Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ абвясьціў новы конкурс на рэктара. Мінулы раз не атрымалася


14 жніўня Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт абвясьціў пра пачатак ад 10 жніўня конкурсу на пасаду рэктара. Апошні тэрмін падачы заявак — поўдзень 20 верасьня.

Шорт-ліст кандыдатаў маюць скласьці да 6 кастрычніка, выніковае рашэньне абяцаюць агучыць у сярэдзіне сьнежня. Чакаецца, што новы рэктар заступіць на пасаду ў першай чвэрці 2018 году. Пераможцу конкурсу працаўладкуюць на 5 гадоў, заробак і ўмовы паводле дамовы.

Асноўныя патрабаваньні да кваліфікацыі кандыдата на пасаду рэктара — доктарская ступень PhD або эквівалентная, 15 гадоў досьведу выкладаньня і навукова-дасьледчай дзейнасьці на ўнівэрсытэцкім узроўні, 5 гадоў досьведу працы на высокай кіроўнай пасадзе ў галіне вышэйшай адукацыі, досьвед працы са структурамі Эўразьвязу і эўрапейскімі праграмамі ці праектамі, валоданьне ангельскай мовай (беларуская ці расейская — як станоўчы фактар, але не абавязковыя). Нацыянальнасьць кандыдата ў патрабаваньнях ня згадваецца, веданьне рэгіянальнага кантэксту ці досьвед працы ва Ўсходняй Эўропе ці краінах Балтыі не абавязковы, а ўлічваецца як перавага.

Мінулы раз конкурс на пасаду рэктара ЭГУ быў публічна абвешчаны 22 лістапада 2016 году. Ён ажыцьцяўляўся пры падтрымцы кансалтынгавага агенцтва «Mercuri Urval» у Брусэлі і пад эгідай Швэдзкага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне разьвіцьця. Але камітэт у справе адбору кандыдатаў рэкамэндаваў перанесьці правядзеньне конкурсу на другую палову 2017 году. Чальцы правялі ў Вільні сумоўі з трыма з 29 кандыдатаў. Адзін з прэтэндэнтаў быў адабраны ў якасьці фінальнага кандыдата, зь ім былі распачатыя перамовы, аднак дамова не была заключана па згодзе бакоў. Камітэт прыйшоў да высновы, што на бягучым этапе ніводзін кандыдат ня можа быць прызначаны на пасаду рэктара.

Часовы выканаўца абавязкаў рэктара Ёрген Ёргенсэн, прызначаны ў верасьні 2016 году, раней пагадзіўся працягнуць працу на сваёй пасадзе да канца 2017-га. У траўні 2016 году сэнат ЭГУ палічыў неабходным адклікаць кіраўнікоў ВНУ, у тым ліку рэктара Дэйвіда Поліка, і ўвесьці антыкрызіснае кіраваньне, бо ЭГУ «стаў мішэньню для крытыкі, выкліканай неэфэктыўнасьцю мадэлі кіраваньня, якая склалася за апошнія гады, і дзеяньнямі асобных кіраўнікоў».

Гэта адбылося пасьля публікацыі ў СМІ вынікаў аўдыту ўнівэрсытэту кампаніяй Deloitte, якая ў тым ліку крытыкавала непразрыстасьць выбараў кіраўніцтва і вялізныя заробкі кіраўніцтва. ЭГУ ў сваю чаргу крытыкавала аўдыт Deloitte.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG