Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопца з украінскім сьцягам, які пратэставаў супраць вучэньняў «Захад-2017», пакаралі штрафам


Станіслаў Паўлінковіч падчас акцыі дае інтэрвію журналістцы Свабоды Аляксандры Дынько. Менск, 8 верасьня 2017 году

Ленінскі суд Магілёва пакараў штрафам у 20 базавых велічыняў (460 рублёў) сябра аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча.

Яго абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Паводле пастановы судзьдзі Аксаны Ратнікавай, Паўлінковіч удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, якая адбылася ў Менску 8 верасьня.

Прысуд актывіста зьдзівіў, бо ён чакаў адміністрацыйнага арышту. Вырак ён будзе абскарджваць і надалей будзе езьдзіць у Менск на акцыі пратэсту.

«Відаць пабаяліся міжнароднага розгаласу, таму не прысудзілі сутак. Наша ж партыя — сябра міжнародных арганізацыяў», — пракамэнтаваў прысуд Станіслаў Паўлінковіч.

Сваёй віны Паўлінковіч не прызнаў. Заявіў суду, што паехаў на акцыю папярэджваньня, каб выказаць пратэст супраць правядзеньня расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017», бо яны нясуць пагрозу сувэрэнітэту Беларусі. Ён дадаў, што акцыя была мірная і яе ўдзельнікі не парушалі грамадзкага парадку.

«У акцыі пратэсту бралі ўдзел патрыёты Беларусі, якія ня хочуць вайны, а хочуць лепшай будучыні для сваёй краіны», — казаў Паўлінковіч.

Ён нагадаў суду, што беларуская Канстытуцыя і міжнародныя акты, якія ратыфікавала Беларусь, гарантуюць яму права на выказваньне сваіх поглядаў праз удзел у мірных сходах, мітынгах і шэсьцях.

Магілёўскія міліцыянты, казаў ён, затрымаўшы яго, парушылі гэтае права. Актывіст прасіў суд прыцягнуць іх да адказнасьці.

Паводле Паўлінковіча, у ізалятары для часова затрыманых яго пакармілі толькі пасьля настойлівых патрабаваньняў. Ня выдалі пасьцельнай бялізны. Такое абыходжаньне з сабою актывіст назваў нялюдзкім і зьняважлівым. Паведаміў, што даслаў скаргу пракурору Магілёва.

Станіслаў Паўлінковіч
Станіслаў Паўлінковіч

З матэрыялаў справы вынікае, што адміністрацыйны працэс супраць Паўлінковіча быў распачаты па распараджэньні менскай міліцыі. Есьць адпаведны рапарт супрацоўніка РУУС Цэнтральнага раёну Менску палкоўніка Кротава.

Судзьдзя Аксана Ратнікава на працэсе прагледзела відэазапіс са свабодаўскім стрымам, які выкарысталі міліцыянты, каб распачаць працэс і зьвінаваціць Паўлінковіча ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. На запісе зафіксавана, як актывіст даваў інтэрвію карэспандэнтцы Радыё Свабода.

8 верасьня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя папярэджаньня супраць вучэньняў «Захад 2017».

XS
SM
MD
LG