Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму няма «Мадам Бавары» па-беларуску


Ян Максімюк на прэзэнтацыі кнігі «100 словаў» у Менску, 27 красавіка 2017
Ян Максімюк на прэзэнтацыі кнігі «100 словаў» у Менску, 27 красавіка 2017

Перш чым адказаць на пытаньне, пастаўленае ў загалоўку, я паспрабую адказаць на крыху іншае: а ці варта нам мець гэты раман па-беларуску? Ці камусьці сёньня яшчэ цікавая старасьветчына, якую пісаў Гюстаў Флябэр? Што нам, людзям ХХІ стагодзьдзя, да праблемаў і пытаньняў ХІХ стагодзьдзя?

Безумоўна, сучаснаму чытачу няма ніякай справы да праблемаў і пытаньняў ХІХ стагодзьдзя.

дзеля чаго ж мы чытаем мастацкую літаратуру?

Але мастацкую літаратуру мы чытаем зусім ня дзеля таго, каб дазнацца, як вырашалі свае праблемы нашы папярэднікі. Тут зьяўляецца наступнае пытаньне — дзеля чаго ж мы чытаем мастацкую літаратуру? Каб не павесьціся на бясконцы ланцужок падобных пытаньняў, гэтае я абсяку так: мы чытаем мастацкую літаратуру, каб насыціць наш неспатольны голад усё новых гісторый і сюжэтаў. Ну бо калі камусьці ня рупіць дазнавацца пра новае і нязнанае, дык навошта яму чытаць наогул?

Чым лепш — цікавей, глыбей, смачней — напісаная гісторыя, тым больш у яе чытачоў. А гісторыі, напісаныя па-майстэрску, чытае ўсё чалавецтва. Нават пры найбольш строгім адборы найлепшых раманаў ХІХ стагодзьдзя, «Мадам Бавары» Флябэра (год выданьня 1857) патрапіць у першую дзясятку. «Мадам Бавары» — сусьветная клясыка, цікавая і глыбокая гісторыя, распаведзеная выдатным пісьменьнікам, знакамітым стылістам. Пераклад гэтага раману — абавязковае заданьне для любой літаратуры. Беларуская тут не выключэньне.

гэтага раману мы не дачакаемся

Калі б беларуская дзяржава працягвала выдавецкую сэрыю «Скарбы сусьветнай літаратуры», заснаваную ў 1989 годзе, я ўпэўнены, што «Мадам Бавары» даўно выйшла б па-беларуску. У цяперашняй жа сытуацыі, калі для выданьня беларускіх перакладаў трэба шукаць пазадзяржаўных спонсараў, гэтага раману мы не дачакаемся. Я ня веру, што краўдфандынгавая кампанія, калі б такая была абвешчаная для «Мадам Бавары», здолела б сабраць хоць бы 10% патрэбнай сумы, каб аплаціць выдаткі, зьвязаныя зь перакладам і выданьнем кнігі па-беларуску.

Гюстаў Флябэр. Партрэт Эжэна Жыро
Гюстаў Флябэр. Партрэт Эжэна Жыро

Такую маем беларускую рэальнасьць, і яна жорсткая ня толькі з прычыны аўтарытарнага беларускага капіталізму, у якім далёка ня ўсе атрымліваюць абяцаныя «папіццот». Яна зьвязаная і зь беларускай посткаляніяльнай сытуацыяй, у якой у 99% насельнікаў краіны навык чытаньня на мове калянізатара значна мацнейшы, чым на мове тубыльцаў. Калі нешта ёсьць па-расейску, яго прачытаюць ахвотней, чым тое самае па-беларуску. Гэта датычыць таксама мастацкіх перакладаў. На жаль.

Аляксей Знаткевіч адказвае, што ягоны пераклад лепшы за расейскі

Мой рэдакцыйны калега, Аляксей Знаткевіч, на пытаньне, чаму ён хоча выдаць свой пераклад «Палёту над гняздом зязюлі», адказвае, што ягоны пераклад лепшы за расейскі. З гэтага, натуральна, павінен зыходзіць кожны беларускі перакладчык, які бярэцца за пераклад нечага, перакладзенага раней на расейскую. Аднак гэта не вырашае нашай выдавецкай праблемы — ні псыхалягічна, ні камэрцыйна. Калі нешта ёсьць па-расейску (і гэтае нешта можна атрымаць на халяву, спампоўваючы яго зь нейкага інтэрнэтнага бібліятэчнага рэсурсу), людзі ня будуць выкладаць грошы, каб атрымаць гэтую самую гісторыю па-беларуску. Якасьць перакладу тут нічога не вырашае — статыстычна кажучы. Знойдзецца жменя чытачоў, якія схочуць набыць якасны беларускі пераклад, але большасьць пашкадуе і граша, і месца на паліцы.

Нядаўна я ўвязаўся ў дыскусію ў Фэйсбуку, спрабуючы «канцэптуальна» падказаць беларускім перакладчыкам хоць нейкі выхад з гэтай нявыкруткі, якая, пагаджаюся, выклікае глыбокую фрустрацыю і зьняверанасьць. Па-мойму, ня варта брацца за пераклад нейкай тоўстай клясыкі, якая даўно перакладзеная на расейскую («Мадам Бавары», дарэчы, расейцы пераклалі тры разы), а потым гадамі шукаць выдаўца. Варта пайсьці да выдаўца з прапановай перакласьці нешта не перакладзенае на расейскую, занесьці яму старонак дзесяць-дваццаць свайго перакладу і спрабаваць яго «раскашэліць». Магчыма, і ў гэтым выпадку нічога не атрымаецца, але шанцаў тут нашмат больш, чым калі б выдаўцу прапанаваць «Мадам Бавары».

беларускі выдавец павінен апэляваць да гуманных пачуцьцяў

Ня ведаю, ці знойдзецца яшчэ нешта вартае з клясыкі ХІХ стагодзьдзя, чаго не пераклалі на расейскую (хутчэй за ўсё — не), але калі мець на ўвазе вартую літаратуру ХХ і ХХІ стагодзьдзяў, тут ужо значна вальней. Я разумею, што чым «маладзейшая» кніга, тым большая плата за аўтарскія правы, але гэта трэба імкнуцца неяк зьмякчаць — беларускі выдавец павінен апэляваць да гуманных пачуцьцяў заходніх аўтараў і выдаўцоў, просячы зьніжку ў сувязі з «апошняй дыктатурай у Эўропе», «гаротнай мовай» і таму падобным…

А пра Флябэра — не забываць. Магчыма, нешта зьменіцца ў дзяржаўнай выдавецкай палітыцы — калі не для цяперашняга пакаленьня перакладчыкаў, дык для наступнага. Ня выключана, зноў зьявіцца дзяржаўнае спонсарства. А пакуль — трэба ратавацца інакш. То бок рабіць тое, што даўно робяць перакладчыкі і выдаўцы ў іншых краінах — ажыцьцяўляюць выдавецкія праекты, якія знаходзяць пазадзяржаўных спонсараў і/або самаакупляюцца. А паколькі літаратуру чытаюць дзеля новых гісторый, дык выдаваць трэба яшчэ не прачытанае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG