Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павел пакрытыкаваў «Матыльду»: «Проста не хадзіце на гэты фільм»


Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел выказаў стаўленьне да рэзананснага расейскага фільму Аляксея Ўчыцеля «Матыльда», які мае зьявіцца ў кінатэатрах Беларусі 26 кастрычніка. Пра гэта ён расказаў у інтэрвію афіцыйнаму парталу Беларускай праваслаўнай царквы.

«На сёньня афіцыйнай пазыцыі Рускай праваслаўнай царквы да гэтага фільму няма, але думкі вельмі многіх людзей мы можам чуць. Гэты фільм яшчэ ня выйшаў у пракат, а пра яго ўжо ідуць дыскусіі. Я знарок прагледзеў некалькі відэаролікаў, якія сёньня даступныя ў інтэрнэце, і ў мяне склалася вельмі непрыемнае ўражаньне пра фільм», — адзначыў архіпастыр.

Мітрапаліт Павел таксама сказаў, што не разумее задуму фільму «Матыльда», але адзначыў, што «вынік яго стварэньня ўсім відавочны».

Фільм падзяліў наша грамадзтва, пасеяў смуту ў сэрцах многіх людзей

«Ён падзяліў наша грамадзтва, пасеяў смуту ў сэрцах многіх людзей, выклікаў хвалю абурэньня ў тых, для каго імпэратар Мікалай Другі — страстацерпец і пакутнік», — адзначыў кіраўнік БПЦ.

Паводле мітрапаліта Паўла, асаблівыя горыч і абурэньне выклікае тое, што паказ фільму плянуюць ажыцьцявіць восеньню 2017 году — у гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі:

«Хочацца зьвярнуцца і спытаць у тых, хто ствараў гэты фільм — чым жа мы лепшыя за францускм часопіс „Шарлі Эбдо“, які зьдзекуецца з таго, што дорага людзям, з тых пачуцьцяў, якія перажываюць людзі, якія страцілі блізкіх у складаных абставінах? Ды нічым! У нас адбываецца куды больш сумнае падзея — мы зьдзекуемся са сваёй гісторыі. І гэта страшна!» — сказаў архіпастыр.

Мітрапаліт Павел нагадаў, што Царква ня можа забараніць паказ фільму «Матыльда», але кожны чалавек, якому дарагая памяць сьвятога імпэратара-пакутніка Мікалая Другога, «можа галасаваць нагамі».

«Ніякай агрэсіі з боку вернікаў не павінна быць. Проста не хадзіце на гэты фільм», — заклікаў вернікаў Патрыяршы Экзарх.

У Расеі супраць фільму пратэстуюць ужо год

Фільм «Матыльда», які распавядае пра стасункі цара Мікалая II і балерыны Матыльды Кшэсінскай, выйдзе ў пракат у кастрычніку 2017-га, але ўжо амаль год праваслаўныя актывісты рэзка яго крытыкуюць, заяўляючы, што фільм «паклёпніцкі» і абражае цара, кананізаванага РПЦ.

Афіша фільму
Афіша фільму

У гарадах Расеі прайшлі акцыі праваслаўных актывістаў «За веру! За цара!» супраць фільму «Матыльда».

Дэпутат Дзярждумы Натальля Паклонская запрасіла рэжысэра Аляксея Ўчыцеля прыняць удзел у акцыі ў Маскве. Яна лічыць, што фільм «Матыльда», у якім расказваецца пра раман будучага імпэратара Мікалая Другога і балерыны Матыльды Кшэсінскай, апаганьвае сьвятыню і абражае рэлігійныя пачуцьці вернікаў.

Найбуйнейшыя сеткі кінатэатраў Расеі «Синема парк» і «Формула кино» адмовіліся ад паказу фільму Аляксея Ўчыцеля праз пагрозу бясьпекі. У панядзелак, 11 верасьня, трое ў масках спалілі два аўтамабілі, прыпаркаваныя каля офісу вядомага адваката Канстанціна Дабрыніна і раскідалі ўлёткі з надпісам «За Матыльду гарэць». Раней у Екацярынбургу апанэнт «Матыльды», які знаходзіцца на псыхіятрычным уліку, паспрабаваў уехаць на аўтамабілі «УАЗ» у кінатэатар «Космос». У машыне ляжалі газавыя балёны і каністры з бэнзінам. У Пецярбургу невядомыя кідалі бутэлькі з гаручай сумесьсю ў офіс студыі Аляксея Ўчыцеля.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG