Лінкі ўнівэрсальнага доступу

760 пацярпелых у сутыкненьнях з паліцыяй у часе рэфэрэндуму. Карэспандэнт Свабоды перадае з Барсэлёны


У аўтаномным рэгіёне Каталёніі на поўначы Гішпаніі, дзе мясцовыя ўлады спрабуюць правесьці рэфэрэндум аб незалежнасьці, які абвясьцілі незаконным і забаранілі ў Мадрыдзе, паведамляюць пра ўжо сотні пацярпелых у сутыкненьнях з паліцыяй, якая на загад цэнтральнага ўраду краіны спрабуе перашкодзіць галасаваньню.

У Каталёніі службы тэрміновага рэагаваньня заявілі, што раненьні і траўмы ў сутыкненьнях з паліцыяй атрымалі больш за 760 чалавек. Гішпанская паліцыя ўжыла сілу, каб не дапусціць правядзеньня рэферэндуму аб незалежнасьці Каталёніі ад Гішпаніі. Раней мэр Барсэлёны Ада Колаў заявіла, што пацярпелых ужо больш за 460 чалавек; гэтыя дадзеныя пакуль не пацьверджаныя зь іншых крыніцаў.

Афіцыйна на дадзены момант яшчэ кажуць пра 337 пацярпелых у той ці іншай ступені, якія зьвярнуліся ў бальніцы. Паводле зьвестак мэдыкаў, зь іх як найменей 91 чалавек атрымаў сурʼёзныя траўмы.

Жывое ўключэньне з Барсэлёны карэспандэнта Свабоды Аляксея Знаткевіча.

Па паведамленьнях, паліцыя разганяла ўдзельнікаў рэфэрэндуму дубінкамі і страляла па іх гумовымі кулямі. Найбуйнейшыя сутыкненьні адбыліся ў Барсэлёне, галоўным горадзе Каталёніі.

Прэзыдэнт аўтаномнай улады Каталёніі Карлэс Пудждэмон заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што «жорсткасьць паліцыі стане вечнай ганьбай для гішпанскай дзяржавы».

Як заявіў прадстаўнік аўтаномнага ўраду Каталёніі Жордзі Туруль, галасаваньне праходзіць на значнай большасьці створаных для гэтага ўчасткаў, нягледзячы на супраціў сілавікоў, якія выконваюць загады Мадрыда. Ён заклікаў людзей працягнуць галасаваньне.

Міністэрства ўнутраных спраў Гішпаніі паведаміла, што паліцыі ўдалося закрыць ужо 92 участка для галасаваньня; усяго іх каля 2 тысяч 300 Таксама, па дадзеных міністэрства, пацярпелі 11 сілавікоў, работнікаў Нацыянальнай паліцыі і Грамадзянскай гвардыі — двух паліцэйскіх сіл, падпарадкаваных цэнтральнаму ўраду.

Ва ўрадзе Гішпаніі заяўляюць, што паліцыя дзейнічала «прафэсійна, цьвёрда і ў адпаведнасьці з сытуацыяй» і «ніякага рэфэрэндуму або нават чагосьці падобнага не адбылося» — як сказала віцэ-прэмʼер-міністар Гішпаніі Сарая Сайнс дэ Сантамарыя, гаворка ідзе пра «фарс», а не пра нейкі рэфэрэндум.

Мадрыд называе рэфэрэндум неканстытуцыйным: дзеючая Канстытуцыя Гішпаніі не прадугледжвае права рэгіёнаў на аддзяленьне і вызначае дзяржаву як унітарную. Каталёнія, якая мае ў складзе Гішпаніі пэўную аўтаномію ў статусе «аўтаномнай супольнасьці», спасылаецца на свае даўнія традыцыі незалежнага або фактычна незалежнага існаваньня — рэгіён канчаткова страціў самакіраваньне толькі ў 18-м стагодзьдзі, пасьля чаго пацярпеў дыскрымінацыі, у прыватнасьці, забароны на каталёнскую мову. Акрамя таго, Барсэлёна, якая ня мае бюджэтнай аўтаноміі, заяўляе, што рэгіён, які дае каля 20 працэнтаў ад ВУП Гішпаніі і мае эканоміку большую, чым Партугалія, плаціць у цэнтральны бюджэт Гішпаніі значна больш сродкаў, чым атрымлівае зь яго.

Па апытаньнях, за незалежнасьць Каталёніі выступала меншая доля насельніцтва рэгіёну, чым супраць яе, — каля 40 адсоткаў, — але за правядзеньне рэфэрэндуму па такой незалежнасьці выступае пераважная большасьць жыхароў Каталёніі.

У Барсэлёне знаходзіцца карэспандэнт Свабоды Аляксей Знаткевіч, якія робіць жывыя ўключэньні з выбарчых участкаў і вуліц Барсэлёны.

​Нацыянальная паліцыя Гішпаніі спрабавала прабіцца да выбарчага ўчастку, каб канфіскаваць бюлетэні для галасаваньня на рэфэрэндуме аб незалежнасьці Каталёніі. Але людзі далі адпор, не прапусьцілі. Адбыліся сутыкненьні, паліцыя адступіла. Каталёнская паліцыя ў інцыдэнт ня ўмешвалася.

У Жыроне паліцыянты выбілі дзьверы, дзе павінен быў прагаласаваць каталёнскі лідэр Карлэс Пудждэмон, і занялі памяшканьне. Паліцыянты адбіраюць скрыні зь бюлетэнямі для галасаваньня і блякуюць будынкі, дзе разьмешчаныя выбарчыя ўчасткі. Некалькі чалавек у Барсэлёне былі затрыманыя.

Каталёнцы не пускаюць паліцыянтаў на ўчасткі, паліцыя адступае

З Радыё Свабода жыхарка Каталёніі Эстэр падзялілася відэа, якое яна зьняла ў школе Пэрэ Віля. Там паліцыя канфіскоўвала скрыні для галасаваньня і бюлетэні.

У Каталёніі абстаноўка абвастраецца. Жывое ўключэньне з Барсэлёны

У Каталёніі на ўчастку адкрылі страляніну, актывісты начуюць у школах

Што цяпер адбываецца ў Каталёніі — жывое ўключэньне з Барсэлёны. Відэа

На ўчастку ў школе Рамона Льюля — зусім блізка ад сабора Саграда Фамілья — нацыянальная паліцыя выбіла дзьверы і канфіскавала бюлетэні:

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG