Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына знанага бабруйскага блогера асудзілі на тры гады


Жалновы — зьлева Аляксей, справа Алег

Жалновы — зьлева Аляксей, справа Алег

18 ліпеня бабруйскі суд пакараў трыма гадамі абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчых калёніях адкрытага тыпу Аляксея Жалнова.

Ён сын бабруйскага блогера Алега Жалнова, які фіксуе на відэа правапарушэньні, зьдзейсьненыя супрацоўнікамі міліцыі. Відэаролікі разьмяшчае ў інтэрнэце і далучае іх да скаргаў міліцэйскаму начальству. Блогер заяўляе, што асудзілі сына за ягоную выкрывальніцкую дзейнасьць. Гэтым, як цьвердзіць, запалохваюць яго і ягоную сям’ю. Акрамя «хіміі», Аляксей Жалноў мусіць сплаціць пацярпеламу капітану міліцыі Аляксандру Бутоўскаму пяцьдзясят мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны ўдарыў міліцыянта па галаве, зрабіўшы яму страсеньне мозгу.

Інцыдэнт, які стаўся нагодай для судовага разбору, здарыўся летась 4 верасьня ля будынку бабруйскага ДАІ. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цьвердзіць, з парушэньнем правілаў дарожнага руху, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, зьвінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых, як яны кажуць, гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак. Найбольш пацярпеў Жалноў-малодшы, на якога надзелі кайданкі.

У студзені 2014 году супраць Аляксея Жалнова завялі крымінальную справу паводле артыкула «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». З пазовам зьвярнуўся капітан міліцыі Аляксандар Бутоўскі.

Аляксей Жалноў сябе вінаватым не прызнае. Цьвердзіць, што не рабіў таго, у чым яго зьвінавацілі, і што падставай для перасьледу стала дзейнасьць ягонага бацькі. Заяўляе, што менавіта яго абралі на ролю фігуранта справы таму, што ён мае судзімасьць, а гэта абцяжарвае правапарушэньні. Вырак судзьдзі Юліі Беразюк Аляксей Жалноў будзе абскарджваць.

Я лічу сябе цалкам невінаватым. Дадзены інцыдэнт выдуманы і ўвасоблены пакуль што ў жыцьцё Бутоўскім

«Я лічу сябе цалкам невінаватым. Дадзены інцыдэнт выдуманы і ўвасоблены пакуль што ў жыцьцё Бутоўскім. Воляю лёсу так атрымалася, што я быў раней судзімы, і яны цудоўна разумелі, што да мяне суд будзе больш строгі. Каб апраўдаць незаконнае выкарыстаньне сілы супраць нас, яны вырашылі перайсьці ў контранаступ і выдумалі гэтую байку пра тое, што я нібыта нанёс адзін удар», — камэнтуе вырак Аляксей Жалноў.

Жалноў-старэйшы таксама лічыць, што сына пакаралі за блогерскую актыўнасьць бацькі. Заяўляе, што будзе разам з сынам абскарджваць пакараньне. Кідаць сваю выкрывальніцкую дзейнасьць не зьбіраецца. Вырак сыну камэнтуе гэтак:

«Ідзе запалохваньне — гэта адназначна, бо сын ніякіх правапарушэньняў не рабіў. Пра гэта кажа і тое, што мне не дазволілі быць абаронцам сына на працэсе. Тыя паказаньні, якія давалі сьведкі з боку абвінавачаньня і сам абвінаваўца, яны абсалютна не адпавядаюць таму, што ёсьць на відэаматэрыялах».

Алег Жалноў кажа, што крымінальная справа распачата і супраць ягонай жонкі. Яе вінавацяць у тым, што перашкаджала міліцыянтам праводзіць ператрус у кватэры і таксама ўчыніла гвалт супраць міліцыянта. Сам Жалноў-старэйшы таксама ня раз станавіўся фігурантам адміністрацыйных і крымінальных спраў, якія распачыналі з ініцыятывы супрацоўнікаў міліцыі.

Пацярпелы ад рук Аляксея Жалнова капітан міліцыі Аляксандар Булатоўскі адмовіўся камэнтаваць вырак свайму крыўдзіцелю.

За час судовага разбору было прагледжана мноства відэаматэрыялаў пра інцыдэнт ля будынку бабруйскай ДАІ. Паводле абвінавачанага і ягоных сваякоў, на іх няма пацьверджаньня, што міліцыянта пабілі. Яны сумняваюцца ў аб’ектыўнасьці разгляду справы ў судзе.

Вырак судзьдзі Юліі Беразюк бацька і сын Жалновы ўспрынялі спакойна. Эмацыйна на яго адрэагавалі маці Аляксея Жалнова ды ягоная нявеста. Вясельле ў Жалнова-малодшага прызначана на жнівень.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG