Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт альбо штраф — што лепей? Разважаюць пакараныя ўдзельнікі акцый пратэсту


Ілюстрацыйнае фота. Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў накіроўваецца ў ІЧУ, каб адбыць 15-суткавы арышт. Віцебск, 31 траўня 2017 году

Удзельнікаў акцыяў пратэсту ў Беларусі звычайна суды караюць, чаргуючы арышт і штраф. Вызначыць крытэрыі, паводле якіх выбіраецца форма пакараньня, немагчыма. Свабода спрабуе адшукаць тут нейкую заканамернасьць.

Найбольш караюць за сацыяльны пратэст

Найбольшую хвалю рэпрэсіяў выклікаў пратэст супраць дэкрэту № 3. Яго ўдзельнікаў масава садзілі на «суткі». 11 і 17 сакавіка, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», зьведалі арышт больш за сто чалавек. Мала каму ўдалося пазьбегнуць няволі да суду.

Падчас пратэставых акцый 25 і 26 сакавіка праваабаронцы зафіксавалі 75 арыштаў і 95 штрафаў. Удзельнікам давалі ад 3 да 15 сутак няволі, а штрафавалі ад 2 базавых велічынь (46 рублёў) да 80 (1840 рублёў).

Сёлета сацыяльнымі пратэстамі была ахопленая амаль уся Беларусь. Пратэставаць супраць дэкрэту № 3 выйшлі апалітычныя грамадзяне, якія ўбачылі ў прэзыдэнцкім указе пагрозу для сябе.

Ілюстрацыйнае фота. «Марш недармаедаў» у Бабруйску. 12 сакавіка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. «Марш недармаедаў» у Бабруйску. 12 сакавіка 2017 году

Пасьля спаду пратэставай актыўнасьці ўдзельнікаў пазьнейшых вулічных маніфэстацый, такіх як адзначэньне гадавіны наданьня дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі статусу закону, каралі пераважна штрафамі.

Цяпер судоў чакаюць некаторыя ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017», якая прайшла 8 верасьня ў Менску. Першы суд за акцыю «За мірную Беларусь» супраць сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча скончыўся штрафам.

Паўлінковіч: на актывістах улада зарабляе

Паўлінковіча пакаралі 20 базавымі велічынямі. Сам апазыцыянэр прыйшоў на суд з рэчамі, бо чакаў арышту. Сябе вінаватым ён не прызнаў. Суду даводзіў, што свабоду выказваньняў і ўдзел у мірных акцыях пратэсту гарантуе Канстытуцыя і міжнародных акты, ратыфікаваныя Беларусьсю. Выраку судзьдзі Аксаны Ратнікавай Паўлінковіч зьдзівіўся.

Станіслаў Паўлінковіч падчас акцыі «За мірную Беларусь»
Станіслаў Паўлінковіч падчас акцыі «За мірную Беларусь»

«У гэтай сытуацыі лепей штраф, бо „суткі“ на працы мне б не аплацілі, а так я на свабодзе і крыху зараблю, — патлумачыў актывіст.— Разам з тым я разумею, каму пойдзе гэты штраф. Штрафаваньне актывістаў ужо стала ўладным бізнэсам, бо ў казьне пуста, таму на апазыцыянэрах зарабляюць. Вядома ж, для цывілізаванага сьвету пакараньне за перакананьні — дзікасьць, але мы жывём у краіне, дзе рэжым успрымае за пагрозу любы пратэст. У нас працуе канвэер рэпрэсіяў па-беларуску. Давядзецца плаціць».

За ўдзел у акцыі 8 верасьня позвы атрымалі лідэр аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і грамадзкі актывіст Леанід Кулакоў.

Севярынец: без салідарнай падтрымкі штрафы не сплаціць

Лідэра БХД Паўла Севярынца карэспандэнт Свабоды засьпеў у аддзяленьні прымусовага выкананьня Фрунзенскага раёну, дзе партыец разьбіраўся з ранейшымі штрафамі. Палітык лічыць, што для яго прымальная форма пакараньня — штраф. Ён адзначае, што ў Беларусі ёсьць салідарныя людзі, якія дапамогуць яго сплаціць.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Ёсьць меркаваньні, што ня варта сплачваць гэтыя штрафы, але ў такім выпадку блякуецца мабільны тэлефон, чалавек пазбаўляецца выезду за мяжу. Пачынаюць трэсьці за нявыплату штрафу блізкіх сваякоў. Гэта для іх як нож да горла. Калі чалавек жанаты, то церпіць жонка. Яе банкаўскую карту і рахунак могуць арыштаваць», — кажа Севярынец.

У яго за плячыма блізу году адміністрацыйных арыштаў. Калі б салідарных людзей не было, кажа ён, то выйсьця б таксама не было. Заставалася б зьняволеньне, бо сплаціць штрафы самому не рэальна.

Сьмірнова: арыштам уладзе не запалохаць пратэстоўцаў

Актывістка прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці з Бабруйску Галіна Сьмірнова зьведала сёлета прэвэнтыўнае затрыманьне і адміністрацыйны арышт. Як і Паўлінковіч, яна лічыць «абсурдам» караць людзей за іхныя перакананьні і мірны пратэст. І ўсё ж Галіна гатовая лепш адседзець на «сутках», чым «латаць дзіркі ў бюджэце».

Галіна Сьмірнова
Галіна Сьмірнова

«Штрафаваньне актывістаў пастаўлена на паток. Сума штрафаў неадпаведная таму, што зарабляюць у нас людзі. Мне далі 70 базавых велічыняў, і трэба было год працаваць, каб іх выплаціць на маю дапамогу па беспрацоўі. Штрафаваньне — гэта штурханьне чалавека да жабрацтва», — выказала сваю пазыцыю прафсаюзная актывістка.

«Улада ж разумее, што адміністрацыйным арыштам цяпер не асабліва запалохаеш. Ну, хіба тых, каго ўпершыню „кідаюць на суткі“, — казала далей Сьмірнова. — Стаўленьне міліцыянтаў, якія працуюць у ізалятарах, стала больш цярпімым да пратэстоўцаў. Таго прэсінгу, які быў у 2011 годзе, калі я сядзела на „сутках“, ужо няма. Зьняважлівага стаўленьня няма, адзінае, што ў ізалятарах антысанітарыя, але мне дазвалялі браць бялізну з дому».

Мяцеліца: Захад на штрафы рэагуе менш востра, чым на арышты

Сябра грамадзкай кампаніі «Гавары праўду» бізнэсоўца Алега Мяцеліцу за выступ у Магілёве на мітынгу супраць дэкрэту № 3 пакаралі 12 суткамі арышту. Актывіст ня ўтойвае, што зьняволеньне сарвала ягоныя пляны і ён гатовы быў заплаціць штраф.

На ягоную думку, арышт пратэстоўцаў нявыгадны ўладзе і яна яго ўжывае ў выключных выпадках, напрыклад супраць арганізатараў і актыўных удзельнікаў.

Алег Мяцеліца (архіўнае фота, па вызваленьні з турмы)
Алег Мяцеліца (архіўнае фота, па вызваленьні з турмы)

«Калі садзяць актывістаў, то, пакуль яны ў няволі, за іхным лёсам пастаянна сочаць паплечнікі і журналісты. Такім чынам, зьняволеньнем справа не сканчаецца», — тлумачыў Мяцеліца.

«Арыштаваным нясуць перадачы, пра гэта пішацца. А калі раптам нехта аб’явіў галадоўку, то пагатоў агульная ўвага будзе прыцягнутая да галадоўніка. Заявы пра парушэньне правоў чалавека ўладу будуць нэрваваць, — лічыць актывіст. — А як далі штраф, то на гэтым усё скончылася. Акрамя таго, для Захаду штраф больш прымальная форма пакараньня, чым зьняволеньне. Назіральнікі за сытуацыяй у Беларусі ўспрымаюць арышт як відавочнае парушэньне правоў чалавека з адпаведным стаўленьнем і заявамі».

Наста Лойка: штрафаў і арыштаў прыкладна аднолькава

Абагуленай статыстыкі пра колькасьць аштрафаваных і тых, хто зьведаў адміністрацыйнае зьняволеньне ў 2017 годзе, пакуль няма. Факты перасьледу сабраныя праваабарончым цэнтрам «Вясна» ў адмысловай базе. Між тым у 2016 годзе праваабаронцы зафіксавалі 400 спраў, паводле якіх пратэстоўцаў аштрафавалі на суму блізу 150 тысяч эўра.

Праваабаронца Наста Лойка адзначае, што ёй цяжка вызначыць, чым кіруецца ўлада, караючы пратэстоўцаў. Супраць іх, кажа яна, прыкладна пароўну ўжываюць і штрафы, і арышты. Рэпрэсіі, якія адбываліся ў сакавіку, праваабаронца называе асобнай гісторыяй.

Наста Лойка
Наста Лойка

«Тэндэнцыя відавочная: улады хочуць запалохаць актывістаў, зьнівэляваць грамадзкую актыўнасьць, таму будуць і далей даваць арышты», — прагназуе Наста Лойка.

Увосень людзям дадуць пратэставаць, а потым будуць караць

Што да пэрспэктывы восеньскіх пратэстаў, то, на думку Лойкі, калі дэкрэт № 3 будзе адноўлены, акцыі пратэсту адновяцца, але яны будуць не настолькі маштабнымі, як увесну.

«Людзі баяцца рэпрэсіўных практык, аднак нейкая форма актыўнасьці ўсё ж будзе, — адзначае праваабаронца — Пратэстам ня будуць перашкаджаць, але па сканчэньні за іх будуць перасьледаваць, як тое назіраецца за акцыю папярэджаньня 8 верасьня. Людзям далі прайсьці праспэктам, а цяпер выклікаюць у міліцыю для складаньня пратаколаў. Такі сцэнар найбольш імаверны».

XS
SM
MD
LG