Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік Макея — пра зьніклага ўкраінца, спрашчэньне візавага рэжыму і Ўсходняе партнэрства


Намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка (у цэнтры)
Намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка (у цэнтры)

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, які сёньня ўдзельнічае ў міжнароднай канфэрэнцыі «Будучыня „Ўсходняга партнэрства“ на тле росту рэгіянальнай турбулентнасьці», адказаў на пытаньні журналістаў, у тым ліку і Радыё Свабода.

Пра зьнікненьне ўкраінца Грыба

Прадстаўнік МЗС выказаў спадзеў, што сытуацыя са зьнікненьнем украінца Паўла Грыба «не прывядзе да абвастрэньня стасункаў паміж Беларусьсю і Ўкраінай».

«Беларускі бок робіць усё, што ад яго залежыць у гэтай сытуацыі. Праўда, яе трэба разглядаць у больш шырокай рэгіянальнай пэрспэктыве», — сказаў Краўчанка.

Пра спрашчэньне візавага рэжыму

Паводле намесьніка міністра замежных спраў Беларусі, чакаць хуткага спрашчэньня візавага рэжыму з Эўразьвязам і падпісаньня пагадненьня аб рэадмісіі не выпадае.

«Мы не чакаем, што падчас саміту „Ўсходняга партнэрства“ ў лістападзе ў Брусэлі Беларусь падпіша пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам. Яно будзе падпісанае пазьней», — сказаў ён.

Пра саміт Усходняга партнэрства

Алег Краўчанка ня здолеў адказаць на пытаньне, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю на саміце «Ўсходняга партнэрства»: «Пакуль запрашэньня на гэтае мерапрыемства з Брусэлю не паступала, і не толькі ў адрас Беларусі, але і іншых удзельнікаў. Калі яно паступіць, тады і будзем разглядаць гэтае пытаньне».

Прадстаўнік МЗС Беларусі таксама падзякаваў Эстоніі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, за ўвагу да эканамічных пытаньняў. «Раней эканоміцы ўдзялялася недастаткова ўвагі. Спадзяёмся, што з дапамогай Эстоніі гэтаму пытаньню будзе прыдадзеная новая дынаміка», — сказаў Краўчанка, дадаўшы, што на думку афіцыйнага Менску, эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках «Усходняга партнэрства» разьвіваецца недастаткова імкліва.

Аб правядзеньні саміту ня ў Таліне, а ў Брусэлі

«Шчыра кажучы, нічога ў гэтым я ня бачу. Дзе вырашылі эўрапейскія ўлады праводзіць, там няхай і праводзяць. Для нас няма ніякага значэньня, куды ехаць на дыскусію, ці гэта будзе Брусэль, ці гэта будзе Талін», — дадаў Алег Краўчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG