Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даведаўся, што такое „ластаўка“». Расейскі псыхоляг Міхаіл Казлоў расказаў пра зьдзекі ў Кастрычніцкім РУУС Менску


Расейскі псыхоляг Міхаіл Казлоў

Расейскі псыхоляг Міхаіл Казлоў, якога 14 жніўня затрымалі падчас правядзеньня псыхалягічнага трэнінгу «Пераадоленьне» ў Менску праз падазрэньне ў махлярстве, адпушчаны без падпіскі пра нявыезд.

Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і зьбіраецца падаваць скаргу на кіраўніцтва Кастрычніцкага РУУС Менску — за фізычны і маральны гвалт.

Па тэлефоне ён расказаў Свабодзе пра акалічнасьці свайго затрыманьня, а таксама патлумачыў, чаму яго вінавацяць у сэксуальным падтэксьце заданьняў, якія ён дае на трэнінгах.

— Ці быў гвалт у дачыненьні вас з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў?

— Так, гвалт быў. Праўда, больш нікога не чапалі. Але, калі пасярэдзіне заняткаў зь дзікімі крыкамі ўварваліся супрацоўнікі МУС, некаторыя ўдзельніцы трэнінгу ледзь не страцілі прытомнасьць, давялося выклікаць «хуткую дапамогу». Калі мяне павалілі на падлогу, я падумаў, што адбылося непаразуменьне і стаў крычаць, што я грамадзянін Расеі і патрабую расейскага консула. Нягледзячы на гэта мяне пачалі біць — ботамі ў бок, пару разоў дубінкай па галаве. Пасьля начапілі кайданкі і пачалі падымаць за рукі — у мяне ніколі ў жыцьці раней не было такіх «прыемных» адчуваньняў. Гэта вельмі балюча папраўдзе. Пагражалі «ластаўкай». Я нават ня ведаў, што гэта такое. Толькі пасьля, у камэры, мне патлумачылі, што такое «ластаўка».

Гэта садыст канкрэтны. Ён біў мяне па патыліцы, біў нагамі, калі я спускаўся па лесьвіцы, крычаў на мяне.

​Сярод іх усіх я запомніў супрацоўніка з прозьвішчам Маісеенка, ён адказвае за наркакантроль у Кастрычніцкім раёне. Гэта садыст канкрэтны. Ён біў мяне па патыліцы, біў нагамі, калі я спускаўся па лесьвіцы, крычаў на мяне. Мяне жорсткімі штуршкамі закінулі ў «бобік» і адвезьлі ў Кастрычніцкі РУУС.

— Што адбывалася там?

— Там усё было даволі карэктна. Напэўна, на той момант ужо зразумелі, каго яны затрымалі. Усе бегалі, доўга раіліся. Гадзіны чатыры я сядзеў і чакаў. Пасьля мяне адвезьлі на наркаэкспэртызу, а пасьля — у камэру, дзе я правёў ноч. Раніцай мяне ветліва дапыталі, усё запісалі з маіх слоў правільна. Але, нягледзячы на тое, што ў мяне вельмі моцна балелі рукі, зноў начапілі кайданкі.

— На якіх умовах вас адпусьцілі?

Умяшалася расейская амбасада. Зь мяне проста вельмі карэктна зьнялі кайданкі, вярнулі дакумэнты і выпусьцілі з «малпоўні».

— Я так разумею, што ўмяшалася расейская амбасада. Зь мяне проста вельмі карэктна зьнялі кайданкі, вярнулі дакумэнты і выпусьцілі з «малпоўні». Ніякіх падпісак я не даваў. Таксама ня ведаю, які мой статус у гэтай справе. Але ў Расею выехаў без праблем. Хоць на ўсякі выпадак купіў чыгуначны квіток, але паехаў на машыне. Можа, і дарэмна я так перахваляваўся, але, калі шчыра, пасядзеўшы суткі ў «малпоўні», шмат прыходзіць у галаву цікавых думак.

— У чым вас вінавацілі?

— Яны спрабавалі абвінаваціць мяне ў самым розным. Такое адчуваньне, што спрабавалі зачапіцца хоць за нешта. Рабілі аналіз мачы на наркотыкі. Гучала нешта пра гандаль людзьмі. Але я ведаю, што я вельмі карэктна сябе заўсёды паводжу, не падкапаесься.

— У выніку само абвінавачваньне было пра замах на махлярства. Нібыта вы незаконна завалодалі 250 далярамі адной з удзельніц трэнінгу.

