Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правы сэктар» пра заяву вайсковага кіраўніцтва Беларусі: інфармацыйная правакацыя


Украінскі рух «Правы сэктар» заяўляе, што Беларусь «падыгрывае» Расеі ў агрэсіі супраць Украіны, запалохваючы інфармацыяй пра ўзброеныя групы іхнай арганізацыі.

«Наш Добраахвотніцкі ўкраінскі корпус гатовы да барацьбы з расейскаю нечысьцю дзе заўгодна, дзе яна можа зладзіць правакацыі. Але інфармацыю пра месцы разьмяшчэньня нашых хлопцаў і іхную колькасьць мы не разгалошваем», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар «Правага сэктару» Арцём Скарападзкі.

«Мы ведаем, што кіраўніцтва Беларусі падыгрывае Расеі ў вайне, якую тая вядзе з Украінаю. Але гэтую заяву прадстаўніка Міністэрства абароны Беларусі пра нібыта знаходжаньне 200 узброеных байцоў „Правага сэктару“ на поўначы Ровенскай вобласьці расцэньваем як інфармацыйную правакацыю», — дадаў Арцём Скарападзкі.

Начальнік беларускага Генштабу генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу 29 жніўня заявіў, што «вучэньні „Захад-2017“ праводзяцца ў вельмі складанай вонкавай сытуацыі», але «маюць выключна абарончы характар, іх правядзеньне не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці».

Алег Белаконеў згадаў, сярод іншага, маштабныя вучэньні NATO ў 2016 годзе на тэрыторыі Польшчы, у якіх было задзейнічана ў некалькі разоў больш сілаў і тэхнікі, чым плянуецца на вучэньнях «Захад-2017». Апроч таго, ён назваў вучэньні сілавых ведамстваў Украіны, якія адбыліся на тэрыторыі Валынскай вобласьці Ўкраіны на мяжы зь Беларусьсю з 29 ліпеня па 2 жніўня. А з 8 па 23 верасьня адбудуцца вучэньні шматнацыянальных узброеных сіл NATO «Хуткі трызубец-2017».

«На дадатак да гэтага з 11 па 20 верасьня ў паўночнай частцы Ровенскай вобласьці арганізацыя „Правы сэктар“ плянуе разьмясьціць узброеныя атрады ў агульнай колькасьці да 200 чалавек. Заяўленая мэта — не дапусьціць уварваньня падразьдзяленьняў Узброеных сіл Расеі з боку Беларусі», — сказаў Алег Белаконеў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG