Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум і сутыкненьні ў Каталёніі. Паведамляецца пра сотні пацярпелых. ВІДЭА


Улады Каталёніі сьцьвярджаюць, што ў сутыкненьнях з гішпанскай паліцыяй у нядзелю пацярпелі больш за 400 чалавек. МУС Гішпаніі раней паведамляла пра 11 пацярпелых паліцэйскіх.

Мэр Барсэлёны Ада Колаў паведаміла, што, як найменей 460 чалавек пацярпелі ў сутычках з гішпанскай паліцыяй, якая спрабуе не дапусьціць правядзеньня рэфэрэндуму аб незалежнасьці. Паліцыя ўжыла гумовыя кулі для разгону дэманстрантаў у Барсэлёне. Мэр гораду запатрабавала ад паліцыі неадкладна спыніць ужываньне сілы супраць безабаронных дэманстрантаў. Афіцыйны Мадрыд пакуль не пацьвярджае інфармацыю пра сотні пацярпелых. Па дадзеных МУС Гішпаніі, параненыя 11 паліцэйскіх, паведамляе BBC.

Сутыкненьні ў Барсэлёне і іншых гарадах адбываюцца ў сувязі са спробай каталёнскіх уладаў правесьці рэфэрэндум аб незалежнасьці рэгіёну ад Гішпаніі. Мадрыд лічыць рэфэрэндум незаконным.

Віцэ-прэм’ер ураду Гішпаніі Сарая Сайнс дэ Сантамарыя назвала дзеяньні каталёнскіх уладаў «зусім безадказнымі» і падкрэсьліла, што паліцыя дзейнічала адэкватна. Улады Каталёніі абвінавацілі Мадрыд у нематываванай жорсткасьці. Яны заяўляюць, што зьвернуцца непасрэдна да Эўрапейскага Зьвязу з заклікамі ўмяшацца ў сытуацыю. Мэр Барсэлёны заклікала да адстаўкі прэм’ер-міністра Гішпаніі Марыяна Рахоя.

Па шматлікіх сьведчаньнях, сілу ўжывалі абодва бакі супрацьстаяньня. Паліцыянты ўжывалі дубінкі і гумовыя кулі, сілай выганялі людзей з выбарчых участкаў. Некаторыя дэманстранты ў адказ закідвалі паліцэйскіх камянямі. Паводле паведамленьняў уладаў Каталёніі, нягледзячы на супрацьдзеяньне, большасьць участкаў для галасаваньня на рэфэрэндуме па-ранейшаму адкрытыя.

У Барсэлёне знаходзіцца карэспандэнт Свабоды Аляксей Знаткевіч, якія робіць жывыя ўключэньні з выбарчых участкаў і вуліц Барсэлёны.

​Нацыянальная паліцыя Гішпаніі спрабавала прабіцца да выбарчага ўчастку, каб канфіскаваць бюлетэні для галасаваньня на рэфэрэндуме аб незалежнасьці Каталёніі. Але людзі далі адпор, не прапусьцілі. Адбыліся сутыкненьні, паліцыя адступіла. Каталёнская паліцыя ў інцыдэнт ня ўмешвалася.

У Жыроне паліцыянты выбілі дзьверы, дзе павінен быў прагаласаваць каталёнскі лідэр Карлэс Пудждэмон, і занялі памяшканьне. Паліцыянты адбіраюць скрыні зь бюлетэнямі для галасаваньня і блякуюць будынкі, дзе разьмешчаныя выбарчыя ўчасткі. Некалькі чалавек у Барсэлёне былі затрыманыя.

Каталёнцы не пускаюць паліцыянтаў на ўчасткі, паліцыя адступае

З Радыё Свабода жыхарка Каталёніі Эстэр падзялілася відэа, якое яна зьняла ў школе Пэрэ Віля. Там паліцыя канфіскоўвала скрыні для галасаваньня і бюлетэні.

У Каталёніі абстаноўка абвастраецца. Жывое ўключэньне з Барсэлёны

У Каталёніі на ўчастку адкрылі страляніну, актывісты начуюць у школах

Што цяпер адбываецца ў Каталёніі — жывое ўключэньне з Барсэлёны. Відэа

На ўчастку ў школе Рамона Люля — зусім блізка ад сабору Саграда Фамільля — нацыянальная паліцыя выбіла дзьверы і канфіскавала бюлетэні:

Гішпанскія афіцэры цывільнай гвардыі выбіваюць дзьверы на выбарчым участку, дзе мусіў галасаваць каталёнскі лідэр Карлэс Пудждэмон
Гішпанскія афіцэры цывільнай гвардыі выбіваюць дзьверы на выбарчым участку, дзе мусіў галасаваць каталёнскі лідэр Карлэс Пудждэмон
XS
SM
MD
LG