Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь наведае прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця


Прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сума Чакрабарці

12 верасьня у Беларусь прылятае прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) Сума Чакрабарці. Падрыхтоўку да візыту, які будзе цягнуцца тры дні, сёньня абмяркоўвалі міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і кіраўнік прадстаўніцтва ЭБРР у Беларусі Аляксандар Піваварскі. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі.

Макей і Піваварскі падчас размовы «канстатавалі станоўчую дынаміку разьвіцьця супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з ЭБРР. Бакі таксама абмеркавалі ход рэалізацыі сумесных праектаў у фінансавым сэктары, у галіне транспарту, экалёгіі, аднаўляльнай энэргетыкі, прыватызацыі і кіраваньня дзяржаўнай уласнасьцю».

На сёньняшні дзень Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця зьяўляецца найбуйнейшым інстытуцыянальным інвэстарам у эканоміку Беларусі. Сумарны аб’ём апэрацый за ўвесь пэрыяд супрацоўніцтва ЭБРР і Беларусі набліжаецца да двух мільярдаў эўра.

XS
SM
MD
LG