Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праваслаўны футбольны фанат» на машыне з газавымі балёнамі ўрэзаўся ў кінатэатр, — мэр Екацерынбургу


У ноч на панядзелак у расейскім Екацерынбургу мужчына на аўтамабілі «УАЗ» урэзаўся ў будынак кінатэатру «Космас». У машыне былі некалькі балёнаў з газам і бочкі з бензінам. Пасьля таго, як кіроўца пратараніў будынак, ён падпаліў аўтамабіль, спрабуючы спаліць кінатэатар.

Паводле пажарных, прыкладна за паўгадзіны пажар удалося пагасіць. Кіроўца машыны, які сам зьвярнуўся па дапамогу да ўрачоў, быў затрыманы. З падпаленага будынка пажарныя вывелі пяць чалавек, ніхто зь іх не пацярпеў.

Мэр Екацярынбургу Яўгеній Ройзман распавёў, што затрыманы 39-гадовы мужчына выявіўся «праваслаўным футбольным фанатам» і знаходзіўся на ўліку ў псыхіятра.

Ройзман лічыць, што мужчына мог гэта зрабіць праз фільм «Матыльда» рэжысэра Аляксея Ўчыцеля пра дашлюбныя сувязі расейскага імпэратара Мікалая II і балерыны Матыльды Кшэсінскай.

Выданьне Znak.com паведамляе, што менавіта гэта мужчына заявіў на допыце.

Пракат карціны пачнецца толькі ў кастрычніку, але ўжо амаль год шмат якія расейскія праваслаўныя яго рэзка крытыкуюць, заяўляючы, што фільм «паклёпніцкі» і абражае цара, які кананізаваны Расейскай праваслаўнай царквой. Да кампаніі супраць «Матыльды» далучылася дэпутатка і экс-пракурорка анэксаванага Расеяй Крыму Натальля Паклонская. У лістападзе 2016 году яна прасіла Генпракуратуру Расеі праверыць фільм і законнасьць расходаваньня на яго бюджэтных сродкаў. Але праверка нічога падазронага не выявіла.

Адміністратарка «Космасу» Ала Бучукова заявіла, што якіх-небудзь пагроз, зьвязаных з магчымым пракатам «Матыльды», у адміністрацыю кінатэатру не паступала, а рашэньне аб тым, ці будзе «Космас» паказваць фільм, будзе прынятае пазьней.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG