Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску заклікаюць прызнаць палітвязьнем сына блогера Жалнова


Аляксей Жалноў
Аляксей Жалноў

Каардынацыйная рада дэмакратычных сіл Бабруйску зьвярнулася да праваабарончых арганізацыяў і палітычных партыяў, каб тыя прызналі палітвязьнем сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і незалежнага прафсаюзу працаўнікоў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксея Мілюкова (Жалнова).

Аляксей — сын вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова. Жалноў-старэйшы выкрываў правапарушэньні, учыненыя міліцыяй, фіксаваў іх на відэакамэру. Змантаваныя ролікі выкладваў у інтэрнэт і далучаў да скаргаў міліцэйскаму начальству. Спроба зьняць адно з такіх парушэньняў скончылася затрыманьнем Жалновых і судом.

Аляксей Жалноў (зьлева) і яго бацька Алег
Аляксей Жалноў (зьлева) і яго бацька Алег

Мілюкоў утрымліваецца ў Наваполацку на «хіміі». Бабруйскі суд прызнаў яго вінаватым у «гвалце або пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». На «хіміі» супраць яго распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі».

На «хіміі» заняўся палітыкай

Лідэр бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Юры Грынявецкі кажа, што зьняволеньне Жалнова-малодшага не было зьвязана зь ягонай палітычнай дзейнасьцю. Такой дзейнасьцю Аляксей заняўся ўжо на гомельскай «хіміі».

«Яго асудзілі, помсьцячы за дзейнасьць бацькі. У гэтым прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці Бабруйску сумневаў ня маюць. Варта прызнаць, што ў зьняволеньні не было палітычна матываванага чыньніку», — як кажа Грынявецкі, гэта пазыцыя каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл Бабруйску.

«Але ўжо на „хіміі“ ён стаў сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Анатоля Лябедзькі. Аляксею кіраўніцтва папраўчай установы не дало зьбіраць подпісы за апазыцыйнага вылучэнца. Неўзабаве яго перавялі ў Наваполацак. Тамтэйшыя ўмовы ўтрыманьня значна горшыя за гомельскія. На „хіміі“ ён адстойвае свае права і правы іншых асуджаных. Будучы зьняволеным, Аляксей дзейнічае як праваабаронца і палітык. У гэтым мы бачым падставы для яго перасьледу адміністрацыяй папраўчай установы. Такая агульная пазыцыя рады дэмакратычных сіл Бабруйску. Супраць Аляксея распачатая крымінальная справа. Яму пагражае калёнія», — заключае Грынявецкі.

Бабруйская каардынатарка па фармаваньні ініцыятыўных груп за вылучэнца ў прэзыдэнты Анатоля Лябедзькі Галіна Сьмірнова пацьвярджае, што Жалнова-малодшага яна ўлучала па ягонай просьбе ў адну з ініцыятыўных групаў:

«Ён сам выказаў жаданьне зьбіраць подпісы за Лябедзьку і Статкевіча. Тады Аляксей быў на гомельскай «хіміі» і ў яго яшчэ была магчымасьць выходзіць у горад без суправаджэньня».

Ці ён палітвязень?

Бацька Аляксея Алег Жалноў лічыць, што ягоны сын асуджаны за тое, чаго не рабіў. Аляксея пакаралі, настойвае Жалноў-старэйшы, помсьцячы бацьку, які выкрываў міліцыянтаў — парушальнікаў закону. На думку блогера, прызнаньне Аляксея палітвязьнем прыцягне ўвагу грамадзкасьці да «несправядлівага прысуду ня толькі яму, але і іншым беспадстаўна пакараным нявольнікам».

Сытуацыя з Аляксеем знаходзіцца пад увагаю праваабаронцаў, запэўнівае Свабоду прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

«Ягоная справа даволі складаная, бо яна зьвязаная з супрацівам дзеяньням міліцыі, — тлумачыць праваабаронца. — Дужа складана вызначыць, ці зьвязаны перасьлед Жалнова-малодшага зь дзейнасьцю ягонага бацькі-блогера.

Ведаем, што ён змагаецца з адміністрацыі папраўчай калёніі за скасаваньне дысцыплінарных спагнаньняў, але зноў жа цяжка вызначыць, ці зьвязаныя гэтыя спагнаньні з тым, што ён быў у ініцыятыўнай групе Лябедзькі і зьбіраў за яго подпісы.

Відаць тут варта казаць пра сукупнасьць чыньнікаў, якія ўрэшце прывялі Аляксея да сытуацыі, у якой ён апынуўся. Зразумела, што ўсё спагнаньні фармальна адміністрацыя „хіміі“ робіць паводле закону. Ведаем, што яго цяпер абвінавачваюць ва „ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня“. Мы дапамагалі заключаць дамову з адвакатам, калі ён абскарджваў законнасьць вынясеньня дысцыплінарных спагнаньняў. Але падкрэсьлю: у сытуацыі дужа цяжка разабрацца, але справа знаходзіцца пад нашай увагай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG