Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павалілі жонку на падлогу і ўвайшлі ў кватэру, — блогер Жалноў


Алег Жалноў

Алег Жалноў

23 траўня ў кватэры бабруйскага блогера Алега Жалнова супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус. Ён працягваўся з 7.45 раніцы і да абеду.


«Я выходзіў з кватэры вынесьці сьмецьце, а на пляцоўцы ўжо дзяжурылі міліцыянты. Адзін зь іх адразу ўхапіўся за дзьверы, яму дапамог другі, і мне не далі дзьверы зачыніць. У выніку яны выхапілі жонку, якая голая стаяла ў сенцах і таксама спрабавала зачыніць дзьверы. Яе выцягнулі, павалілі на падлогу. І потым прад’явілі ордэр на вобшук.

Міліцыянты пераступілі праз жонку і ўсе ўвайшлі ў кватэру. Яны канфіскавалі ноўтбук, дарагі відэарэгістратар, які нядаўна мы набылі для фіксацыі правапарушэньняў, а таксама ўсе накапляльнікі інфармацыі — флэшкі, вінчэстэры і дыскі.

Падставай было тое, што 5 траўня бабруйская пракуратура пачала крымінальную справу па артыкуле за „заведама непраўдзівае паведамленьне аб небясьпецы“. Гэта тое, што было 4 лютага, калі я сказаў дзяжурнаму афіцэру, што выбуховым рэчывам можа лічыцца ўсё што заўгодна. У тым ліку і бірулька, якую я маю. І што многія з рэчаў, калі іх нагрэць да пэўнай тэмпэратуры, таксама могуць узарвацца. Гэта было ўспрынята імі як паведамленьне пра небясьпеку.

А цяпер яшчэ была іншая падстава: для таго каб выняць арыгінал запісу, зробленага ў той дзень. Прычым ясна, што запіс робіцца на флэшку і ніхто яго захоўваць ня будзе. Я адразу тады копію „выкінуў“ у інтэрнэт і гэтую ж копію аддаў у Сьледчы камітэт, і яна там ёсьць. Але пад той маркай, што патрэбны арыгінал запісу, яны забралі ўсю гэтую маёмасьць.

Я лічу, што яны хочуць проста пазбавіць мяне магчымасьці выкладваць інфармацыю ў інтэрнэт аб правапарушэньнях міліцыянтаў. Я абяцаў выкласьці ў інтэрнэт інфармацыю пра тое, як паводзіць сябе начальнік міліцыі. Яны хочуць зьнішчыць гэтую інфармацыю. Паглядзім, як гэта ў іх атрымаецца.

Міліцыянты нават не пазванілі ў дзьверы, а па-бандыцку ўварваліся, з прымяненьнем фізычнай сілы. А жонцы давялося выклікаць хуткую», — распавёў Алег Жалноў карэспандэнту Свабоды.

Алег заявіў, што гатовы працягваць сваё змаганьне.

Гэта ўжо другі ператрус у кватэры Жалновых. У мінулым годзе падчас ператрусу, які доўжыўся сем гадзін, у блогера міліцыянты сканфіскавалі ўсе тэхнічныя сродкі сувязі: мадэм, смартфон, вінчэстэры, мабільныя тэлефоны.

Бабруйскі блогер вядомы тым, што фіксуе ўсе свае размовы з супрацоўнікамі міліцыі, ДАІ і нават кантралёрамі ў транспарце на відэакамэру. Потым ён выкладае гэтыя ролікі ў інтэрнэт і падае на дзеяньні парушальнікаў у пагонах скаргі. Часта гэта сканчаецца судовымі справамі.
XS
SM
MD
LG