Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўкраінскім палігоне за 70 кілямэтраў ад Беларусі пачаліся вайсковыя вучэньні


Ілюстрацыйнае фота

На тэрыторыі палігону паблізу мястэчка Ганчароўскага ў Чарнігаўскай вобласьці, што за 70 кілямэтраў да найбліжэйшага беларускага населенага пункту Камарын (Гомельская вобласьць), распачаліся вучэньні ўкраінскіх сухаземных войскаў.

«У пэрыяд з 29 жніўня па 1 верасьня на тэрыторыі палігону Ганчароўскае ў рамках падрыхтоўкі падразьдзяленьняў адбудзецца рух вайсковай тэхнікі і баявыя артылерыйскія стрэльбы», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні апэратыўнага камандаваньня «Поўнач».

Камандаваньне «Поўнач» ёсьць апэратыўным аб’яднаньнем сухаземных войскаў Узброеных сілаў Украіны, якое дзейнічае на тэрыторыі Жытомірскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чаркаскай і Чарнігаўскай абласьцей і Кіева.

Перад вучэньнямі штаб папярэдзіў мясцовых жыхароў пра небясьпеку знаходжаньня паблізу палігону, каб не дапусьціць «выпадкаў гібелі і траўмаваньня цывільных асобаў у выніку выкананьня баявых стрэльбаў».

Апэратыўны штаб таксама заклікаў грамадзян «паведамляць у праваахоўныя органы аб падазроных асобах побач з вайсковымі аб’ектамі ці ў месцах разьмяшчэньня войскаў».

На тэрыторыі Беларусі 14-20 верасьня пройдуць расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». У іх плянуецца задзейнічаць каля 13 тысяч вайскоўцаў. Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь 15 жніўня. Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА — Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.

Беларусь запрасіла для назіраньня за вучэньнямі на сваёй тэрыторыі па два назіральнікі зь сямі краінаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG