Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антырасейская прапаганда, падтрымка Ўкраіны і Балтыі: ЗША павялічваюць абаронны бюджэт


18 верасьня Сэнат ЗША падтрымаў законапраект пра абаронную палітыку (National Defense Authorization Act​) на 2018 год, бюджэт якога складае 700 мільярдаў даляраў.

Законапраект, адным з галоўных прыхільнікаў якога выступіў сэнатар Джон Маккейн, атрымаў значную падтрымку як сярод дэмакратаў, так і сярод рэспубліканцаў.

Падтрымка Ўкраіны

Дакумэнтам прадугледжваецца выдзяленьне Ўкраіне 500 мільёнаў даляраў для падтрымкі ў галіне бясьпекі і абароны.

Законапраект таксама дазваляе лячыць параненых украінскіх вайскоўцаў у шпіталях ЗША.

«Праект закону санкцыянуе прадастаўленьне нашай дзяржаве летальных узбраеньняў абарончага характару. У яго таксама ўключаныя палажэньні, якія дазваляюць выкарыстаньне сродкаў абароннага бюджэту ЗША на патрэбы рэабілітацыі ў мэдыцынскіх установах Злучаных Штатаў параненых ўкраінскіх вайскоўцаў, а таксама на ўзмацненьне здольнасьці паветраных і ваенна-марскіх сілаў нашай дзяржавы», — напісаў у Facebook прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Рашэньне Сэнату ЗША ён назваў «важнай навіной» перад яго сустрэчай з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

«Упершыню на заканадаўчым узроўні прапануецца даць Украіне такія абарончыя сродкі: радыёлякацыйныя сродкі супрацьпаветранай абароны і назіраньня за надводнай сытуацыяй, ваенна-марскія супрацьмінныя сродкі, караблі прыбярэжнага дзеяньня і берагавой аховы», — дадаў прэзыдэнт Украіны.

Барацьба з расейскай прапагандай і супраца з краінамі Балтыі

У цэлым законапраект пра абарону ЗША мае 1215 старонак і прадугледжвае, што Міністэрства абароны мае паведамляць Кангрэсу пра спробы Расеі распаўсюджваць «дэзынфармацыю або прапаганду праз праграмы ў сацыяльных сетках або празь зьвязаныя з інтэрнэтам сродкі» чальцам узброеных групаў зь «верагодным намерам нанесьці шкоду Злучаным Штатам ці надаць перавагу ўладзе Расейскай Фэдэрацыі».

Законапраект таксама мае палажэньне, якое пашырае забарону ўраду на выкарыстаньне праграмнага забесьпячэньня расейскай «Лябараторыі Касьперскага» на кампутарах дзяржустаноў, якім даецца 90 дзён, каб пачаць выдаленьне адпаведнага праграмнага забесьпячэньня.

Крэмль асудзіў гэтую забарону як парушэньне законаў аб міжнародным гандлі. Заснавальнік кампаніі Яўгеній Касьперскі неаднаразова адмаўляў, што ягоная кампанія, адна з самых пасьпяховых тэхналягічных кампаній Расеі, мае сувязі з расейскімі спэцслужбамі.

Законапраект прадугледжвае выдаткаваньне Пэнтагонам каля 100 мільёнаў даляраў на паглыбленьне супрацоўніцтва ЗША ў сфэры бясьпекі з краінамі Балтыі — Эстоніяй, Латвіяй і Літвой.

Узмацненьне супрацьракетнай абароны

Дакумэнтам таксама прадугледжана выдзяленьне 60 мільярдаў даляраў на фінансаваньне місій ваеннага характару ў Іраку, Сырыі, Аўганістане ды іншых месцах, а таксама 8,5 мільярда даляраў для далейшага нарошчваньня сыстэмаў супрацьракетнай абароны ЗША.

На распрацоўку новай «крылатай ракеты» ЗША, што выклікала спрэчкі сярод экспэртаў, Мінабароны прадугледжана 65 мільёнаў даляраў у адказ на заявы пра тое, што Расея парушае дамову 1987 году пра нераспаўсюджаньне ядзернай зброі. Расея такія вінавачваньні адмаўляе.

Сярод спрэчных пытаньняў National Defense Authorization Act адзначаецца прапанаваная прэзыдэнтам Дональдам Трампам забарона на ўдзел вайскоўцаў-трансгендэраў ва ўзброеных сілах ЗША

XS
SM
MD
LG