам праз тое, што я палітычны. Яны давалі зразумець, што зь мяне будуць зьдзекавацца. Зразумела, што адкрыта мне ніхто не казаў, што я палітычны, але па стаўленьні да мяне гэта адчувалася», — перакананы вызвалены актывіст.

«Буду жыць з жонкай спакойна і шчасьліва»

За час адбыцьця пакараньня Аляксей схуднеў на трыццаць кіляграмаў. Паводле яго ў калёніі ежа якасная, але яе мала. Некалькі разоў на знак пратэсту ён абвяшчаў галадоўкі.

«Я тры разы абвяшчаў галадоўкі, калі сядзеў у ШЫЗА. Першы раз дзесяць дзён галадаў, другі — пяць, апошні — шэсьць. Спыняў галадоўкі, бо не было сэнсу працягваць іх па вызваленьні з карцэру, — тлумачыў журналістам Мілюкоў.

Паплечнікі сустрэлі Аляксея Мілюкова з кветкамі
Паплечнікі сустрэлі Аляксея Мілюкова з кветкамі

На 12 месяцаў за Аляксеем Мілюковым устаноўлены прэвэнтыўны нагляд. На пытаньне, што будзе ён рабіць на свабодзе, адказаў: «Жыць з жонкай спакойна і шчасьліва».

Сустракаць Аляксея прыехала жонка Сьвятлана, бацькі Яўгенія і Алег Жалновы, а таксама паплечнікі па партыі і прафсаюзу. Вызваленьня чакалі больш за сем гадзінаў.

Маці і жонка пачалі здымаць з сына турэмную робу
Маці і жонка пачалі здымаць з сына турэмную робу

Інцыдэнт, які стаўся нагодай для крымінальнай справы супраць Аляксея Жалнова, здарыўся 4 верасьня 2013 году. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цьвердзіць, з парушэньнем правілаў дарожнага руху ля бабруйскага ДАІ, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, зьвінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак.

У студзені 2014 году супраць Аляксея Жалнова завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». З пазовам зьвярнуўся капітан міліцыі Аляксандар Бутоўскі. Паводле матэрыялаў справы, Мілюкоў ударыў міліцыянта па галаве, зрабіўшы яму страсеньне мозгу. https://www.svaboda.org/a/25462359.html

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG