На поўдні Каліфорніі ў аўторак пачалі будаваць восем варыянтаў новых сэкцыяў сьцяны на мяжы ЗША і Мэксыкі, паведамілі прадстаўнікі ўраду ЗША.
Як паведамілі ў Мытнай і памежнай службе ЗША, чатыры прататыпы будуць пабудаваныя з бэтону, яшчэ чатыры — зь іншых матэрыялаў. Вышыня сэкцыяў будзе ад 6 да 10 мэтраў.
«Мы адданыя абароне нашых межаў, і гэта ўключае будаўніцтва сьценаў на мяжы, — заявіў выканаўца абавязкаў намесьніка кіраўніка службы Рональд Віт’ела. — Наша шматбаковая стратэгія ў гарантаваньні бясьпекі амэрыканскага народу ўключае бар’еры, інфраструктуру, тэхналёгіі і людзей».
Праекты зьяўляюцца часткай намаганьняў прэзыдэнта Дональда Трампа ў выкананьні перадвыбарчых абяцаньняў пабудаваць надзейны бар’ер на мяжы ЗША і Мэксыкі для стрымліваньня нелегальнай іміграцыі і кантрабанды наркотыкаў. Новая сьцяна дапоўніць загароды і іншыя бар’еры, ужо ўстаноўленыя на некаторых адрэзках мяжы, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Дональд Трамп падпісаў указ аб ўзьвядзеньні сьцяны на мяжы ЗША і Мэксыкі ў канцы студзеня.
У пачатку году Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША ацаніла выдаткі на загароду ў больш як 20 мільярдаў даляраў. Паводле Трампа, будаўніцтва часткова аплаціць мэксыканскі ўрад. Мэксыка плаціць за памежны бар’ер адмовілася.