Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксея Мілюкова, сына бабруйскага блогера Жалнова, адпраўляюць у турму


Алег Жалноў з сынам Аляксеем
Алег Жалноў з сынам Аляксеем

Мілюкова прызналі вінаватым у парушэньні артыкула 415 Крымінальнага кодэксу — «Ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі». Ухіленьне выявілася ў парушэньнях рэжыму ўтрыманьня. Гэтыя парушэньні зафіксаваныя адміністрацыяй Наваполацкай папраўчай установы адкрытага тыпу № 15, і паводле рашэньня суду Аляксей мусіць быць пераведзены ў закрытую ўстанову на адзін год.

Суд над Аляксеем Мілюковым, сынам бабруйскага блогера Алега Жалнова, распачаўся яшчэ 16 жніўня. Працэс вёў асабіста старшыня Наваполацкага гарадзкога суду Пётар Ляўчонак.

Прычынаў, дзеля якіх судзілі Аляксея Мілюкова, падчас працэсу было названа некалькі. Цяпер ён адбывае трохгадовае пакараньне ў Наваполацкай папраўчай установе адкрытага тыпу № 15. Сюды яго перавялі з гомельскай папраўчай установы адкрытага тыпу № 22.

Усяго за час адбыцьця пакараньня ў папраўчых калёніях зь ліпеня 2014 году Аляксей Мілюкоў атрымаў 8 спагнаньняў. Ягоны бацька, бабруйскі блогер Алег Жалноў, лічыць, што прычына надзвычайнай увагі да сына тлумачыцца ягонай, Алега Жалнова, грамадзкай дзейнасьцю: ён ня раз выкрываў парушэньні, учыненыя супрацоўнікамі бабруйскай міліцыі, здымаў гэта на відэакамэру і зьмяшчаў відэаролікі ў сеціве.

Гэтак спадар Жалноў тлумачыць і жорсткае пакараньне, вынесенае сыну тры гады таму: у ліпені 2014-га Аляксей Мілюкоў быў асуджаны на тры гады «хіміі» і атрымаў штраф — 50 мільёнаў рублёў. Суд прызнаў яго вінаватым у нанясеньні маральнай і фізычнай шкоды супрацоўніку ДАІ.

Інцыдэнт здарыўся ў верасьні 2013 году каля будынку бабруйскага ДАІ. Алег Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён кажа, з парушэньнем правілаў дарожнага руху, і пачаў здымаць гэты факт на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, абвінавацілі Жалнова ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. Бацьку і сына гвалтам, як яны сьцьвярджалі, зацягнулі ў міліцэйскі будынак. Паводле матэрыялаў справы, Аляксей Мілюкоў ударыў капітана міліцыі Аляксандра Бутоўскага па галаве, зрабіўшы яму страсеньне мозгу. Вынікам супрацьстаяньня зь міліцыянтамі сталася тое, што 18 ліпеня 2014 году суд Бабруйскага раёну пакараў Аляксея Мілюкова трыма гадамі абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі адкрытага тыпу за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Адразу пасьля суду Аляксей адбываў пакараньне ў вёсцы Заліпʼе пад Гомелем. Але спрабаваў дамагчыся пераводу на гэтак званую «хатнюю хімію» ў Бабруйск, бліжэй да дому. Гэтая просьба, на думку бацькі, не спадабалася кіраўніцтву Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, бо пасьля звароту туды Аляксею вынесьлі два спагнаньні за парушэньне рэжыму ўтрыманьня і перавялі далей ад дому, у Наваполацак.

Тут спагнаньні працягваліся. Прэтэнзіяў да Аляксея Мілюкова было некалькі: яго вінавацілі ў тым, што быў непаголены, што ня ўзорна прыбраў ложак, што «не праяўляў ініцыятывы», за пратэрміноўку ў аплаце інтэрнату, за недахопы ў працы — спадар Мілюкоў працаваў дворнікам у Наваполацкім лячэбна-працоўным прафілякторыі...

Але, на думку адваката Пятра Бірукова, усё гэта ня можа быць паказьнікам памкненьня Мілюкова ўхіліцца ад адбыцьця пакараньня. Адвакат адзначаў, што паводле артыкула 415 звычайна караюць асобаў, якія зьдзейсьнілі ўцёкі, злоўжывалі алькаголем або наркотыкамі. Але ён ні разу ня чуў, каб кагосьці каралі за незапраўлены ложак.

Тым ня менш суд прызнаў сына вядомага бабруйскага блогера вінаватым у парушэньні артыкула 415 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пракурор лічыў, што трэба прымяніць максымальнае пакараньне — зьмясьціць Аляксея Мілюкова ў турму на тры гады. Судзьдзя пастанавіў, каб ва ўстанову закрытага тыпу яго перавялі на год — час, які Аляксею Мілюкову заставалася адбыць у адкрытай папраўчай установе.

Бацька, Алег Жалноў, па-ранейшаму ўпэўнены, што сына караюць, каб адпомсьціць яму самому за выкрывальніцкую блогерскую дзейнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG