Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Матыльда» і Мікалай ІІ. Чаму каханьне аб’яўлена сьвятатацтвам


Валер Карбалевіч

Скандал вакол расейскага фільму «Матыльда» дакаціўся да Беларусі. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Павел асудзіў гэты твор кінамастацтва і заклікаў вернікаў яго не глядзець. Добра, што хоць не патрабуе забароны, не заклікае да анафэмы, не ладзіць хрэсны ход з пратэстам супраць паказу. Хоць, на мой погляд, такая скандальная ўвага да гэтага твору толькі робіць яму дадатковую рэкляму.

Для беларусаў гэтыя расейскія спрэчкі малазразумелыя. Асоба Мікалая ІІ не выклікае тут ніякіх асаблівых эмоцыяў. У Беларусі не існуе ўплывовага грамадзкага руху, заснаванага на ідэалягічнай сумесі праваслаўя, манархізму і імпэрскасьці.

З самага пачатку тут ўсё выглядае дзіўна. Бо ўвогуле фільм (якога, дарэчы, яшчэ амаль ніхто не бачыў) пра каханьне маладога цэсарэвіча, будучага расейскага цара, і балерыны Матыльды Кшэсінскай. Мікалай тады яшчэ быў не жанаты, то бок пра парушэньне сьвятасьці шлюбу, замаху на сямейныя каштоўнасьці гаворкі няма.

Рэкляма расейскага фільму «Матыльда»
Рэкляма расейскага фільму «Матыльда»

Праблема палягае ў тым, што Мікалай ІІ кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой у якасьці сьвятога. І царква лічыць, што сьвятога нельга паказваць як звычайнага чалавека, тут ня можа быць ніякага мастацкага ўвасабленьня вобразу.

Рэч у тым, што кананізацыя Мікалая ІІ адбылася ў той кароткі пэрыяд постсавецкай гісторыі Расеі, калі ўсё, што рабілі бальшавікі і Савецкая ўлада, ацэньвалася са знакам мінус, а іхных палітычных праціўнікаў надзялялі ўсімі станоўчымі якасьцямі. Фактычна сьвятым яго аб’явілі толькі за сам факт пакутніцкай сьмерці. Царква паддалася агульнаму грамадзкаму настрою і тым самым стварыла тую праблему, якая цяпер вылезла на паверхню.

Праблема якраз у тым, што пакутнікам абвяшчаюць гістарычную постаць, палітыка, прычым не такога далёкага мінулага. І гэта вельмі спрэчнае рашэньне. Бо Мікалай ІІ, як і любы палітык, — вельмі супярэчлівая фігура, нават з гледзішча расейскай гісторыі. На ім ляжыць шмат грахоў. Гэта і «крывавая нядзеля» (расстрэл мірнага шэсьця рабочых у Санк-Пяцербургу 9 студзеня 1905 году), і падтрымка чарнасоценцаў, вінаватых у габрэйскіх пагромах. А сумна вядомая распуціншчына прывяла да таго, што цар апынуўся ў ізаляцыі нават у асяродзьдзі імпэратарскай сям’і. І з гледзішча імпэрскай велічы Расеі кіраваньне Мікалая ІІ нельга назваць удалым. Ганебныя вынікі ў вайне Расеі зь Японіяй — гэта ўвогуле першая параза краіны эўрапейскай ці хрысьціянскай цывілізацыі у ваенным канфлікту з азіяцкай дзяржавай. І ў Першай усясьветнай вайне, падчас якой цар аб’явіў сябе вярхоўным галоўнакамандуючым, Расея атрымала ў асноўным паразы. Нямецкія войскі акупавалі вялікую частку імперыі, уключаючы палову тэрыторыі Беларусі.

Кадр з фільму Аляксея Учыцеля «Матыльда»
Кадр з фільму Аляксея Учыцеля «Матыльда»

А цяпер, паводле РПЦ, Мікалай ІІ — сьвяты. І гэта значыць, што нічога дрэннага пра яго пісаць, здымаць ці маляваць нельга. То бок і гістарычныя працы на тэмы ягонага цараваньня забаронены? Відавочны абсурд. РПЦ сама стварыла сабе праблему, трапіла ў пэўную пастку.

Не менш цікавыя і такія разважаньні мітрапаліта Паўла. Маўляў, сёньня зьневажаем імпэратара Мікалая II, заўтра будуць зьневажаць Уладзіміра Ільіча Леніна, а пасьлязаўтра — некага іншага. Пра некага іншага — гэта пра каго? Нават баюся рабіць здагадкі.

А вось пра Леніна — гэта цікава. З кантэксту гэтай фразы мітрапаліта вынікае, што зьняважлівыя творы пра Леніна — гэта яшчэ большае сьвятатацтва, чым пра Мікалая ІІ. Але ж менавіта са згоды «правадыра ўсясьветнага пралетарыяту» прыняў пакутніцкую сьмерць апошні расейскі цар і ягоная сям’я. То бок кат і ягоная ахвяра ўзводзяцца на адзін узровень? Дзіўная паралель.

А фільм «Матыльда» ў беларускіх кінатэатрах, нягледзячы на пратэсты царквы, пачне дэманстравацца ўжо з 26 верасня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG