Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей заклікаў працягнуць дыялёг і супрацоўніцтва з Эўразьвязам


Уладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заклікаў Брусэль і эўрапейскія сталіцы працягнуць лінію на дыялёг і супрацоўніцтва зь Менскам у двухбаковым і шматбаковым фарматах.

Пра гэта кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства заявіў 9 чэрвеня на штогадовай сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін — сяброў Эўрапейскага Зьвязу і краін — удзельніц ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства» ў Люксэмбургу.

Паводле беларускага МЗС, Макей прывёў факты, якія пацьвярджаюць выніковасьць палітыкі ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і ЭЗ.

«Заклікаў Брусэль і эўрапейскія сталіцы працягнуць лінію на дыялёг і супрацоўніцтва зь Менскам у двухбаковым і шматбаковым фарматах. Са шкадаваньнем Макей канстатаваў факты вываду праблем у двухбаковых адносінах зь некаторымі краінамі — членамі ЭЗ на шматбаковыя пляцоўкі. У гэтым кантэксьце згадаў пытаньне будаўніцтва Беларускай АЭС, факты адмовы ў далучэньні Беларусі да некаторых канвэнцый Рады Эўропы. Адзначыў контрапрадуктыўнасьць выкарыстаньня прынцыпу салідарнасьці ў ЭЗ для аказаньня ціску на трэція краіны», — сказалі ў прэс-службе МЗС.

Макей выказаўся за захаваньне і разьвіцьцё «Ўсходняга партнэрства» як ініцыятывы, нацэленай на атрыманьне канкрэтных практычных вынікаў. Ён агучыў шэраг прапаноў беларускага боку ў справе падрыхтоўкі да саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі 24 лістапада.

Кіраўнік МЗС Беларусі ўзяў таксама ўдзел у асобнай сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін «Усходняга партнэрства» з высокім прадстаўніком ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, віцэ-старшынёй Эўрапейскай камісіі Фэдэрыка Магерыні і эўрапейскім камісарам па Эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні ЭЗ Ёганэсам Ганам.

«Асноўная ўвага на мерапрыемстве аддадзена абмеркаваньню вайскова-палітычнай сытуацыі ў рэгіёне, тэматыцы процідзеяньня глябальным пагрозам, уключаючы тэрарызм, кібэрзлачыннасьць і кліматычныя зьмены», — паведамляе МЗС.

Уладзімер Макей правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам эўрапейскіх структур і міністэрстваў замежных спраў краін ЭЗ і краін «Усходняга партнэрства».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG