Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія інтэлектуалы стварылі «Камітэт расьсьледаваньня дзеяньняў Расеі» Відэа заявы Моргана Фрымана


Ілюстрацыйнае фота.

Стваральнікі камітэту заяўляюць, што новая арганізацыя закліканая дапамагчы амэрыканцам зразумець сурʼёзнасьць расейскіх нападаў на дэмакратыю ў ЗША.

Расьсьледаваньнем дзеяньняў Расеі цяпер займаюцца ня толькі Кангрэс і спэцпракурор. Група ўплывовых прадстаўнікоў амэрыканскай інтэлігенцыі на чале з кінарэжысёрам Робам Райнэрам арганізавала камітэт з мэтай разабрацца ў магчымым умяшаньні Масквы ў хаду прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

Райнэр, 70-гадовы вэтэран Галівуду, у аўторак напісаў у Твітэры, што мэта яго новай арганізацыі — «зразумець сурʼёзнасьць расейскага ўварваньня ў нашу дэмакратыю».

Кінарэжысёр назваў свой праект «Камітэт расьсьледаваньня дзеяньняў Расеі».

Райнэр быў заўзятым прыхільнікам Гілары Клінтан і рэзкім крытыкам прэзыдэнта Дональда Трампа ў сацыяльных сетках, — паведамляе «Голас Амэрыкі».

Партнэрам Райнэра стаў Дэйвід Фрум — старшы рэдактар часопісу Atlantic і аўтар рыхтаванай да выхаду кнігі «Трампакратыя: Карупцыя Амэрыканскай Рэспублікі».

Мэты іх ініцыятывы выкладзены на сайце Investigaterussia.org.

«Камітэт расьсьледаваньня дзеяньняў Расеі»- некамэрцыйны непартыйны рэсурс, закліканы дапамагчы амэрыканцам распазнаць і зразумець сурʼёзнасьць нападаў Расеі на нашу дэмакратыю, — гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на сайце. — Уся інфармацыя па тэме зьбіраецца ў адным месцы, каб забясьпечыць кантэкст і даць карыстальнікам магчымасьць убачыць поўную карціну таго, што Расея зрабіла і будзе рабіць далей, калі мы ня будзем надаваць гэтаму пільнай увагі. На працягу пакаленьняў людзі выступалі ў абарону дэмакратыі. Цяпер прыйшла наша чарга«.

На сайце разьмешчаны сьпіс кансультатыўнага савету камітэту, у які, акрамя Райнэра, увайшлі гісторык Макс Бут, былы дырэктар нацыянальнай выведкі Джэймс Клэпэр, навуковы супрацоўнік Амэрыканскага інстытуту прадпрымальніцтва Норман Арнстайн і кансэрватыўны аглядальнік Чарльз Сайкс.

Райнэр і Фрум заявілі тэлекампаніі CNN, што паведамленьні пра меркаванае расейскае ўмяшаньне на выбарах 2016 году заахвоцілі іх дзейнічаць.

«Наша краіна спазнае напад. Дэмакратыя апынулася на краі. Калі мы хочам выжыць, нам трэба абʼяднаецца, як амэрыканцам, і зразумець, што адбылося», — заявіў Райнэр.

На сайце камітэту разьмешчана відэа з удзелам ляўрэата прэміі «Оскар» Моргана Фрымана. У відэароліку Фрыман папярэджвае амэрыканцаў, што Расея вядзе вайну з ЗША.

«На нас напалі, — кажа Фрыман на відэа. — Мы знаходзімся ў стане вайны».

Далей ён прапануе амэрыканцам прадставіць сытуацыю, у якой шпіён КДБ, абураны распадам Савецкага Саюзу, вырашае адпомсьціць ЗША, займае Крэмль і разьвязвае кібэрвайну, каб падарваць амэрыканскую дэмакратыю, давер людзей да СМІ і дзяржаўных інстытутаў — і выйграе.

«Уладзімір Пуцін — гэта і ёсьць той шпіён, — рэзюмуе Фрыман. — Але гэта не сцэнар фільму».

Відэаролік Фрымэна не застаўся незаўважаным у Расеі.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што ў Крамлі мяркуюць, што Фрыман стаў «ахвярай эмацыйнай экзальтацыі».

«Многія творчыя людзі лёгка становяцца ахвярамі эмацыйнай перагрузкі, не валодаючы рэальнай інфармацыяй аб рэальным становішчы рэчаў, — сказаў прадстаўнік Крамля. — Яны становяцца ахвярамі такой эмацыйнай экзальтацыі, працягам такога макартызму, я б сказаў. З часам гэта праходзіць».

Пяскоў адзначыў, што ў Маскве ня лічаць, што відэаролік уяўляе сабой пагрозу.

«Да гэтага наўрад ці можна ставіцца сурʼёзна, таму што відавочна, што падобная зьява не грунтуецца на нейкай рэальнай інфармацыі», — падкрэсьліў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG