Кіраўнік ураду Каталёніі Карлэс Пудждэмон 10 верасьня абвясьціў, што да рэфэрэндуму «ўсё гатова» і «каталёнцы змогуць галасаваць». Насуперак пратэсту Мадрыду, у Каталёніі надрукавалі выбарчыя бюлетэні, сфармавалі сьпісы выбарнікаў, уладкавалі выбарчыя ўчасткі.
Паводле нядаўняга апытаньня каталёнцаў, 41,1% жыхароў рэгіёну падтрымалі незалежнасьць ад Гішпаніі, 49,9% — выказаліся супраць. Акрамя таго, 70 адсоткаў рэспандэнтаў сказалі, што хочуць, каб пытаньне аб незалежнасьці было ў рэшце рэшт урэгуляванае і зьнікла няпэўнасьць з гэтай нагоды.
Калі большасьць каталёнцаў скажуць на рэфэрэндуме «так», улады рэгіёну паабяцалі абвясьціць незалежнасьць на працягу 48 гадзін.
Рэгіён Каталёнія, недалёка ад мяжы з Францыяй, мае насельніцтва ў 7,5 мільёнаў чалавек. Да рэгіёну належыць вядомы турыстычны горад Барсэлёна. Каталёнія, якая мае статус «аўтаномнай супольнасьці», зьяўляецца часткай Гішпаніі з 15 стагодзьдзя. Аднак многія каталёнцы маюць горкія ўспаміны пра забарону на выкарыстаньне сваёй мовы падчас дыктатуры 1939-1975 гадоў генэрала Франка.
Каталёнцы спрабуюць здабыць незалежнасьць ад Гішпаніі прынамсі з пачатку XX стагодзьдзя.