Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На апублікаваным відэа затрыманьня праціўнікаў фільму «Матыльда» відаць лідэра «Хрысьціянскай дзяржавы»


Лідэр арганізацыі «Хрысьціянская дзяржава — Сьвятая Русь» Аляксандар Калінін.
Лідэр арганізацыі «Хрысьціянская дзяржава — Сьвятая Русь» Аляксандар Калінін.

МУС Расеі апублікавала відэа затрыманьня праціўнікаў фільму «Матыльда», падазраваных у падпале аўтамабіляў каля офісу адваката рэжысэра Аляксея Ўчыцеля.

На самым пачатку відэа можна пазнаць лідэра арганізацыі «Хрысьціянская дзяржава — Сьвятая Русь» Аляксандра Калініна, які махае ў камэру. На кадрах відаць, як у адным з памяшканьняў на падлозе ляжаць два чалавекі з рукамі за сьпіной або за галавой, абодва апранутыя не як Калінін. У іншым памяшканьні паказалі яшчэ дваіх затрыманых з рукамі ў кайданках за сьпіной. Адзін зь іх на пытаньне — навошта ён падпальваў аўтамабілі — адказаў: «Каб фільм не паказвалі, «Матыльду».

Раней паведамлялася аб затрыманьні лідэра арганізацыі «Хрысьціянская дзяржава — Сьвятая Русь» Аляксандра Калініна і яшчэ дваіх чалавек у справе аб падпале аўтамабіляў каля офісу адваката рэжысёра Аляксея Ўчыцеля.

Дэпутат Дзярждумы Расеі Натальля Паклонская паведаміла, што радыкалаў, якія заклікалі спаліць кінатэатры, праваахоўныя органы затрымалі паводле яе дэпутацкага запыту.

Па дадзеных крыніцы агенцтва ТАСС, у Калініна бралі паказаньні як у сьведкі, ён не зьяўляецца падазраваным. Раней крыніца ў праваахоўных органах паведаміла РИА-Новости, што ў Калініна знайшлі ўлёткі са словамі «За Матыльду гарэць».

Паводле інфармацыі крыніцы агенцтва «Інтэрфакс», у зьдзяйсьненьні злачынства падазраюць выхадца з Прыднястроўя, імя якога не называецца.

"Цяпер затрыманыя даюць прызнальныя паказаньні. Устаноўлена іх датычнасьць да падпалу двух аўтамашын каля офісу кампаніі, якая аказвае юрыдычную дапамогу рэжысёру фільма "Матыльда" Аляксею Ўчыцелю. Акрамя таго, затрыманыя тэлефанавалі пра «мініраваньне» гандлёвага цэнтру «Чаромушкі» ва Ўладзівастоку», — паведаміла крыніца РИА-Новости.

Раней Аляксандр Калінін назваў дапушчальнымі падпалы кінатэатраў і «пазбаўленьне жыцьця за веру». «Хтосьці ўзбройваецца малітоўнымі прыкладамі Серафіма Сароўскага, іншыя — прыкладам воінаў. Яны думаюць, што могуць Учыцеля пасадзіць на кол. Чалавек, які бачыць, наколькі Учыцель непахісны, можа яго і на кол пасадзіць. Людзьмі рухае іх праваслаўная вера. Чалавек, які гэта зробіць, будзе ў сэрцы сваім мець рацыю. Сядзе ў турму за Ўчыцеля, але будзе шчасьлівы, што выратаваў Расею ад блюзьнерства. Мы гэтага ня хочам, папярэджваем пра гэта, але ёсьць людзі, якія будуць чакаць Учыцеля, вартаваць ля падʼезду, жыць побач зь ім з раніцы да вечара, якія знойдуць яго і зламаюць яму ногі. Ці яшчэ горш што», — заявіў Калінін у інтэрвію.

18 верасьня палата адвакатаў Расеі зьвярнулася ў Савет Фэдэрацыі з просьбай зьвярнуць увагу на дзеяньні праціўнікаў фільму «Матыльда», у прыватнасьці — на падпалы ля офісу адваката Канстанціна Дабрыніна. Юрыст паскардзіўся на актывістаў «Хрысьціянскай дзяржавы» у Фэдэральную службу бясьпекі.

Раніцай 11 верасьня невядомыя падпалілі два аўтамабілі, прыпаркаваныя ля маскоўскага офісу адваката Канстанціна Дабрыніна, які абараняе Ўчыцеля. Машыны таксама абсыпалі ўлёткамі «За Матыльду гарэць».

Кампанію супраць паказу «Матыльды» узначальвае дэпутатка Дзярждумы Расеі Натальля Паклонская. Яна сьцьвярджае, што карціна пра адносіны будучага імпэратара Мікалая II і балерыны Матыльды Кшэсінскай нібыта абражае пачуцьці вернікаў. Ад паказу фільма ўжо адмовіліся дзясяткі кінатэатраў па ўсёй Расеі. Іх кіраўнікі гэта рашэньне патлумачылі частымі пагрозамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG