Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт у справе адбору кандыдатаў на пасаду рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ) у Вільні рэкамэндаваў Агульнаму сходу сузаснавальнікаў і Кіраўнічай радзе перанесьці правядзеньне конкурсу на другую палову 2017 году. Пра гэта паведамляе сайт навучальнай установы.

Міжнародны конкурс на пасаду рэктара ЭГУ быў публічна абвешчаны 22 лістапада 2016 году. Ён ажыцьцяўляўся пры падтрымцы кансалтынгавага агенцтва «Mercuri Urval» у Брусэлі і пад эгідай Швэдзкага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне разьвіцьця.

Камітэт па адборы быў сфармаваны з прадстаўнікоў адміністрацыі, Агульнага сходу сузаснавальнікаў, Кіраўнічай рады, Сэнату і студэнцкай супольнасьці ўнівэрсытэту. Агулам адбылося шэсьць паседжаньняў, у тым ліку праз тэлеканфэрэнцыі і вочныя сустрэчы.

7 сакавіка чальцы Камітэту па адборы правялі ў Вільні сумоўі з трыма з 29 кандыдатаў, якія падалі заяўкі. Адзін з прэтэндэнтаў быў адабраны ў якасьці фінальнага кандыдата, з ім былі распачатыя перамовы, аднак дамова не была заключана па згодзе бакоў. Камітэт прыйшоў да высновы, што на бягучым этапе ніводзін кадыдат ня можа быць прызначаны на пасаду рэктара. Камітэт па адборы рэкамэндаваў Агульнаму сходу сузаснавальнікаў і Кіраўнічай радзе перанесці правядзеньне конкурсу на другую палову году.

Часовы выканаўца абавязкаў рэктара Ёрген Ёргенсэн пагадзіўся працягнуць працу на сваёй пасадзе да канца 2017-га.

XS
SM
MD
LG