Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі мужчына напаў з нажом на мінакоў, параненыя 8 чалавек


Ілюстрацыйнае фота

19 жніўня каля 11 гадзін 20 хвілін у расейскім горадзе Сургуце невядомы мужчына, узброены нажом, рухаючыся па цэнтральных вуліцах горада, зьдзейсьніў напад на мінакоў, прычыніўшы 8 грамадзянам нажавыя раненьні.

Усе пацярпелыя былі шпіталізаваныя з раненьнямі рознай ступені цяжкасьці. Супрацоўнікі ППС, якія прыбылі на месца здарэньня, у мэтах спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў нападніка ўжылі зброю, у выніку чаго нападнік быў ліквідаваны.

Па факце здарэньня сьледчымі органамі Сьледчага камітэту Расейскай Фэдэрацыі ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу «Замах на забойства», паведамляе Сьледчы камітэт Расеі. У цяперашні час сьледчыя і крыміналісты рэгіянальнага СК Расеі працуюць на месцы здарэньня. Высьвятляюцца абставіны, матывы злачынства.

Вэрсія тэракту не зьяўляецца асноўнай пры расьсьледаваньні нападу на мінакоў у Сургуце. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на ўпраўленьне МУС па Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.

У паліцыі заявілі, што асоба злачынца «папярэдне высьветленая». Паводле дадзеных Сьледчага камітэту, гэта мясцовы жыхар 1994 году нараджэньня.

Правяраецца інфармацыя аб магчымым псыхічным разладзе злачынцы.

Падобны напад адбыўся напярэдадні ў фінскім горадзе Турку. У выніку нападу мужчыны, узброенага нажом, загінулі два чалавекі, восем чалавек былі параненыя. Інцыдэнт, пасьля атрыманай мінулай ноччу новай інфармацыі, расьсьледуецца як тэрарыстычны напад.

А ўвечары 17 жніўня ў Гішпаніі ў выніку двух нападаў — наездаў аўтамабілямі на мінакоў — загінулі 14 чалавек і больш за сто былі параненыя і траўмаваныя.

XS
SM
MD
LG