Ці сапраўды новы ўказ Парашэнкі забараняе расейскую мову, як пра гэта паведамляюць маскоўскія СМІ?
Якую рэакцыю выклікаў ён ва ўкраінскім грамадзтве і якія палітычныя наступствы ён можа мець? Ці не атрымаюць у выніку козыры прарасейскія сілы?
Пра гэта ў перадачы «Сёньня на Свабодзе» — аглядальніца ўкраінскай службы Радыё Свабода Наталка Чурыкава, а таксама Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.
Тое, што варта ведаць пра моўную сытуацыю ва Ўкраіне:
- Цяперашні ўказ зацьвердзіў Закон пра асьвету, які Вярхоўная Рада прыняла 5 верасьня. «Моўны» пункт — толькі частка закону.
- Новы Закон мае на мэце даць магчымасьць паступленьня ва ўкраінскія ВНУ тым прыблізна 10% школьнікаў, якія вучацца на мовах нацыянальных меншасьцяў (пры тым што цяпер яны вывучаюць украінскую мову як прадмет). Для такіх выпускнікоў было праблематычна здаць агульнанацыянальныя іспыты для паступленьня ў ВНУ.
- Закон прадугледжвае паступовасьць пераходу на ўкраінскую мову, пачынаючы зь дзіцячага садку.
- Каля 90% школьнікаў ва Ўкраіне сёньня вучацца па-ўкраінску ад 1-й да 11-й клясы.
- Расейская мова застаецца як прадмет ва ўсіх украінскіх школах.
- У большасьці ВНУ выкладаньне адбываецца на ўкраінскай мове.