— Так, у гэтым мяне абвінавацілі. Зараз патлумачу, як усё адбылося. Прыйшоў муж адной з удзельніц трэнінгу. Ён схапіў за руку сваю жонку і пачаў крычаць, што я махляр. У выніку яны сышлі. Пасьля ён мне званіў і пагражаў, што падасьць заяву ў КДБ, калі маё агенцтва ня верне грошы, якія былі заплочаныя за трэнінг. Празь некалькі гадзін мяне затрымалі. Атрымліваецца, што беларуская міліцыя на глебе паклёпніцкай заявы сарвала афіцыйна арганізаванае мерапрыемства, напалохала удзельнікаў трэнінгу, а мяне затрымала на суткі. Да таго ж у заяве той напісана, што гэтая жанчына заплаціла мне 250 $ 14 жніўня, хоць насамрэч яна набывала квіток тры тыдні таму праз касу пасьля бясплатнага трэнінгу.

— Раскажыце, як арганізаваныя вашыя трэнінгі?

— Гэтым разам у мяне быў платны трохдзённы трэнінг, па 12 гадзін кожны дзень. Запіс туды адбываўся падчас папярэдняга бясплатнага трэнінгу месяц таму. Я папярэджваў, што мае трэнінгі дастаткова жорсткія, я выяўляю неэфэктыўныя моманты ў паводзінах людзей і адкрыта кажу пра гэта. Ня ўсе гэта могуць прыняць. Але мая задача — рэальна зварухнуць чалавека ў сфэрах асабістых адносінаў і фінансаў.

— Ці будзеце вы і далей праводзіць трэнінгі ў Менску?

Я працую ў Беларусі ўжо 9 гадоў. У мяне жонка беларуска, мае дзеці беларусы.

— Я працую ў Беларусі ўжо 9 гадоў. У мяне жонка беларуска, мае дзеці беларусы. Я гатовы працягваць трэнінгі ў Менску. Але я ня ведаю, як мяне сустрэнуць мясцовыя міліцэйскія падразьдзяленьні пасьля маёй крытыкі супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС. У любым разе мы маем намер напісаць скаргу ў пракуратуру на яго супрацоўнікаў — за неправамернае выкарыстаньне сілы і катаваньні. У мяне ўсё баліць да гэтага часу, расьцяжку цела мне зрабілі добрую.

— Вы называеце сябе кандыдатам у прэзыдэнты Расеі. Гэта сур’ёзна?

— Гэта вельмі сур’ёзна. У мяне ёсьць незарэгістраваная палітычная Партыя абароны пазычальнікаў «Крэдытная Амністыя». Я маю намер удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, разьлічваю на падтрымку, бо правы пазычальнікаў — вельмі важная тэма для Расеі. Калі я нешта абяцаю, то я дакладна гэта раблю.

— У Беларусі былі выпадкі, калі гвалтоўна арыштоўвалі кандыдатаў у прэзыдэнты. Вы ведаеце пра гэта?

У мяне сур’ёзныя прэтэнзіі да беларускай міліцыі.

— Я не сваруся на беларускія ўлады ў сваіх выступах. На расейскія таксама. Я сваруся на банкіраў і фінансістаў, якія абдзіраюць народ. Але ў мяне сур’ёзныя прэтэнзіі да беларускай міліцыі. І я гатовы пра гэта гаварыць.

— У верасьні 2016 году ў Расеі на вас падавалі заяву ў міліцыю за тое, што ў якасьці заданьняў для самаразьвіцьця прапаноўвалі сваім кліентам групавы сэкс або танцы голымі. Можаце гэта пракамэнтаваць?

— Групавога сэксу дакладна не было. Гэта паклёп. Але некаторым сьціплым жанчынам я даю заданьні, напрыклад, праехаць у мэтро ў задзірлівым выглядзе, але прыстойна, не аголенымі. Я шчыра кажу пра гэта перад пачаткам трэнінгу, людзі ведаюць пра гэта, калі набываюць квіткі. Таксама магу папрасіць станчыць нешта кшталту стрыптызу падчас заняткаў. Такое можа быць заданьне, але ўсё ў рамках прыстойнасьці. Там жа ўсе паўналетнія, відэазапісу не вядзецца. Таму, нягледзячы на тую заяву ў 2016 годзе, ніякіх справаў супраць мяне не завялі.

— Як вам беларусы, якія прыходзяць на трэнінгі?

— У Беларусі людзі вельмі сьціплыя. Усяго баяцца. Для беларусаў самае страшнае — што пра іх падумаюць іншыя. За 9 гадоў трэнінгаў я зразумеў: у вас застаецца шмат савецкасьці, нейкае жаданьне быць «харошымі» для ўсіх.

Міхаіл Казлоў працаваў псыхолягам расейскага тэлеканалу ТНТ і рэаліці-шоў «Дом-2». Праводзіць трэнінгі ў асабістым разьвіцьці, зь якімі ня раз прыяжджаў у Менск.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG