Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве выйшаў на волю актывіст Алег Мяцеліца


Алег Мяцеліца, першыя імгненьні на свабодзе

У Магілёве пасьля 12 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на свабоду актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Алег Мяцеліца.

Жыхара Бялынічаў асудзілі за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў абласным цэнтры на Дзень канстытуцыі 15 сакавіка. Паводле выраку судзьдзі Сяргея Мазурава актывіст выступаў на мітынгу супраць дэкрэту№ 3.

Сустракалі Алега Мяцеліцу каля ізалятару для часова затрыманых родныя, паплечнікі па грамадзкай дзейнасьці, праваабаронцы ды журналісты. Зь Менску прыехала лідэрка камнаіі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

З паплечнікамі
З паплечнікамі

Паводле актывіста з асуджанымі за «Марш недармаедаў» у ізалятары ён не перасякаўся. Усіх рассадзілі па разных камэрах. Алег Мяцеліца адзначыў, што для арыштантаў дужа важным былі весткі з волі.

«Затрымлівалі пасьля пратэсту тых хто быў на ім актыўным, хто выступаў на мітынгу. Такія людзі для ўладаў небясьпечныя. Затрыманьні ж рабіліся таемна, каб не прыцягваць увагі прэсы», — казаў па вызваленьні Алег Мяцеліца.

«Мяне ўразіла, што людзі не баяліся браць мэгафон і казаць пра свае праблемы, — працягваў актывіст. — Мы ж прызвычаіліся, што выступаюць людзі, якія прыналежаць да нейкіх арганізацыяў. А на „Маршы дармаедаў“ выступалі менавіта простыя людзі: студэнтка, шматдзетная маці. Гэтым людзям ёсьць, што губляць, але яны не баяліся, бралі мэгафон і прамаўлялі».

Алег Мяцеліца на «Маршы недармаедаў»
Алег Мяцеліца на «Маршы недармаедаў»

У няволі застаюцца кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў, абласны каардынатар камітэту дзеля стварэньня партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя Алег Аксёнаў, чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада»​ Зьміцер Люнтаў і беспартыйны дзельнік акцыі пратэсту супраць дэкрэту №3 Ігар Чарак. Усіх асудзілі на 15 сутак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG