Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў абяцае бюджэтнікам налета заробак, ня меншы за 750 рублёў


Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

Сярэдні заробак бюджэтнікаў у 2018 годзе павінен скласьці ня меней за 750 рублёў. Пра гэта на паседжаньні Савету міністраў заявіў кіраўнік ураду Андрэй Кабякоў.

«Што тычыцца заработнай платы бюджэтнікаў, першапачаткова зыходзім з прадугледжаных праектам бюджэту рэсурсаў, — адзначыў Кабякоў. — Паводле кансэрватыўнага сцэнару тэмп росту ВУП асьцярожна ацэньваецца ў 101,2%. Пры гэтым сярэдняя зарплата ў бюджэтнай сфэры пралічваецца на ўзроўні 700 рублёў. Але мэтавы прагноз на 2018 год — 103,4% (рост ВУП). Калі даходы бюджэту будуць вышэйшыя за кансэрватыўны сцэнар, дадатковыя даходы акумулююцца ў рэзэрвовых фондах».

Андрэй Кабякоў выказвае спадзеў, што эканоміка зможа «згенэраваць» даходы фондаў у аб’ёме, дастатковым для падвышэньня сярэдняга заробку у наступным годзе ў бюджэтнай сфэры да ўзроўню ня менш за 750-760 рублёў і захаваць суадносіны да сярэдняга заробку па краіне на ўзроўні 75-76%.

«Але паралельна неабходна актыўна рэалізоўваць мерапрыемствы па аптымізацыі структуры і скарачэньні выдаткаў бюджэтных арганізацый, павелічэньню даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасьці, — заўважыў Кабякоў. — У праграме сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2016-2020 гады запісана, што суадносіны сярэдняй зарплаты ў бюджэтнай сфэры да сярэдняй па краіне павінны быць 80%. Мы пакуль знаходзімся толькі ў пачатку шляху па выкананьні палажэньняў праграмы».

Андрэй Кабякоў падкрэсьліў, што ў рэальным сэктары рост заробку павінен быць забясьпечаны ростам прадукцыйнасьці працы — любы дысбалянс небясьпечны сур’ёзным ціскам на валютны рынак і інфляцыю:

«Зьвязваньне грошай будзе адной з ключавых тэмаў, каб заробак у 1 тысячу рублёў не справакаваў рост спажывецкага імпарту і павышаны попыт на валюту», — падсумаваў кіраўнік ураду, папрасіўшы Міністэрства эканомікі падрыхтаваць захады дадатковага балянсаваньня ўнутранага попыту.

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба не сумняваецца, што ўжо па выніках сёлетняга году Нацыянальны статыстычны камітэт зафіксуе сярэдні заробак у памеры 1000 рублёў:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Зафіксуе таму, што так сказаў прэзыдэнт. Але чым вышэйшая пасада, тым больш падрасьце заробак. І таму такую прыбаўку найперш адчуюць кіраўнікі прадпрыемстваў, банкаў, высокія чыноўнікі. А бюджэтнікі гэтага росту амаль і не пабачаць. Сярэдні заробак — гэта як сярэдняя тэмпэратура ў лякарні. Таму правільна глядзець на так званы мэдыянны заробак, гэта значыць той прыбытак, які атрымлівае максымальная колькасьць людзей у краіне. Нашы чыноўнікі пра гэта цудоўна ведаюць. І таму Нацыянальны статыстычны камітэт спыніў публікацыю гэтых зьвестак. У выніку параўнаць два заробкі цяпер немагчыма. Сярэдні ўлады называюць, а мэдыянны ўтойваюць».

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у ліпені сярэдні налічаны заробак у Беларусі склаў 827,5 рубля. Мэдыянны заробак не называецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG