Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Жалноў: У сваіх роліках пра правапарушэньні міліцыі я нічога не прыдумляю


У Бабруйску перасьледуюць мясцовага блогера Алега Жалнова. Ён выкладае ў інтэрнэт відэаролікі, у якіх выкрывае міліцыянтаў, што зьдзяйсьняюць правапарушэньні.

24 кастрычніка міліцыянты агледзелі кватэру блогера. У яго забралі ўсю кампутарную тэхніку. 25 кастрычніка на Жалнова склалі пратакол, паводле якога, ён не падпарадкаваўся законным патрабаваньням супрацоўніка міліцыі пры выкананьні ім службовых абавязкаў.

Алег Жалноў кажа, што робіць відэасюжэты пра факты правапарушэньняў, учыненых супрацоўнікамі міліцыі і дзяржаўтаінспэкцыі, ужо некалькі гадоў. Акрамя выкладаньня іх у інтэрнэт, ён далучае іх да зваротаў у пракуратуру і міліцэйскага начальства — дзеля рэагаваньня.

«Спачатку яны стараліся не заўважаць маіх дзеяньняў. Начальнік Бабруйскага ўпраўленьня ўнутраных спраў адказваў, што факты не пацьвердзіліся і адмоўлена ў адміністрацыйным працэсе. З матэрыяламі праверкі знаёміць мяне не хацелі. Пракуратура ж рэагавала своеасабліва. Калі я паведамляў, што ў ходзе адміністрацыйнага працэсу ёсьць парушэньні, то яны мне паведамлялі, што па сутнасьці ваш зварот ёсьць скаргай на вынесеную пастанову, таму трэба заплаціць 100 тысяч, альбо незразумела сутнасьць вашага звароту», — апавядае Алег Жалноў.

З аповеду суразмоўцы вынікае, што зь цягам часу стаўленьне міліцыі да ягонай блогавай актыўнасьці абвастрылася. Алег Жалноў заяўляе, што яму пагражалі нават крымінальным перасьледам і зьняволеньнем. Пасьля апошняга суду з супрацоўнікамі ДАІ адзін зь іх паскардзіўся на самога блогера. Пасьля скаргі міліцыянта да Алега Жалнова і наведаліся 24 кастрычніка міліцыянты, каб агледзець кватэру:

«Была пастанова на правядзеньне агляду месца здарэньня па заяве маёра міліцыі Яўгена Сераштанава аб прыцягненьні мяне да крымінальнай адказнасьці за разьмяшчэньне ў сетцы Інтэрнэт яго асабістых дадзеных — у дужках ён напісаў: імя і прозьвішча — а таксама зьвестак, якія зьневажаюць ягоную дзелавую рэпутацыю», — кажа пра падставы ўчорашняга ператрусу Алег Жалноў.

Пасьля агляду кватэры ў блогера забралі кампутарную тэхніку, тэлефон, носьбіты інфармацыі ды мадэм. Тое, што адбылося ў ягоным двары, ён расцэньвае як незаконныя дзеяньні і ціск на яго і ягоную сям’ю.

Сёньня Алег Жалноў зноў хадзіў у міліцыю. Там на яго перапісалі пратакол. Паводле новага пратаколу, 4 верасьня Жалноў не падпарадкаваўся законным патрабаваньням супрацоўніка міліцыі пры выкананьні ім службовых абавязкаў.

Паводле Алега Жалнова, 4 верасьня ён і ягоны сын выпадкова сталі сьведкамі парушэньня правілаў дарожнага руху супрацоўнікамі міліцыі. Блогер зафіксаваў гэта на відэакамэру і адразу ж зьвярнуўся з заявай да супрацоўніка ДАІ. Але тут ужо самога Жалнова зьвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху. І, як ён сьцьвярджае, гвалтам зацягнулі ў пастарунак, дзе супраць яго выкарысталі кайданкі, калі ён паспрабаваў дапамагчы падняцца з падлогі сыну.

Бабруйскі суд угледзеў у прадстаўленых міліцыяй матэрыялах парушэньні і 23 кастрычніка пастанавіў адправіць іх на дапрацоўку. На наступны дзень пасьля суду да Алега Жалнова і наведаліся міліцыянты. Інцыдэнт ля міліцыі, пастанову суду і ператрус у кватэры блогер увязвае адно з адным. Ён заяўляе, што, нягледзячы на запалохваньні, не зьбіраецца кідаць сваёй выкрывальніцкай дзейнасьці:

«Нават калі я не змагу дамагчыся нічога на ўзроўні, дапусьцім, Генэральнай пракуратуры, то прынамсі міліцыя павінна ведаць, што ім будуць проста пляваць у сьпіну ўсе людзі, якія гэтыя ролікі глядзяць. Я ж там нічога не прыдумляю. Я выкладаю тое, што адбываецца насамрэч. Больш за ўсё я апасаюся, што яны паспрабуюць прапхнуць на заканадаўчым узроўні „забарону на відэаздымкі дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі“. Калі такое адбудзецца, то ўсё, што я раблю, будзе без карысьці», — кажа Алег Жалноў.

Алег Жалноў спадзяецца, што апошнія падзеі ня выльюцца ў крымінальную справу супраць яго. Паводле блогера, найбольш хваравіта перажыла ператрус у кватэры ягоная жонка. Сам жа ён прызнаецца, што цяжка бяз тэхнікі. Яе адсутнасьць, аднак, як кажа блогер, не паўплывала на ягоную актыўнасьць у інтэрнэце.

Алег Жаўноў — адстаўны вайсковец. Па стане здароўя быў вымушаны звольніцца ў запас. У яго двое сыноў. Адзін зь іх непаўналетні. Апошнія сямнаццаць гадоў Алег кансультуе аўтамабілістаў у пытаньнях супраць угону машын. Разьмяшчаць матэрыялы ў інтэрнэце пачаў у 2010 годзе.

Адзін з ролікаў Алега Жалнова

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG