Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары заклалі дубовую алею ў гонар Касьцюшкі на яго радзіме


У Косаве на Берасьцейшчыне адбыліся мерапрыемствы ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі, прымеркаваныя да 200-годзьдзя яго сьмерці. Дыпляматы ЗША, Польшчы, Украіны ды іншыя пасадзілі алею каля сядзібы-музэю Касьцюшкі.

У памяць аб Тадэвушу Касьцюшку ў косаўскім касьцёле, дзе ён быў ахрышчаны, адбылася імша. Пасьля яе прайшло ўскладаньне кветак да валуну з рэльефам змагара за свабоду каля сядзібы-музэя.

На мерапрыемстве прысутнічалі дыпляматы ЗША, Швайцарыі, Польшчы, Украіны і Расеі, дэлегацыя Фонду імя Касьцюшкі і іншыя госьці.

У сваёй прамове першы сакратар амбасады ЗША ў Беларусі Элізабэт Льюіс прапанавала «ушанаваць ня сьмерць Касьцюшкі, а ягонае жыцьцё, ягоныя дасягненьні»:

«Унёсак Касьцюшкі ў амэрыканскую гісторыю добра вядомы і ў маёй краіне яго памятаюць зь вялікай павагай. Добра вядомы ягоны ўнёсак у амэрыканскую вайну за незалежнасьць. Томас Джэфэрсан, трэці прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі называў яго найчысьцейшым сынам свабоды. Свабода — ці гэта ня тая краіна, сынамі якой мы ўсе павінны быць?»

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік выказаўся, што «Касьцюшка — гэта асоба, якая нас лучыць і павінна лучыць яшчэ болей».

Пасьля ўскладаньня кветак і экскурсіі па музэю, амбасадары і госьці заклалі дубовую алею каля сядзібы-музэю Касьцюшкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG