Парлямэнт Каталёніі, аўтаномнай вобласьці Гішпаніі, 6 верасьня ўхваліў правядзеньне рэфэрэндуму аб самавызначэньні — аддзяленьні ад Гішпаніі. 72 са 135 парлямэнтароў прагаласавалі за тое, каб рэфэрэндум адбыўся, але 52 пакінулі памяшканьне на знак пратэсту ў канцы 11-гадзіннага абмеркаваньня, распавядае The Guardian.
Меркаваная дата правядзеньня рэфэрэндуму — 1 кастрычніка. Калі на рэфэрэндуме прагаласуюць за аддзяленьне, парлямэнт Каталёніі абяцае тут жа абвясьціць незалежнасьць вобласьці. Калі ж супраць — аб'явіць пазачарговыя выбары ў аўтаноміі.
Такі рэфэрэндум супярэчыць Канстытуцыі Гішпаніі, бо будзе праводзіцца бяз згоды Мадрыду. Гішпанскі ўрад назваў абвяшчэньне рэфэрэндуму «канстытуцыйным і дэмакратычным дзікунствам» і абяцаў зрабіць усё, што магчыма ў межах закону, каб рэфэрэндум не адбыўся.
Каталёнія спрабуе здабыць незалежнасьць ад Гішпаніі прынамсі з пачатку XX стагодзьдзя. Пры гішпанскім дыктатары Франка каталёнцы цярпелі прыцясьненьне і ў тым ліку здушэньне каталянскай мовы, пасьля ягонай сьмерці атрымалі шырокую аўтаномію, але не адмовіліся ад ідэі поўнай незалежнасьці.
У маштабным апытаньні 2014 году (апытвалі траціну аўтаноміі, больш за 2 млн чалавек) каля 80% каталёнцаў выказаліся за незалежнасьць). Тады хацелі правесьці рэфэрэндум аб незалежнасьці, але Канстытуцыйны суд Гішпаніі забараніў гэта — давялося абмежавацца апытаньнем.