«Зразумела, што ўлада лічыць, што можа проста выгнаць мяне з інтэрнэту», — пракамэнтаваў сытуацыю ўладальнік сайту The Daily Stormer Эндру Англін.
The Daily Stormer страціў кантроль над дамэнам Dailystormer.com раней на гэтым тыдні пасьля таго, як Google і Godaddy адмовіліся ад яго абслугоўваньня.
Два рэгістратары дамэнаў такім чынам адказалі на кампанію ў сацыяльных сетках супраць сайту, якая пачалася пасьля гібелі жанчыны ў выніку сутыкненьняў прыхільнікаў перавагі белай расы ў Шарлотсьвілі, штат Вірджынія, і іх праціўнікаў. Сайт стаў недаступны 15 жніўня, але да раніцы 16 жніўня Daily Stormer вярнуўся ў інтэрнэт з расейскім дамэнам Dailystormer.ru. Чаму сайт быў недаступны пад гэтым дамэнным імем у канцы дня 16 жніўня, невядома.
16 жніўня соцсеткі Twitter і Facebook паведамілі, што заблякавалі акаўнты і выдалілі сайты, зьвязаныя з Daily Stormer, які садзейнічаў арганізацыі мітынгу ў Шарлотсьвілі, у выніку якога загінула 32-гадовая Хізэр Хэер і 19 чалавек былі параненыя. Гэта, у прыватнасьці, адбылося тады, калі чалавек на машыне ўрэзаўся ў групу людзей, якія пратэставалі супраць маршу ультраправых у Шарлотсьвілі 12 жніўня. Мужчыну было прад’яўленае абвінавачаньне ў забойстве.