Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэлфі за кратамі. Два дні Галіны Сьмірновай у бабруйскім ізалятары і ў судзе


Cэлфі на фоне кратаў

Старшыня бабруйскай суполкі прафсаюзу РЭП і кіраўніца бабруйскай арганізацыі АГП Галіна Сьмірнова правяла дзьве ночы ў ізалятары і два дні судовых разбораў. І нават зрабіла сэлфі на фоне кратаў.

Галіну Сьмірнову абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 12 сакавіка на падставе ейных заяваў у гарвыканкам і пастоў у сацыяльных сетках. 9 сакавіка ў офісе АГП адбыўся ператрус. 12 сакавіка, за гадзіну да пачатку мітынгу, Галіну Сьмірнову затрымала міліцыя й да вечара трымала на допыце. Хоць позва на працяг допыту была выпісаная на 15 сакавіка, Галіну зноў затрымалі 13 сакавіка, дапыталі і да суду адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

— Умовы ў ізалятары жахлівыя — вельмі халодна, брыдка. Я карысталася сваёй бялізнай і коўдрай, хатнімі, на тамтэйшыя й глядзець страшна. У прыбіральню — па графіку двойчы ў дзень. А самае прыніжальнае — абавязковы вобшук штораніцы, калі прымушаюць разьдзявацца цалкам.

Галіна Сьмірнова на ганку Бабруйскага суду
Галіна Сьмірнова на ганку Бабруйскага суду

Але гэта парадкі такія, умовы нялюдзкія. Да саміх жа наглядчыкаў, адміністрацыі ізалятара ў мяне прэтэнзій ніякіх няма, — кажа Свабодзе Галіна. — Паводзілі яны сябе культурна, ставіліся нармальна, па-людзку. Без праблем дазволілі лішні раз выйсьці ў прыбіральню.

Напэўна, разумеюць усё.

Пры зьмяшчэньні ў ізалятар забіраюць тэлефоны. Калі Галіну Сьмірнову павезьлі на суд 14 сакавіка, тэлефон адразу вярнулі. Паколькі суд меўся працягнуцца на наступны дзень, зноў павезьлі начаваць у ізалятар і там зноў забралі тэлефон. Але пакуль усё афармлялі, Галіна пасьпела зрабіць сэлфі на фоне калідора й кратаў ізалятара.

— Гэта заўважылі, тут жа прыбеглі, прыгразілі пакараньнем за здымкі. Але, як сказалі, «на першы раз абмяжуемся папярэджаньнем».

Другога разу бліжэйшым часам не плянуецца — Галіне Сьмірновай досыць нечакана прысудзілі ня арышт, а штраф у 30 базавых адзінак і адпусьцілі дахаты.

Калі б яе і далей утрымлівалі пад вартай, ейны бацька, 89-гадовы Аляксандар Бурак штодня выходзіў бы на плошчу з адзіночным пікетам за вызваленьне палітвязьняў. Пра гэты намер ён заявіў раніцай 15 сакавіка.

Ля Бабруйскага суду. У цэнтры — Галіна Сьмірнова, над ёй Інга Судзілоўская, крайні зьлева Максім Буйніцкі з маці
Ля Бабруйскага суду. У цэнтры — Галіна Сьмірнова, над ёй Інга Судзілоўская, крайні зьлева Максім Буйніцкі з маці

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG