Падчас брыфінгу ў Пэнтагоне Джым Мэтыс сказаў журналістам, што ЗША павялічаць колькасьць вайскоўцаў на «больш як 3 тысячы». Міністар абароны адмовіўся назваць дакладную колькасьць сілаў, якія адправяцца ў Аўганістан. «Шчыра кажучы, я яшчэ не падпісаў апошнія загады», — сказаў ён.
«Большасьць зь іх ужо ў дарозе або цяпер атрымліваюць загад, — сказаў Мэтыс, — і я б аддаў перавагу не даваць больш інфармацыі, якая дапаможа ворагу».
Найвышэйшы камандны склад у Пэнтагоне называе цяперашнюю сытуацыю ў Аўганістане «тупіковай» і просіць больш войскаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Разьмяшчэньне дадатковага кантынгенту павялічыць групоўку амэрыканскіх войскаў да 14000 чалавек. 16 гадоў таму, пасьля падзеяў 11 верасьня, ЗША ўвайшлі ў Аўганістан, каб зрынуць адміністрацыю, якую ўзначальвае «Талібан» і чальцы тэрарыстычнай сеткі «Аль-Каіда».
Рашэньне павялічыць вайсковы кантынгент зьяўляецца зьменай погляду Дональда Трампа на шляхі вырашэньня канфлікту ў Аўганістане — самай доўгай вайне ЗША. Да свайго абраньня летась кандыдат Трамп рэгулярна заклікаў да поўнага вывядзеньня амэрыканскіх войскаў з гэтай краіны.